Журналіст-фрылансер з Гомеля мусіць сплаціць у бюджэт штрафаў на 70 мільёнаў
24 лютага суддзя Жлобінскага раённага суда Валянціна Сапонава аштрафавала гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага адразу па двух адміністрацыйных пратаколах за выраб прадукцыі СМІ для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі – 40 базавых велічыняў па кожным, што складае 16 мільёнаў 800 тысяч рублёў.
У першым сюжэце, паказаным 4 студзеня на тэлеканале “Белсат”, гаворка вялася пра флагман айчыннай індустрыі – Беларускі металургічны завод (БМЗ) у Жлобіне, – які апынуўся ў складаным эканамічным становішчы: працуе апошнія два гады са стратамі, персанал адпраўляе ў вымушаныя адпачынкі, змяншае рабочым розныя даплаты.
У другім сюжэце расповед вёўся пра вёску Рудзенка Жлобінскага раёна, дзе рэканструкцыя фермы цягнецца ўжо 10 гадоў. Мясцовыя працаўнікі паз’язджалі з вёскі ў пошуках новай працы, а рамонту жывёлагадоўчага памяшкання не бачна канца.
На разгляд апошняй адміністрацыйнай справы запрошаны былі ажно чатыры сведкі з Камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства (КСУП) “Пірэвіцкі”, уключна з кіраўніком гаспадаркі. Сведак з боку БМЗ наогул не было. Тлумачэнні даваў толькі аўтар пратакола, капітан міліцыі Аляксандр Раманенка.
“Усе падобныя суды – не што іншае, як адмысловая замова супраць мяне асабіста. Таму мяне і пераследуюць”, – лічыць Кастусь Жукоўскі.
Журналіста-фрылансера сёлета ўжо тройчы штрафавалі паводле аналагічных адміністрацыйных пратаколаў з міліцыі – у Калінкавіцкім, Кармянскім і Буда-Кашалёўскім судах.
Летась раённыя суды Гомельскай вобласці шэсць разоў выносілі падобныя адміністрацыйныя пастановы ў дачыненні да Жукоўскага.
Агулам ён мае сплаціць цяпер у бюджэт нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі 70 мільёнаў 350 тысяч рублёў.