Журналіст Дзяніс Івашын прызнаны палітвязнем
Гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі «Беркута» паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Таксама ён з'яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм».
Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 24 сакавіка 2021 г.
12 сакавіка супрацоўнікамі КДБ Беларусі быў затрыманы журналіст з Гародні Дзяніс Івашын, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. У Беларусі ён супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты «Новы Час». Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі “Беркут” паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Таксама ён з’яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм».
У той жа дзень 12 сакавіка сілавікамі былі праведзены вобшукі ў кватэры журналіста, дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка адбыўся вобшук у яго 95-гадовай бабулі.
У дачыненні да Дзяніса Івашына была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.
20 сакавіка стала вядома, што Дзянісу Івашыну прад’явілі абвінавачванне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса, нібыта, за уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы.
У сувязі з абраннем журналісту Дзянісу Івашыну меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай і з прад’яўленнем яму абвінавачванняў па арт. 365 КК мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:
Дзейнасць Дзяніса Івашына ў якасці журналіста пры правядзенні журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі «Беркут» ў складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) пераследвала легітымную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая прадстаўляе сацыяльную значнасць.
Інфармацыя для правядзення журналісцкага расследавання бралася з адкрытых крыніц.
У адпаведнасці з п. 30 Заўваг агульнага парадку Камітэта ААН па правах чалавека № 34. «Артыкул 19: Свабода меркаванняў і іх выказвання» дзяржавам-удзельніцам неабходна вельмі старанна падыходзіць да забеспячэння строгага выканання патрабаванняў пункта 3 арт. 19 МПГПП ў працэсе распрацоўкі і прымянення законаў, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю ці іншых сфер. Напрыклад, парушэнне пункта 3 уяўляе сабой спасылкі на такія законы, з тым каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспеке, а таксама каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.
Такім чынам, гэтыя дзеянні з’яўляюцца негвалтоўнай рэалізацыяй свабоды пошуку і распаўсюдыі інфармацыі, трапляюць пад абарону арт. 19 МПГПП і іх нельга кваліфікаваць як «уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці».
У гэтым кантэксце лічым ўтрыманне пад вартай Дзяніса Івашына палітычна матываваным, а яго самаго палітычным зняволеным ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
-
Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з‑пад варты Дзяніса Івашына і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.
-
Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА «Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дакументацыйны цэнтр