Журналіст-фрылансер пайшоў у ДАІ забіраць пасведчанне кіроўцы, а апынуўся ў шпіталі
Шэсць гадзін трымалі ў Гомельскай абласной дзяржаўтаінспекцыі журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, які 20 ліпеня прыйшоў сюды, каб вярнуць пасведчанне кіроўцы пасля пазбаўлення на год.
У ДАІ Жукоўскага абвінавацілі ў дробным хуліганстве, адвезлі ў Чыгуначны РАУС, а пасля і ў суд Чыгуначнага раёна. Але праз высокі ціск і скаргі на боль перанакіравалі ў шпіталь хуткай медычнай дапамогі.
Прадстаўніца Гомельскай філіі ГА “Беларуская асацыцыя журналістаў” Марыя Шыманоўская высвятляла ў аператыўнага дзяжурнага ДАІ Станіслава Барысюка прычыну затрымання незалежнага журналіста. Дзяжурны патлумачыў, што Жукоўскі затрыманы за дробнае хуліганства паводле артыкула 17.1 КаАП. У чым гэта выявілася, аператыўны дзяжурны патлумачыць не змог.
У ДАІ з Кастусём была і ягоная жонка Алена Жукоўская. Яна паведаміла Службе маніторынгу ГА “БАЖ”, што муж прывёз у ДАІ патрэбную медычную даведку на допуск да кіравання аўтамашынай. Заадно меўся азнаёміцца з адміністрацыйнай справай, заведзенай год таму, калі даішнікі затрымлівалі Жукоўскага і прыкавалі яго кайданкамі да дрэва на той падставе, што ён не прыехаў у Добруш, дзе парушыў правілы дарожнага руху.
“Шэраг аркушаў справы былі закрытыя белымі аркушамі паперы, прымацаванымі шпількамі стэплера. Кастусь меўся паглядзець, якія дакументы схаваныя за белымі аркушамі. Натуральна, адарваў іх ад шпілек. Гэта было расцэнена супрацоўніцай ДАІ як дробнае хуліганства”, — расказала Алена, жонка Жукоўскага.
Праз пяць гадзін “хулігана” Жукоўскага міліцыя даставіла ў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Але з машыны Кастусь самастойна выйсці ўжо не змог. У яго падняўся ціск, тэмпература і разбалеўся бок.
З будынка суда Жукоўскага адвезлі ў шпіталь хуткай медычнай дапамогі, дзе ён здаў прызначаныя аналізы і прайшоў абследаванне на апараце ўльтрагукавой дыягностыкі. Увечары Жукоўскага адпусцілі дадому, прызначыўшы яму пасцельны рэжым.
“Гэта быў дзень міліцэйскага здзеку. Мяне нават не пускалі ў прыбіральню. Выклікалі супрацоўніка Следчага камітэта, каб завёў на мяне крымінальную справу. Маўляў, у ДАІ я парваў дакументы, бегаў з імі ў памяшканні, паралізаваў працу дзяржаўтаінспекцыі”, — патлумачыў Жукоўскі прэтэнзіі да сябе з боку ДАІ.
Ці будзе міліцыя нанова падаваць у суд адміністрацыйны пратакол, складзены ў дачыненні да Жукоўскага нібыта за дробнае хуліганства, пакуль невядома.