Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў затрыманы па крымінальнай справе
Андрэй Аляксандраў затрыманы ў межах крымінальнай справы, якую распачало ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску. Пра гэта распавяла адвакат журналіста. З яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Пазней стала вядома, што Андрэй Аляксандраў праходзіць падазраваным па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Рэпрэсіі супраць журналістаў у 2021 годзе (табліца, спіс арыштаваных)
Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску пракаментавалі затрыманне Андрэя Аляксандрава. «Указаны грамадзянін затрыманы ў сувязі з устанаўленнем датычнасьці да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што адбыліся на тэрыторыі горада Мінска. Цяпер яго статус — падазраваны», — паведаміла TUT.BY афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Кацярына Гарлінская.
Андрэй Аляксандраў перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня, «знайшоўся» — 13-га ў Кастрычніцкім РУУС Мінска.
Разам з Аляксандравым была затрыманая яго дзяўчына. Яна знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. Ірына таксама з’яўляецца падазраванай па крымінальнай справе, але следчыя не канкрэтызавалі, па якой.
***
Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 у Ніжнім Тагіле. Дзяцінства правёў у Паставах, там скончыў школу. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў ступень магістра медыяменеджмента ў Вестмінстэрскім універсітэце ў Лондане.
Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку.
У 2009–2012 гадах — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацый Index on Censorship і Article 19.
У 2015–2018 гадах — намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Заснавальнік інтэрнэт-праекта «Беларусский журнал».