• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісцкія арганізацыі свету – пра забойства Паўла Шарамета

    АБСЕ, Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў, Камітэт абароны журналістаў, Інстытут свабоды прэсы, Freedom House адрэагавалі на трагічную гібель нашага калегі ва Украіне.

    Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч асудзіла забойства Паўла Шарамета. “Гэтае забойства і яго абставіны павінны быць аператыўна і старанна расследаваныя, а вінаватыя – прыцягнутыя да адказнасці, – гаворыцца ў заяве Міятавіч, апублікаванай на сайце АБСЕ 20 ліпеня. – Мы згубілі выбітнага і адданага журналіста, мае шчырыя спачуванні сям’і Шарамета, сябрам і калегам”.

    Прадстаўніца АБСЕ нагадала, што ў 2002 годзе Шарамет стаў лаўрэатам прэміі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе за дасягненні ў галіне журналістыкі і дэмакратыі за працу ў Беларусі. “Агідны інцыдэнт… нагадвае нам усім, што сітуацыя з бяспекай журналістаў ва Украіне павінна быць вырашана эфектыўна і своечасова”, – падкрэсліла Міятавіч. Яна нагадала пра забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гандгадзэ ў 2001 годзе і паўтарыла свой заклік правесці ўсебаковае расследаванне гэтага злачынства.

    Кіраўнік Камітэта Парламенцкай Асамблеі АБСЕ па правах чалавека Ігнацыя Санчэс Амор асудзіў забойства Паўла Шарамета і заклікаў правесці хуткае і вычарпальнае расследаванне. “Мае найглыбейшыя спачуванні ўсім, хто любіў Паўла і працаваў  з ім, хто згубіў смелага і паважанага журналіста. Праз усю сваю кар’еру Павел Шарамет дэманстраваў дастойную захаплення мужнасць у сваёй незалежнай і надзейнай рэпарцёрскай працы і паказваў, наколькі неацэнная роля журналіста ў абароне правоў чалавека”, – цытуе Санчэса Амора сайт АБСЕ.

    Камітэт абароны журналістаў (CPJ): “У 1998 годзе мы прысудзілі Паўлу Шарамету Міжнародную ўзнагароду за свабоду слова як прызнанне яго адвагі, паслядоўнасці і адданасці самым высокім ідэалам журналістыкі, – заявіў выканаўчы дырэктар Камітэта Джоэль Саймон. – Ён падтрымліваў стандарты гадамі, нават калі навучаў і натхняў генерацыі журналістаў ва Украіне. Яго забойцам нельга дазволіць пазбегнуць пакарання за гэтае жудаснае забойства”.

    “У верасні 2000 года быў скрадзены і абезгалоўлены тагачасны рэдактар «Украінскай праўды» Георгій Гангадзэ. Тое, як праходзіла расследаванне забойства ва Украіне, пакідае сумневы ў шчырасці следства, як паказала расследаванне Камітэта абароны журналістаў. Камітэт адзначае, што прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даручыў расследаванне высокім чыноўнікам дзяржаўных органаў і заклікаў прыцягнуць міжнародных спецыялістаў”.

    Міжнародная федэрацыя журналістаў і Еўрапейская федэрацыя журналістаў асудзілі забойства Паўла Шарамета.

    «Гэта агіднае забойства. Улады павінны хутка дзейнічаць і эфектыўна прыцягнуць да адказнасці забойцаў. Не павінна быць больш беспакаранасці за забойствы журналістаў. Нашы думкі – з сям’ёй і сябрамі Паўла і з усімі журналістамі ў рэгіёне. Мы зробім усё магчымае, каб прасачыць, што гэтае бессэнсоўнае забойства не прайшло без пакарання”, – кажа Прэзідэнт МФЖ Філіп Леру.

    “Павел Шарамет быў лаўрэатам журналісцкіх прэмій, замагаром за свабоду медыя. Яго забойства нагадвае нам пра тое, што бяспека журналістаў ва Украіне з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Мы заклікаем улады Украіны гарантаваць свабоду выказвання і свабоду прэсы ў краіне”,– кажа Могенс Бліхер-Б’ерэгард, прэзідэнт ЕФЖ.

    Інстытут свабоды прэсы: “Мы засмучаныя навіной пра трагічную гібель спадара Шарамета, і мы заклікаем улады не проста правесці поўнае і хуткае расследаванне, але і забяспечыць яго празрыстасць, – кажа Дырэктар секцыі інфармацыйнай падтрымкі і камунікацый ІPI Стывен М. Эліс. – У апошнія дзесяцігоддзі зашмат забойстваў журналістаў ва Украіне засталіся дагэтуль нерасследаванымі і беспакаранымі. Ці будуць асуджаныя забойцы Шарамета, ці яны застануцца беспакаранымі за гэта жудаснае дзеянне – важны тэст для Украіны ў эпоху пасля Януковіча”.

    Free­dom House: «Забойства Паўла Шарамета, вядомага журналіста ў Беларусі, Расіі і Украіне, павінна быць расследавана старанна і як мага хутчэй, каб паказаць наноў задэклараванае абвязальніцтва ўрада Украіны абараняць свабоду прэсы», – кажа Роберт Герман, віцэ-прэзідэнт праграм дапамогі ў надзвычайных сітуацыях і шматбаковай прапагандысцкай дзейнасці. – «Выкарыстанне замініраванага аўтамабіля з’яўляецца страшным доказам таго, што Шарамет і свабода прэсы, верагодна, былі не выпадковымі мішэнямі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці