Журналісцкая праца вачыма палітыкаў і грамадскіх актывістаў
Як палепшыць працу журналістаў? Звычайна на гэтае пытанне адказваюць самі журналісты. А мы вырашылі паразмаўляць з грамадскімі актывістамі і палітыкамі, чаго ім не хапае ў працы журналістаў? Што яны хацелі б змяніць? І што ім наадварот падабаецца.
Аддзяляць асабістае ад прафесійнага
Андрэй Стрыжак, “Гуманітарны маршрут “Беларусь-АТО”, валанцёр by-help
Андрэй Стрыжак — валанцёр ініцыятывы “Гуманітарны Маршрут “Беларусь-АТО”. Менавіта яны дастаўляюць гуманітарную дапамогу ўцекачам з акупаваных Данецкай і Луганскай абласцей. А таксама валанцёрская ініцыятва сабрала грошы на аўтамабілі, якія цяпер працуюць у Першым добраахвотніцкім шпіталі імя Пірагова. Акрамя таго, Андрэй Стрыжак з’яўляецца валанцёрам кампаніі by_help, якая паўстала ўвесну 2017 года. Кампанія збірае сродкі для дапамогі рэпрэсаваным. Праз by-help было сабрана больш за 55 тысячаў долараў. Гэтыя грошы ідуць на адрасную дапамогу сем’ям арыштаваных па справе “аб масавых беспарадках”. І ўсім, хто звернецца да by-help па падтрымку, арганізатары абяцаюць аказаць дапамогу.
Андрэй Стрыжак лічыць, што ў працы грамадскіх актывістаў з журналістамі вялікую ролю адыгрываюць асабістыя знаёмствы. А журналістам валанцёр раіць аддзяляць прафесійнае ад асабістага.
— Вельмі шмат залежыць ад асабістых кантактаў. Калі ёсць нумар тэлефона, калі ты ведаеш, хто пра што піша: камусьці цікавая культура, а камусьці — палітыка. А журналістам варта памятаць пра тое, што не заўсёды тая актыўнасць, якой займаюцца актывісты, мае медыйны складнік. Што я маю на ўвазе? Напрыклад, калі вы ведаеце, што ёсць чалавек, які займаецца нейкай стратэгічнай справай, то, магчыма, ёсць сэнс час ад часу яго распытваць, як там ідзе справа. І можа атрымацца так, што на простым месцы знойдзеце сенсацыю. Напрыклад, у чалавека задача змяніць правапрымяняльную практыку, але ён не ведае, што пра гэта трэба ўсім распавядаць.
Андрэй Стрыжак таксама падзяліўся негатыўным досведам працы з журналістамі.
— У беларускім полі ёсць такая сітуацыя, што шмат людзей спалучае некалькі роляў адначасова: і журналісцкае, і грамадскае, і яшчэ нейкае. І тады паўстае праблема з пазіцыяй над канфліктам: то бок з пазіцыяй, калі чалавек глядзіць незаангажаваным поглядам. І тады здараюцца сітуацыі, калі журналіст, выступаючы з пэўных сваіх асабістых пазіцый, можа нанесці вялікую шкоду супрацы з рэспандэнтамі. Часа ад часу такое здараецца ў Беларусі, бо няма аддзялення прафесійнага ад асабістага. У выніку, далейшая супраца з такімі журналістамі немагчымая.
Я маю права
Леанід Судаленка, праваабаронца, сябра ГА БАЖ”
Леаніда Судаленку можна назваць абаронцам журналістаў. Менавіта ён часта прадстаўляе іх інтарэсы ў судах, а таксама дапамагае пісаць скаргі. У тым ліку, і ў камітэт ААН па правах чалавека. Паводле праваабаронцы, пазіцыя журналістаў будзе выклікаць павагу, калі яны будуць казаць: “Я маю права”.
— Я гавару не толькі журналістам, але і грамадскім актывістам: “Калі вы робіце нешта, то заўсёды вашая пазіцыя будзе выклікаць павагу толькі тады, калі вы будзеце казаць: “Я маю права. І мяне не цікавіць, што маё права дзесьці абмяжоўваецца нацыянальным законам”. Напрыклад, калі журналіст-фрылансер мае права збіраць інфармацыю, але, паводле “Закона аб СМІ”, ён не мае здымаць дзеля замежных кампаніяў (у тым ліку, і для Белсата). Гэты закон абмяжоўвае права, таму ў гэтых выпадках журналіст мусіць сказаць: “Я маю права”.
А калі журналіст гаворыць, што “прабачайце, я быў на плошчы выпадкова, я ішоў па малако, ці па хлеб у краму”, то гэта такая пазіцыя не выклікае павагі нават у суддзяў. Суддзі ж таксама ўсё разумеюць.
Таму гэта мая рэкамендацыя ўсім журналістам, да якой, між іншым, прыслухалася журналістка Ларыса Шчыракова падчас апошняга судовага пасяджэння. У судзе яна, згоднай з маёй рэкамендацыяй, заявіла: “Я маю права. Суд можна лічыць, што ён мае права абмяжоўваць мае правы, але я ўсё роўна збірала, збіраю і надалей буду збіраць інфармацыю. І буду збіраць інфармацыю а той пары, пакуль улада не пабачыць абсурднасць нацыянальнага заканадаўства, якое абмяжоўвае мае правы, і не зменіць гэты закон”.
Напрыклад, калі б мы, людзі, не выступілі супраць дэкрэта № 3, ён бы сёння працаваў і многія былі б невыяздныя. І да многіх бы грукаліся б судовыя выканаўцы. А калі людзі запратэставалі, то дэкрэт замарозілі. Таму я заўсёды заклікаў і заклікаю журналістаў, кажыце: “Я маю права”. І не апраўдвайцеся, што вы не парушалі нацыянальны закон. Бо нацыянальны закон пабудаваны такім чынам, што ён ад пачатку ўжо абмяжоўвае правы.
Мне вельмі не спадабалася пазіцыя аднаго журналіста (я яму пра гэта казаў і цяпер кажу публічна), калі ў яго суддзя спытала: “А чаму ў вас на мікрафоне быў квадрацік “Белсата”, калі вы не збіраеце інфармацыю для “Белсата”. А ён на гэта адказаў: “А мне выпадкова далі яго патрымаць”. Калі я прысутнічаў у залі пасяджэння, у мяне халадок прабег. А як бы горда гучала, калі б журналіст сказаў, што лічыць, што мае права працаваць, у тым ліку і на “Белсат”. А суд гэтае права абмяжоўвае. Гэта было б горда казаць: “Я маю права”.
Таму ўсім журналістам кажу: “Вы маеце права. Пратэстуйце і толькі тады ўлада зменіць гэтыя абмежавальныя законы”.
Стварайце агульны чат
Яўгенія Стрыжак, блогер, незалежны прафсаюз РЭП
Актывістка незалежнага прафсаюза РЭП, блогер Яўгенія Стрыжак удзельнічае ў шматлікіх кампаніях па зборы подпісаў. Цяпер яна адна з тых, хто збірае подпісы, каб у цэнтры Гомеля на месцы могілак не будавалі шмятпавярховікі. Таксама яна ўдзельнічала ў кампаніі ў абарону філіяла Веткаўскага музея, які збіраліся перанесці з Гомеля ў Ветку. На думку Яўгеніі, у працы з журналістамі грамадскія актывісты могуць наракаць толькі на сябе.
Яўгенія Стрыжак, фота Facebook
— Калі мы не ўздымем праблему, то ёй ніхто не зацікавіцца. Таму пытанняў да журналістаў не можа быць апрыёры.
Яўгенія Стрыжак падзялілася сваім досведам працы з журналістамі:
— Можна стварыць агульны чат у Facebook, у скайпе ці іншым мэсэнджары. І такі агульны чат дапамагае аператыўна дзейнічаць. Калі мы абаранялі філіял Веткаўскага музея, то мы стварылі чат, куды дадалі ўсіх: і экспертаў, і юрыстаў, і піяршчыкаў, і журналістаў. І мы з журналістамі добра знаёмыя. І наладзіць добрыя стасункі з журналістамі — гэта ляжыць цалкам на адказнасці грамадскіх актывістаў.
Жорсткае абыходжанне з жывёламі мала цікавіць журналістаў
Алёна Валынец-Чарняева, каардынтара кампаніі “Не жорсткаму абыходжанню з жывёламі”.
Дзякуючы кампаніі “Не жорсткаму абыходжанню з жывёламі”, у Беларусі быў прыняты артыкул Крымінальнага Кодэкса 339.1 “Жорсткае абыходжанне з жывёламі”. Паводле артыкула, “жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое пацягнула яго гібель ці калецтва, караецца грамадскімі працамі, ці штрафам, ці выпраўленчымі працамі на тэрмін да аднаго года, ці арыштам”. Таксама кампанія дамагалася прыняцця законапраекту “Аб абыходжанні з жывёламі”, у якім бы абараняліся жывёлы.
Алёна Валынец-Чарняева, фота Facebook
— Я маю базу кантактаў журналістаў. І па гэтых кантактам кідаю прэс-рэлізы. Але праблема ў тым, што пытанні, звязаныя з жорсткім абыходжаньнем з жывёламі, цікавяць рэдкія СМІ. Звычайна, гэта толькі tut.by, naviny.by, Белсат і Радыё Рацыя. Астатнім тэма жорсткага абыходжання з жывёламі падаецца нецікавай і неактуальнай. У прынцыпе, гэтая тэма ніколі не была вельмі папулярнай. Але, дзякаваць Богу, хаця б апошнія некалькі гадоў пара-тройка выданняў гэтай тэмай рэгулярна цікавіцца і нейкую інфармацыю распаўсюджваюць на гэты конт.
У еўрапейскіх краінай іншая сітуацыя, калі ёсць законы і таму выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі вельмі рэдка здараюцца. І калі яны здараецца, то гэта ўсё адлюстроўваецца ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Я заўсёды кажу, што жорсткае абыходжанне з жывёламі наўпрост звязанае з іншымі праблемамі ў краіне. У тым ліку, і з жорсткім абыходжаннем з людзьмі. Гэтыя дзве тэмы моцна звязаныя паміж сабой.
Ісці ў народ
Валеры Рыбчанка, “Справядлівы свет”, г. Жлобін
Валеры Рыбчанка — актыўны палітык у сваім рэгіёне. Ён удзельнічае ў кожнай выбарчай кампаніі. У свой час дамагаўся, каб у Жлобіне мясцовыя ўлады абнародавалі раённы бюджэт.
— Журналісты, з якімі я кантактую — гэта маладыя людзі ў асноўным. І гэта добра. А яшчэ мне падабаецца, што многія журналісты станоўча ставяцца да беларускай мовы. Я і сам спрабую ўсё часцей размаўляць і даваць каментары па-беларуску. Што б я параіў журналістам? Больш быць сярод людзей і браць каментары не толькі ў ангажаваных у грамадска-палітычнае жыццё людзей, бо гэта нешырокі зрэз. Варта ісці ў калектывы, спрабаваць браць інтэрвію ў людзей, якія працуюць, якія простай мовай кажуць пра свае цяжкасці, пра свой быт. Гэта самае галоўнае, калі журналіст быў у згустку падзеяў, каб ён быў там, дзе балючыя месцы нашага грамадства.
Добра выконваюць сваю справу
Васіль Палякоў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Васіль Палякоў актыўна ўдзельнічаў як палітык у акцыях пратэсту супраць “Дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве”. А пасля мітынгу ў Гомелі на 1 траўня, калі палітык ледзь не адзіны выйшаў з бел-чыврона-белым сцягам, ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаванне міліцыі і парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Увесь час зняволення ён трымаў галадоўку.
— Мне падаецца, што на Гомельшчыне вельмі прафесійныя журналісты, якія вельмі добра выконваюць сваю працу. Таму складана нешта параіць. Ніколі не паўставала нейкіх пытанняў. Былі непаразуменні, калі не даводзілася нейкая інфармацыя да журналістаў. І яны потым крыўдзіліся. Маўляў, вы не папярэдзілі, што будзеце гэта рабіць. Але мы не папярэджвалі не наўмысна, а таму што звычайна бывалі мерапрыемствы, якія праводзіліся спантанна. Было некалькі адказных людзей. Не ведалі, хто канкрэтна і што будзе рабіць. Таму не заўсёды давалі інфармацыю. А там, дзе своечасова ўсё праводзілася і рыхтавалася, такіх праблемаў не паўставала.