Журналіст Арцём Маёраў арыштаваны на 15 сутак
Журналісту Арцёму Маёраву далі 15 сутак арышту. Судзілі яго па артыкуле "дробнае хуліганства".
Журналіст быў затрыманы раніцай 18 траўня ў будынку, дзе знаходзіцца рэдакцыя партала TUT.BY. Цэлы дзень не было вядома, дзе знаходзіцца затрыманы журналіст. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства — арт. 19.1 КаАП.
У пратаколе сказана, што міліцыянт заўважыў Маёрава і хацеў паклікаць яго на прафілактычную размову. А журналіст пры размове нібыта лаяўся і размахваў рукамі.
Рашэнне па справе ў дачыненні да журналіста Арцёма Маёрава было агучана 21 мая. Да гэтага часу Арцём знаходзіўся ў ІЧУ.
Разглядала справу суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Матыль.
Горкая іронія ў тым, што ў 2012 годзе гэтая ж суддзя разглядала справу ў дачыненні да Паўла Свярдлова — цяпер галоўнага рэдактара «Еўрарадыё», а ў той час — карэспандэнта. За тое ж «дробнае хуліганства» яму тады далі 15 сутак, паведамляе «Еўрарадыё».