Журналісцкі рай
Каму-каму, а журналісту ўсеагульнай любові дамагчыся складана. З розных прычын, але ў асноўным з‑за таго, што, калі ты сумленна і прафесійна ставішся да сваіх абавязкаў, то «праўда жыцця» ў тваіх матэрыялах заўсёды каму-небудзь замінае жыць і добра спаць па начах. Таму праклёны на журналісцкія галовы сыплюцца штодня, калі не штогадзіны.
Прызнацца шчыра, і мне даводзілася за сваё нядоўгае журналісцкае жыццё чуць гэтыя праклёны, абяцанні кары нябеснай і шмат чаго ячшэ. Тут бы кінуцца да абразоў, свечку паставіць за «добразычлівых» людзей, але часу на гэта не маем, бо спяшаемся з аднаго інтэрв’ю на іншае.
Таму ўявіце сабе маё здзіўленне, калі, блукаючы па вуліцах Лондана, між прыгожых дамкоў са своеасаблівай архітэктурай, заўважыла царкву Сэнт Брайдс (St Bride’s), альбо «Святой нявесты». На першы погляд, нічым адметным тая царква не вылучалая сярод дзесятка сваіх «сясцёр», але пры ўваходзе ў яе я знайшла надпіс: «царква друкароў», альбо «журналісцкая царква».
З некалькімі «цэхавымі», «прафесійнымі» цэрквамі мне ўжо даводзілася сустракацца: з касцёлам вайскоўцаў у Варшаве, напрыклад. Але каб увайсці ў «журналісцкую царкву»- такое магло прыйсці толькі ў сне! Але ж яна існавала на самой справе — на Fleet Street, сярод адметных англійскіх дамкоў.
Тут жа, на шыльдзе пры ўваходзе ў Сэнт Брайдс, тлумачыцца, чаму царкву называюць журналісцкай. Менавіта тут ў 1500 годзе з’явіўся першы друкарскі прэс з наборным шрыфтам.
Царква St Bride’s у Лондане (фота аўтара)
Унутранае ўбранне царквы — строгае, як і ва ўсіх англіканскіх цэрквах. Галоўная адметнасць — шыльды з імёнамі тых журналістаў, што пайшлі з гэтага свету ў мінулым і нават пазамінулым стагоддзі. Дзесяткі імёнаў журналістаў, памяць пра якіх захоўваюць у Сэнт Брайдс.
Царква St Bride’s у Лондане (фота аўтара)
Уявіце сабе — заходзіць у царкву звычайны чалавек з вуліцы, праходзіцца паміж лавамі, на якіх прыкручаныя шыльды, чытае імёны тых, хто ўсё жыццё працаваў у брытанскіх газетах. Заходзіць яшчэ адзін наведвальнік — і зноўку чытае. І журналісцкае імя жыве. І памяць пра яго не памірае…
Зразумела, абрады ў журналісцкай царкве не адрозніваюцца ад абрадаў у іншых англіканскіх цэрквах, як не адрозніваюцца і дзесяць божых запаветаў. Але ж нейкі асаблівы дух у ёй усё ж прысутнічае. Ці гэта маё ўяўленне разгулялася?
Тут жа, на лавах каля самой царквы, у ценю магутных платанаў ядуць свой ланч лонданцы, праглядаючы свежую прэсу. І гэта ячшэ адзін бальзам на журналісцкія «раны».
Не ведаю, колькі павінна мінуць часу, але ў будучым, упэўненая, імёны нашых калегаў, што пайшлі ад нас назаўсёды, — Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава і многіх іншых — таксама з’явяцца на мемарыяльных дошках у царкве. Каб не толькі мы, калегі, але і тыя людзі, для каго яны працавалі, успаміналі пра іх, зычучы валадарства нябеснага…