Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын трапіў у шпіталь
Журналіст-палітвязень Дзяніс Івашын трапіў у шпіталь. З Гродна ў калонію ў Магілёў яго прывезлі з высокай тэмпературай.
«Карантыну як такога не было, бо ў такім стане Дзяніс, натуральна, адразу патрапіў у шпіталь, — піша жонка Івашына Вольга. — Адчуваў сябе надта кепска, нават не мог нам пісаць. Але нашыя лісты ён атрымаў, то чакаем на вестачку ў хуткім часе».
Дзяніс Івашын — журналіст-расследвальнік. Яго арыштавалі пасля шэрагу артыкулаў пра былых «беркутаўцаў», якія пасля Майдана 2014 года ва Украіне ўладкаваліся ў сілавыя структуры ў Беларусі. Івашына вінавацілі па артыкуле аб «умяшанні ў дзейнасць міліцыі», але ў выніку прызналі вінаватым у «здрадзе радзіме». У верасні 2022-га ён быў асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц калоніі.
Палітвязня ўтрымлівалі ў гродзенскай турме № 1, дзе ў студзені сёлета моцна захварэў пасля таго, як трапіў у карцар. Цяпер ён у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.