Журналіст-фрылансер звярнулася ў ААН
Намеснік старшыні гомельскага аддзялення Беларускай асацыяцыі журналістаў, журналіст-фрылансер Ларыса Шчыракова паскардзілася ў Камітэт ААН па правах чалавека на парушэнне права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі (выказванне меркавання), а таксама права на абарону ў судзе (справядлівы суд).
Нагадаем, 12 сакавіка бягучага года суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок прысудзіў Ларысе Шчыраковай буйны штраф за супрацоўніцтва з польскім тэлеканалам «Белсат», дзе быў паказаны зняты ёю на цэнтральным гомельскім рынку рэпартаж пра праблемы прадпрымальнікаў.
«У Беларусі я прайшла ўсе ступені судовай абароны і ўсё безвынікова. А калі я звярнулася з нагляднай скаргай у пракуратуру, аказалася, што да гэтага часу скончыўся 6‑ці месячны тэрмін, які дзяржава адвяла для абскарджання адміністрацыйных пастаноў. Атрымліваецца, па «белсатаўскіх справах» абароны ў краіне няма, таму я выкарыстала адзіна магчымы міжнародны механізм абароны сваіх правоў», — заявіла журналіст.
Юрыст «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Леанід Судаленка, які меў даверанасць асацыяцыі прадстаўляць інтарэсы журналісткі ў судзе, заяўляе, што справа Ларысы Шчыраковай выявіла шэраг супярэчнасцяў нацыянальнага заканадаўства міжнародным дагаворам нашай краіны.
«Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі, наш жа нацыянальны Закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае саму сутнасць гэтага права. Кожны мае права свабодна выбіраць сабе абаронцу ў судзе, наш заканадавец абмежаваў гэта права выключна паслугамі адваката. Я ўпэўнены, што ў гэтай справе будуць устаноўлены пералічаныя парушэнні правоў журналіста», — падкрэсліў юрыст.
І хоць беларускія ўлады пакуль не рэагуюць на рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, гомельская журналістка-фрылансер лічыць, што пытанне выканання рашэнняў, якія прымаюцца ў Жэневе пытанне будучыні, на якую сёння трэба працаваць.
«Акрамя ўстанаўлення непасрэдных парушэнняў маіх правоў, у скарзе таксама пастаўлена пытанне аб абавязку ўрада Беларусі змяніць нацыянальнае заканадаўства такім чынам, што б практыка яго прымянення не прыводзіла ў далейшым да апісаных мною парушэнняў», — падвяла рысу Ларыса Шчыракова.