• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Аляксандр Баразенка — пра працу на вайне: «Ніколі не забівай у сабе страх — ён твой запасны парашут»

    Аляксандр Баразенка — журналіст і відэааператар, які нарадзіўся і вырас у Пінску. Ужо тры гады, як па-за радзімай. Ён адзін з нямногіх беларускіх журналістаў, які з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну трапіў у самае пекла вайны, стаў сведкам таго, як мужна змагаліся салдаты, як гінулі мірныя людзі, як пусцелі зруйнаваныя гарады і вёскі... На жахі вайны ён глядзеў праз аб’ектыў, каб занатаваць, передаць жудасныя кадры іншым, захаваць для гісторыі.

    Пра тое, чаму не стаў дыпламатам і прыйшоў у журналістыку, з чаго для яго пачыналася Украіна і ці патрэбна уключаць страх на вайне, які першы сюжэт здыме па вяртанні дадому, Аляксандр Баразенка распавёў Media-Polesye.by.

    Аляксандр Баразенка нарадзіўся ў з Пінску у 1988‑м годзе. Вучыўся ў школе №11 з паглыбленай нямецкай мовай, потым на факультэце міжнародных адносінаў БДУ. З універсітэту быў адлічаны пасля першага адміністрацыйнага арышту, які атрымаў за сваю палітычную пазіцыю.

    Быў вымушаны з’ехаць у Польшчу. Пазней, прыехаўшы ў Беларусь, прыняў удзел у акцыі пратэсту. Адсядзеў 15 содняў. Пасля вярнуўся ва Ўроцлаў. Там даведаўся, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

    Вярнуўся летам 2008 у Беларусь. Патрапіў у СІЗА на Валадарскага. Зімой 2009 быў асуджаны на год хатняй хіміі. У траўні 2009 вызваліўся па амністыі і праз 2 месяцы ўладкаваўся на “Белсат”, дзе працуе і зараз.

    – Аляксандр, як ты прыйшоў у СМІ: гэта выпадковасць або свядомы выбар?

    – Гэта хутчэй выпадковасць. У школьным узросце займаўся фота- і відэаздымкамі. У момант, калі заканчвалася “хатняя хімія”, атрымаў прапанову паспрабаваць сябе як рэгіянальны карэспандэнт “Белсату”. Уцягнуўся, а праз 8 месяцаў ужо перавёўся ў Менск, шукаючы “двіжа” і падзеяў, важных для ўсёй Беларусі.

    – Калі ты апошні раз быў у Пінску? Што для цябе родны горад, людзі?

    – У Пінску быў апошні раз у 2020‑м, у канцы года. Быў пад уражаннем: родны горад адкрыўся для мяне з іншага боку, бо пінчукі аказалі моцны супраціў у часе пратэстаў у жніўні 2020-га…

    Родны горад для мяне – гэта змешаныя ўспаміны: на мой час прыпала абсалютная цішыня ў выразе пінчукамі сваёй думкі. Пінск выглядаў багнаю, дзе палешукі, кожны на сваім хутары, змагаліся з жыццём і нават не думалі, што можа стаць лепш, калі нешта зменіцца там, зверху. Але 2020 паказаў маю малую Радзіму інакш. Палешукі, даведзеныя да адчаю, паўсталі героямі, паказалі, што гатовыя да дзеянняў… і не будуць хавацца ў агурковых цяпліцах.

    – Выехаўшы з краіны, мы губляем роднасныя і сяброўскія сувязі. Як у цябе ў гэтым плане? Па чым/кім у цябе баліць душа?

    – Душа баліць па доме. Дом – гэта не пабудова. Не адрэса. Гэта, перш за ўсё, сям’я. Гэта бацькі і брат. Цёця, дзядзя і дваюродная сястра. Мае найбліжэйшыя людзі. Гэта сябры, з якімі разам са школы, з БДУ. Гэта хлопцы і дзяўчыны з фан-клубу Unit­ed­Be­larus SC. Мне не хапае маіх людзей. Беларусь – гэта беларусы.

    – Як для цябе пачалася вайна ва Украіне?

    – Мая вайна ва Украіне пачалася ў 2014‑м. Я працаваў на Майдане. Фармаванне народнага супраціву, забойствы “нябеснай сотні”, перамога Майдану – усё адбывалася на маіх вачах. Пры развіцці сітуацыі з’явілася разуменне, што Кіевам усё не скончыцца… Далей у мяне не было выбару. Дакладней, я сам сабе яго не пакінуў…

    Маі лёс, жыццё, кар’ера павязаныя з Украінаю. Я не могу кінуць гэта з часу акупацыі Крыма. Калі “іхтамнеты” займалі Данецк, Луганск, Горлаўку, я таксама мусіў быць там і быць сведкам таго, як разганяюцца падзеі, якія стануць самымі страшнымі ў гісторыі сучаснай Еўропы…

    – Раскажы, як ты прыняў рашэнне паехаць ў зону баявых дзеянняў?

    – Выбару і “рашэння” не было… Дакладней, яго не было з 2013-га. Майдан і мая праца там павязалі мяне з Украінаю да канца.

    Я не спынюся, пакуль будзе змагацца гэтая краіна. Буду побач з ёю, на кожным ейным кавалку фронта.

    – Якія журналісцкія якасці трэба было ўключаць, каб і паўнавартасна выконваць сваю працу, і захоўваць бяспеку?

    – Хутчэй не выключаць. Не выключай журналіста, нават калі ведаеш, на чыім баку праўда, хто дабро, а хто зло. Будзь аб’ектыўным нават у момантах, калі разумееш, што “лепш прамаўчаць”. Абстрагуйся. Але заставайся на баку дабра. Цяжкае балансаванне, але яно таго вартае.

    Уключаць трэба страх. Так, гучыць дзіўна. Але гэта галоўнае правіла: як толькі вы пачынаеце адчуваць бясстрашша, то валіце з зоны баявых дзеянняў у тую ж хвіліну. Ну, і вучыце такМед. Усяму астатняму навучыцеся ў працэсе.

    – У тваіх фатаграфіях и відэасюжэтах адлюстраваны глыбокі трагізм ваенных падзей… Як псіхалагічна спраўляўся з убачанымі жахамі, якія трапілі, у тым ліку, у аб’ектыў?

    – Страх адбіваецца гумарам. Часам занадта жорсткім, нават каб яго рэтрансляваць. Калі б дактары чулі, пра што і як жартуюць журналісты на месцы жорсткіх і часам трагічных падзеяў, яны былі б у шоку.

    Мы закрываемся часам самым тупым і недарэчным жартам, каб не пускаць страшную рэчаіснасць унутр сябе. Бо заўтра – новая праца і, можа, яшчэ больш страшная рэчаіснасць…

    – У мінулым годзе вы з Дзянісам Дудзінскім сталі лаўрэатамі журналісцкага конкурсу «Вольнае слова» за цыкл рэпартажаў «Людзі вайны». Раскажы аб гэтым праекце. Якія гісторыі найбольш кранулі асабіста цябе?

    – “Людзі вайны” – асаблівы праект для Беларусі. Гэта не толькі нашыя героі-добраахвотнікі. Наш герой – кожны беларус. Той, хто валанторыць. Той, хто проста жыве побач з украінцамі і Украінаю ў найцяжэйшыя моманты.

    Дзякуючы разнастайнасці нашых герояў мы змаглі паказаць і беларусаў перад тварам вайны, і Украіну вачыма беларусаў. Атрымаўся, фактычна, партэт двух нацыяў.

    Мы паказалі тую няўлоўную сувязь, што ёсць паміж народамі. Праз беларусаў – Украіну і украінцаў.

    Вельмі важным лічу крайні выпуск, дзе герой – сам аўтар цыклу Дзяніс Дудзінскі. Чалавек, які шмат чаго меў у Беларусі, з’ехаў на фоне рэпрэсіяў ва Украіну. Там сустрэў вайну, вывез жонку, але адчуваў важнасць моманту і вярнуўся ў вайну. Шчыра, Дзяніс для мяне прыклад моцы і мужнасці. Можна было адсядзецца, але Дзяніс разумеў місію, разумеў важнасць працы ў эпіцэнтры. Ганаруся знаёмствам і нашай камандай.

    – Ці было страшна? У які момант ваша здымачная група вырашыла: хопіць, час вяртацца?

    – Страшна заўсёды. Праца на вайне – гэта балансаванне паміж асабістым страхам і задачай прынесці гледачам інфармацыю.

    Галоўнае правіла: губляеш страх і ставіш “каріцнку” вышэй за ўсё – бягі! Ніколі, НІКОЛІ не забівай у сабе страх – ён твой запасны парашут.

    – Аляксандр, што болей за ўсё ты хацеў бы яшчэ зняць ва Украіне?

    – Асабістыя гісторыі герояў. Часам незаўважных. Беларусаў і украінцаў.

    Мы сведкі гісторачных падзеяў. Але франтавая статыстыка і сводкі праз 10 гадоў скажуць пра гэтыя падзеі меней, чым відэа з 8‑гадовай дзяўчынкай, якая спявае ў парку Чарнігава і збірае грошы на дрон. Вялікія рэчы і вялікія падзеі часам хаваюцца ў маленькіх кроках…

    –  А ў Беларусі? Што ты на радзіме марыш зняць пасля вяртання?

    – Відэа першага застолля з бацькамі: таты, што смажыць дранікі, маці, якая лепіць варэнікі. І першы, традыцыйны ў маёй сям’і тост “быць дабру!”…

    А потым ужо Менск і суды над злачынцамі…Здымаць моўчкі і трымацца. Бо я журналіст. Бо я не такі, як яны. Бо я фіксую верхавенства закону, а не з’яўляюся часткаю беззаконня, як цяперашнія БТшнікі.

    – Над якімі праектамі працуеш зараз?

    – Нажаль, гледачы “стаміліся” ад вайны. Цяпер для мяне, як і для іншых журналістаў, галоўны выклік – знайсці гісторыі, шляхі расповеду, праз якія мы не дадзім таму жаху, той трагедыі, што цяпер адбываецца ва Украіне, стаць абыдзеннасцю, стаць нечым, што праходзіць фонам праз навінавыя стужкі. Шукаю гісторыі герояў. Ад валантораў да байцоў на “нулі”.

    Цяпер маю меней часу на гэта, на жаль. У Варшаўскай рэдакцыі я і журналіст, і вядоўца навінаў у сярэдзіне дня, і аператар, і выдаўца вечаровых эфіраў. Але ў вольныя гадзіны планую здымкі на новыя выезды ва Украіну.

    Чытайце яшчэ:

    Захаваць выданне ля самага фронту і інфармаваць свет аб жыцці ў акупацыі — гісторыі нязломнасці ўкраінскіх журналістаў

    «Свет працягвае жыць далей, пакуль я замер паміж мінулым і будучыняй». Яўген Атцецкі пра сваю другую зіму ў Львове

    Праз вайну і Лукашэнку. Як бачаць Беларусь на Захадзе — ключавое з даследавання замежных медыяў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці