• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Івашын працягвае абскарджваць свой арышт на Дзень Волі ў Мінску

    Гродзенскі журналіст, рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніс Івашын атрымаў чарговы адказ на сваю скаргу на незаконны арышт у сакавіку гэтага года.

    Спачатку Дзяніс Івашын абскардзіў рашэнне суда Фрунзенскага раёна Мінска, затым у красавіку суддзя Хаткевіч разглядаў скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі. А напрыканцы ліпеня адбылося судовае паседжанне Мінскага гарадскога суда, дзе разглядалася касацыйная скарга Івашына на незаконнае затрыманне і на судовае рашэнне першых дзвюх інстанцый.

    Нагадаем, Дзяніс Івашын быў затрыманы ў Мінску на Дзень Волі і асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас працэсу над Івашыным два разы перараблялі пратакол, таксама ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы доўга не хацелі казаць адвакату, прадстаўнікам СМІ, што прывезлі на працэс журналіста.

    — Прыйшоў адказ ад старшыні Мінскага гарадскога суда Паўла Крышановіча. Мне адмоўлена ў задавальненні маёй скаргі і пакінута ў сіле  рашэнне суда першай і другой інстанцыяў. Хачу сказаць некалькі словаў пра суддзю Крышановіча. Ён пачаў сваю кар’еру ў судовай сістэме ў 1994 годзе. Спачатку быў стажорам ў суддзе Цантральнага раёна Мінска, потым выконваў абавязкі суддзі, стаў неапасрэдна суддзёю, працаваў суддзёю ў Партызанскім раёне Мінска. І ўжо ў 2013 годзе паводле ўказу Лукашэнкі быў прызначаны старшынёй Мінскага гарадскога суда, — распавёў Івашын.

    Журналіст Дзяніс Івашын расказаў, што мае намер пісаць наглядную скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі:

    — Буду пісаць пра абсалютна неправамерны прысуд, злачынны прысуд супраць мяне. Я лічу, што праз такія рашэнні выносіцца забарона на прафесійную дзейнасць журналіста ў Беларусі, заплюшчваюцца вочы на злачынныя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На тое, як яны фальсіфікуюць, падрабляюць дакуманты, то бок займаюцца службовым падлогам — за гэта ўсё ёсць крымінальная адказнасць.  І ў прынцыпе дзеля гэтага я і працягваю займацца справай, хачу прайсці ўсю сістэму, назбіраць максімум прозвішчаў.  Я магу сказаць, што пазбавіцца дыктатуры можна, калі ні ў якіх абставінах не праяўляць канфармізм. Трэба змагацца за свае правы, адстойваць іх. Як журналіст я збіраю звесткі пра гэтых суддзяў, пра ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія робяць злачынствы. Мая задача — назбіраць максімум інфармацыі, распаўсюджваць яе і даваць натхненне іншым на змаганне з сістэмай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці