• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жбанкоў: «За-ста-ем-ся»? Дзесяць год пасля першай Плошчы

    Галоўным здабыткам тых шалёных дзён былі несупынныя хвалі адрэналіну і глабальны недахоп хоць якіх планаў. Здаецца, хтосьці з 34mag назваў потым Плошчу дыскатэкай незалежнасці. Ці то святам непаслухмяных. І сапраўды: прыйшлі, атабарыліся — і ўключылі «Народны альбом». Замест палітычных зрухаў атрымалі свядомы саўндтрэк. І выспу ментальных пераменаў ў акіяне палітычнай «стабільнасці».

    Нашае змагарскае par­ty-par­ty апынулася адчайным дэнсінгам у сэрцы Менску — дзе штовечар каля намётавага лагеру лепшыя людзі збіраліся, як пісаў Хадановіч, «стаяць і чакаць свабоды».

    Памятаю вясёлыя вочы натхнёнага Вайцюшкевіча: «Учорай было страшна, а сёння вось прыйшоў!» Памятаю востры погляд знаёмага выдаўца: «Ну што, цяпер — на адміністрацыю?» І супольную цішыню ў адказ.

    Арыштаванага рэдактара Дынько. І затрыманую спявачку Русю. Памятаю, як на той Плошчы за колькі хвілін інтэлігенцкага праменаду лёгка можна было сустрэць палову сяброў ды калег — і амаль усіх сваіх студэнтаў. Як NRM шкадаваў, што няма электрычнасці. Як з Адамам Глобусам мы адбівалі са сваімі журналісцкімі пасведчаннямі хлопчыкаў з Плошчы ад АМАПу. Як адсыпаўся на нашаніўскай канапцы пасля начной фотапрацы стомлены Андрэй Лянкевіч.

    А яшчэ тады кожны дзень жылі як апошні — з неверагодным драйвам і татальнай адсутнасцю будучыні. Якая так і не прыйшла. Але, калі шчыра, у яе і так мала хто верыў.

    Плошча пазначыла татальную вычарпанасць прапагандысцкага рэсурсу з абодвух бакоў. Гістэрыка дзяржмэдыяў яшчэ напярэдадні выбараў-2006 ператварыла інфармацыйнае поле ў зону нянавісці і запалохвання — гратэскны трэш-серыял з прадказальным сюжэтам. Але і змагарскі гераічны комікс дасягнуў такой вышыні пафасу, што далей магла быць толькі перамога — альбо суцэльны заняпад.

    Так і атрымалася: галоўнае адбылося насуперак ідэалогіям. Сапраўднымі героямі Плошчы, яе лепшымі актывістамі, яе большасцю апынуліся людзі па-за сферай ўплыву канфліктуючых дыскурсаў — патаемная беларуская сярэдняя класа, што прарастала паміж радкоў фантомных мабілізацый. Не «людзі Пазьняка», не «брыгада Мілінкевіча», не «дыджэі Адраджэньня» — хутчэй, «новыя іншыя», самадастатковыя творчыя адзінкі, здольныя ў крытычны момант аб’яднацца ў Плошчу. А потым, калі хваля сыдзе (бо бясконцая мабілізацыя ёсць магчымай толькі падчас ваеннага стану) — зноў рассыпацца на лакальныя справы ды асабістыя праекты. Натуральны, дарэчы, еўрапейскі падыход: жыццё, якое не ўкладаецца ў матрыцу паліт-агіту. Грамадзянская годнасць, шырэйшая за дзярж-канфармізм і нацыянал-рамантызм. Знянацку Плошча-2006 пахавала савецкую ментальную спадчыну — веру ў безумоўную прыярытэтнасць і вартасць палітычнага. Плюс? Як на мяне — безумоўна.

    Што яшчэ засталося пасля «зачысткі» намётавай вольніцы? Новыя людзі. Нармальная моладзь, што села на «суткі». Іх бацькі, што безнадзейна тэлефанавалі ў РАУСы ў пошуках арыштаваных дзетак. Незалежная прэса, якая нечакана апынулася на першай лініі грамадзянскага супраціву. І новы стан улады — суполкі пажыццёва напалоханых «памаранчавай пагрозай» функцыянераў, правакатараў і прайдзісветаў, гатовых на самыя брудныя выбрыкі каб, як сказаў той паэт, «ратаваць уласны азадак». Хіты той вясны — атручаная пацукамі вада на БТ ды шпрыцы і порна, нібыта знойдзеныя ў намётах. Тады зрабілася канчаткова зразумелым: з гэтымі не паразумецца ніяк і ніколі. Плошча не будавала барыкадаў. Яна папросту ўсіх паставіла на свае месцы. Таксама плюс. І добры ўрок усім жадаючым «дамаўляцца».

    Плошчу, як падзею, зрабілі не палітыкі, а звычайныя грамадзяне. Паэты, студэнты, айцішнікі, выкладчыкі, святары ды пралетарыі. Тыя, хто сам сябе мабілізаваў на акцыю супольнай нязгоды з махлярствам улады. Большасць з іх ніколі раней не жыла палітыкай. Я пытаўся: чаму прыйшлі на Плошчу? Часцей за ўсё адказвалі: «Бо там добрыя людзі».

    У гэтым была простая моц. Тое, што прабівае як напруга, без тлумачэнняў і агітацый. Грамадства ўскалыхнулася. Узнялося. І атрымала несуцяшальны вынік: нас — з фан-клубу вольнай краіны – зусім няшмат. Акурат памерам з тую Плошчу. Прыўкрасную змагарскую дыскатэку Беларусь. Некалькі дзён чакання цеплыні.

    Вясна-2006 жорстка падзяліла час на «да» і «пасля Плошчы». Найбольш складаным атрымалася жыць далей. Шукаць новыя формы годнай прысутнасці ў неспрыяльнай прасторы.

    Перажыць Плошчу — і своечасова з яе сысці.

    Абмяркоўвайце ў каментах! ↓ ↓ ↓

    Фота Reuters

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці