Журналісцкая вучоба
Нядаўна ў Менск прыяжджаў вядомы швэдзкі журналіст Эрык Фіхтэліюс. І хоць я быў знаёмы зь ягонай кнігай раней, але адзін зь яе запаветаў уразіў: «Будзь нэўтральны да наступстваў».
Э. Фіхтэліюс
Што ж гэта азначае? Перадусім тое, што мы ня можам пралічыць усіх наступстваў нашых публікацыяў. А калі й можам, то ці варта адмаўляцца ад публікацыі сур’ёзнага матэрыялу на той падставе, што ён, зьявіўшыся ў друку ці на тэлеэкране, некаму зашкодзіць ці нават пацягне на вялікі скандал? І ў якасьці ілюстрацыі сп. Фіхтэліюс прадэманстраваў адзін зь сюжэтаў, у якім ён як журналіст распавядае пра выпадак карупцыі, зьвязаны з продажам швэдзкай зброі ў Індыю. Наступствы гэтага тэлевізыйнага сюжэту былі проста жахлівыя: Швэцыя страціла шматмільённы кантракт, а Раджыў Гандзі неўзабаве прайграў выбары.
Пра тое, што памянёны вышэй запавет мяне так уразіў, я, напэўна, забыўся б, калі б не адна акалічнасьць. На наступны дзень, выступаючы на сэмінары «Роля СМІ ў забесьпячэньні канстытуцыйных правоў грамадзянаў пры правядзеньні выбарчых кампаніяў», спн. Натальля Пяткевіч сьцьвердзіла акурат адваротнае: «При освещении любой темы СМИ должны на чашу весов положить две составляющие своей работы: свободу и открытость информации и последствия». То бок, журналіст мусіць думаць пра наступствы ды іх пралічваць.
Н. Пяткевіч
А чаму ж тады Эрык Фіхтэліюс лічыць інакш?
Прызнаюся, я зразумеў гэта не адразу. Мне нават давялося даць сваёй падсьвядомасьці заданьне шукаць адказ. І вось, нарэшце, суперпадказка! Чытаю: «У Кобрыне 19 лютага адбылася сустрэча кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі», падчас якой старшыня аблвыканкама сп. К. Сумар параіў: «Пішыце канструктыўна, без ёрніцтва і шукання «смажаных» фактаў, і, спадзяюся, у наступным годзе вы вернецеся у сістэмы распаўсюду «Белпошты» і «Саюздруку»».
Дык вось у чым справа! Калі б Эрык Фіхтэліюс быў беларускім журналістам ды пісаў у якую-небудзь недзяржаўную газэту, тую выключылі б з каталёгу. Мяркуйце самі — ці ж можна лічыць узорам канструктыўнай журналістыкі сюжэт пра карупцыю, які прывёў да сур’ёзных палітычных наступстваў і важкіх фінансавых стратаў? Да таго ж, мы ведаем, што шэраг недзяржаўных беларускіх выданьняў, якія ў
Вось шаноўныя службовыя асобы напярэдадні выбараў акурат і вырашылі нагадаць журналістам пра наступствы. То бок нагадаць, у сутнасьці, пра існаваньне цэнзуры ды пра тое, з дапамогай якіх сродкаў яна ажыцьцяўляецца.
Ну, а як жа быць з нэўтральным стаўленьнем да наступстваў, пра што казаў сп. Фіхтэліюс? І пра што ён нам, урэшце рэшт, праз гэтую формулу паведаміў?
Зноў жа ўзгадаем пра падказку. А фактычна ён паведаміў: у Швэцыі журналіст абаронены ў праве свабодна, г.зн. без умяшальніцтва ў ягоную працу службовых асобаў, ажыцьцяўляць сваю прафэсійную дзейнасьць. Таму няма патрэбы думаць пра наступствы. А нэўтральнае стаўленьне да іх фактычна азначае адсутнасьць не толькі цэнзуры, але ж і хоць якой неабходнасьці ў САМАцэнзуры.