Журналіст БелаПАН: Паводзінам прарэктара трэба даць прававую ацэнку
2 снежня журналістам пры асвятленні вулічнага “Маршу студэнтаў” у Мінску замінаў працаваць мужчына, якога пазней калегі ідэнтыфікавалі як прарэктара БДУ па адміністратыўна-гаспадарчай працы Уладзіміра Рагавіцкага.
У прыватнасці, каля ўваходу ва ўнутраны двор БДУ ён пачаў нападаць на журналістаў з камерамі: Васіля Сямашку з БелаПАН і Вадзіма Заміроўскага з TUT.by.
На відэа nn.by можна пабачыць гэты інцыдэнт і пачуць дыялог: “ Што вы нападаеце на журналістаў? – А што ты мяне здымаеш? Давай я цябе здыму!”
У гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” Васіль Сямашка прызнаўся, што спачатку палічыў нападніка за нейкага “неадэквата”, якому сапраўды не падабалася, што ён трапіў у кадр.
– Там было шмат людзей, у тым ліку звычайных мінакоў. Хто не хацеў трапляць у кадр – праходзіў міма. Але ён пачаў спецыяльна правакаваць, наскокваць на журналістаў. Спрабаваў па маёй камеры ўдарыць, – распавёў Васіль Сямашка.
– На словах ён супраціўляўся таму, што яго здымаюць. Але насамрэч – ад самага пачатку быў агрэсіўна настроены. Як толькі мы са студэнтамі падышлі – адразу ж накінуўся на Сямашку. Потым пераключыўся на мяне, але я локцем захінуў камеру і папярэдзіў, каб ён спыніўся, – дадаў Вадзім Заміроўскі.
Паводле журналістаў, пісаць заявы ў міліцыю ў якасці пацярпелых яны не збіраюцца. “Магчыма, напішу заяву, каб дзеянням гэтага чалавека далі прававую ацэнку”, – кажа Васіль Сямашка.
– У БДУ ёсць факультэт журналістыкі. Але тое, што адказны супрацоўнік універсітэта так сябе паводзіць, сведчыць пра поўнае неразуменне сутнасці нашай прафесіі. Добра было б, каб кіраўніцтва БДУ патлумачыла прарэктару, як трэба сябе паводзіць з прэсай.
У «Маршы студэнтаў» узялі ўдзел каля сотні чалавек. Студэнты розных факультэтаў БДУ пратэставалі супраць увядзення платнай пераздачы іспытаў і патрабавалі пашырэння акадэмічных свабод.