Журналіст Аляксей Дзікавіцкі: «У БССР палешукі былі людзьмі трэцяга гатунку»
Мова палешукоў — беларуская, украінская, тутэйшая, палеская? Аўтаномія для Палесся — норма ці раскольніцтва? Што значыць «нэмавістышчо» і хто такі «крутэль»? Па адказы звярнуліся да Аляксея Дзікавіцкага, аўтара ўнікальнага зборніка «Оньдэ».
У нас часцяком злоўжываюць словам «унікальны», асабліва датычна кніг ці мастацкіх твораў. Кожны твор — унікальны, тады ў чым сэнс тэрміна?.. Насамрэч зборнік вершаў і эсэ «Оньдэ», напісаны палескай мовай, сапраўды не мае аналагаў.
Разам з аўтарам мы вырашылі разабрацца з таямніцамі загадкавай мовы, на якой дагэтуль гавораць у ваколіцах Пінска і Брэста.
«Мы білорусы, алэ говорымо по-нашому»
— Палеская мова — гаворка, дыялект украінскай ці беларускай — ці цалкам самастойная мова?
— Лепш задаць гэтае пытанне філолагам. Для мяне гэта родная мова, на якой я размаўляў — выключна на ёй — да 7 гадоў.
— Як гэтую мову называлі людзі, якія на ёй гутарылі ўсё жыццё — Вашы сваякі, суседзі?
— Хутчэй наша, тутэйшая: «Говорымо по-нашому», — так казалі. Ніколі не чуў, каб нехта сказаў: «Гаворым па-палеску».
Фота Яраслава Іванюка
— Кім сябе лічаць носьбіты мовы — беларусамі, украінцамі, палешукамі ці …?
— Хутчэй тутэйшымі, калі верыць працам этнографаў. У наш час, у другой палове 2010‑х, я адмыслова пытаўся пра нацыянальную адзнаку. Кажуць: «Мы білорусы, алэ говорымо по-нашому», — вось так. Не кажу пра сацыялогію, але ніводзін чалавек з тых, з кім я гутарыў, не назваўся некім іншым, апроч як беларусам.
— Этнограф Карскі не залічваў ваколіцы Берасця і Пінска да этнічных беларускіх тэрыторыяў: акурат праз мову. Этнічна рэгіён, які гутарыць на палескай мове — гэта Беларусь?
— Магу выказаць толькі свае думкі, не падтрыманыя навуковымі звесткамі. У этнакультурным плане Палессе вельмі адрозніваецца ад Панямоння, Падняпроўя ці Цэнтральнай Беларусі.
Але ментальна палешукі бліжэй да беларусаў, чым да некага іншага. Хай гэта будзе адказам тым, хто ўвесь час кажа, што палешукі, маўляў, гэта ўкраінцы.
Перадзел межаў — глупства. Культурная аўтаномія — чаму не?
— На пачатку 1990‑х існаваў яцвяжскі рух, які прасоўваў ідэю асобнай паляшуцкай дзяржавы. Ці варта Палессю мець хаця б статус аўтаноміі або — гэта лішняе?
— Добра памятаю гэты рух. Быў на сходах, фестывалях, чытаў газету. Меў нават сцяг, саматужна пашыты… Да этнакультурнай аўтаноміі стаўлюся пазітыўна. Любая нармальная дзяржава, калі бачыць, што ў яе складзе ёсць адметны рэгіён, павінна гэтаму толькі спрыяць. Бо гэта нацыянальнае багацце.
Што ж тычыцца таго руху, то на 99% гэта быў праект яшчэ савецкага КДБ. Каб стварыць нешта тыпу Прыднястроўя ці Карабаха, пасварыць народы. Колішні лідар таго руху Мікола Шаляговіч цяпер жыве ў Расіі… Ніякай асобнай дзяржавы тут не трэба. Украінскае Палессе хай застаецца ва Украіне, Беларускае Палессе — у Беларусі, Падляшша — у Польшчы. Ні пра які перадзел межаў гаворка не ідзе. Гэта глупства.
Але ў плане культурнай аўтаноміі — чаму не? Чым дрэнна, каб шыльды з назвамі вёсак былі падпісаныя па-палеску? Іх столькі разоў перакручвалі: па-беларуску, па-руску — і так, і так гучыць ненатуральна. Гэтак было б правільна з боку беларускай дзяржавы. Канечне, мы гаворым пра новую дзяржаву, бо сённяшнюю і беларускай назваць цяжка.
— Як да кнігі паставіліся Вашы землякі? Ці трымалі ўжо ў руках?
— Калі я пісаў кнігу, галоўнай задачай было — зладзіць прэзентацыю на дзедавым падворку, дзе я вырас. Сесці разам з героямі кнігі, абмеркаваць. На жаль, зараз гэта немагчыма. Агулам я правёў 14 прэзентацыяў: у Чэхіі, Польшчы, Украіне. У Беларусі пакуль не. Але землякам кнігу перасылаў. Калі кніга была на стадыі напісання, мясцовыя ставіліся скептычна. Усміхаліся, маўляў, у мяне ў варшавах «дах зйыхав».
А чаму так? У БССР было так. Чалаве, які гаворыць «на чістом русском» — першы гатунак. Па-беларуску — другі гатунак. Палешукі не гаварылі ні так ні гэтак. Таму — людзі трэцяга гатунку… Калі беларусы прыязджалі ў горад з вёскі і як хутчэй стараліся пазбыцца акцэнту, то палешукі тым больш. Праз гэта мае землякі і не верылі, што напісаць і выдаць кнігу на нашай мове — магчыма.
«Зважтэ мэны півкіло кувбаскы»
— Якія перспектывы ў палескай мовы? Ці ёсць шанц, што яна не памрэ разам са сваімі носьбітамі старэйшага веку?
— Мне падаецца, што палеская гаворка — гаворкі! — маюць перспектыву. Чаму я ў гэта веру? Калі я пасля 2016-га прылятаў у Мінск і там гаварыў па-беларуску, мне час-почас адказвалі: «Говоріте нормально». Пасля я ехаў у Пінск. Таксама апрануты: касцюм, партфель, то-бок бачна было, што я не трактарыст з суседняга калгасу.
І вось, кажу да прадавачкі ў краме ўжо па-нашаму: «Зважтэ мэны півкіло кувбаскы». Тая нават вокам не павяла, успрыняла як норму. Пінск не вялізны мегаполіс, але і не вёска. Там гэтую мову разумеюць, талеруюць. Дай Бог, каб Беларусь змянілася, і змянілася моўная палітыка. Тады і гаворка будзе жыць.
— Ці маглі б Вы ўзгадаць некалькі любімых словаў «по-нашому»?
— Ну, вось літаральна некалькі:
«Оньдэ» — «вось тут» або «толькі што». «Оньдэ лэжыць» — вось тут ляжыць. «Оньдэ прыйшов» — «толькі што прыйшоў».
«Нэмавістышчо» — «невядома што». Бог ведае што. «Шчо ты нэмавістышчо выробляеш?» — гэта калі чалавек робіць дурніцы.
«Крутэль» — той, хто не можа ўсядзець на месцы. Бабуля на мяне казала: «Крутэль ты. Нэ можэш всыдыты на місці!»