Журналіст-фрылансер Віталь Скрыль: “Пыталіся, ці не я фінансаваў масавыя пратэсты ў Віцебску”
Журналіста-фрылансера Віталя Скрыля выклікалі ў Следчы камітэт, каб апытаць пра сутыкненні мірных пратэстоўцаў з міліцыянтамі 6 верасня.
— Апытвалі ў якасці сведкі ў крымінальнай справе. Удакладнялі, што я рабіў 6 верасня і дзе знаходзіўся.
Спыталі, ці фінансаваў я гэтыя беспарадкі і ці плацілі мне што-небудзь. Следчага цікавіла, ці здымаў я тыя падзеі на тэлефон і дзе той тэлефон.
Пытанняў было няшмат, але ўжо тое, што ёсць нейкая крымінальная справа, і нібыта журналісты могуць мець да гэтага дачыненне — непрыемна, — распавёў пасля візіту ў СК Віталь Скрыль.
Паводле журналіста, прадстаўнік Cледчага камітэта не назваў імёнаў і прозвішчаў падазраваных. Таму ўсё яшчэ дакладна невядома, у дачыненні да каго распачатая крымінальная справа пасля падзей 6 верасня. У той дзень у Віцебску адбыліся два сутыкненні з міліцыянтамі падчас маршу пратэсту: на вуліцы Леніна і на вуліцы Праўды, дзе супрацоўнікі МУС упершыню ўжылі слезацечны газ супраць удзельнікаў шэсця. Але ў відэаролік, зроблены для тэлеграм-канала «Милиция Витебщины», гэтыя кадры не трапілі. Больш за тое: у міліцэйскім тэлеграм-канале з’явіўся допіс пра тое, што не міліцыянт, а адзін з удзельнікаў мірнага шэсця ўжыў газ супраць супрацоўнікаў міліцыі. І што адзін з пратэстоўцаў “нанёс удар у галаву супрацоўніку міліцыі», менавіта па гэтым факце распачатая крымінальная справа.
На мінулым тыдні ў Следчы камітэт выклікалі некалькі жыхароў Віцебска, якіх апазналі на аператыўных відэаздымках. У іх пыталіся пра ўдзел у пратэстных акцыях, пра тое, на якія тэлеграм-каналы гэтыя людзі падпісаныя, і ці не здымалі яны на мабільныя тэлефоны падзеі.