• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жанна Кромер: Усё — Трамп?

    У ЗША адбываецца раскол не толькі грамадства, але і медыя. Умоўна кажучы, дэмакраты глядзяць CNN і MSNBC, рэспубліканцы — Fox News.

    Заходняя Еўропа пужаецца і глядзіць на спадара Дональда, як на пудзіла. Бо той выказваецца як сэксіст, расіст, шавініст і выганяе журналістаў з прэс-канферэнцыяў.

    Думаю, мы — беларусы, лёгка можам адчуць сябе ў ролі амерыканцаў і паспачуваць ім. Бо нас у свеце дык увогуле, на жаль, часта ведаюць толькі як краіну, дзе ёсць Лукашэнка. Але ж мы — не толькі ён, не толькі пагроза дэмакратыі, трасянка і абдымкі з суседнімі дыктатарамі. І канешне ж, такая разнастайная і вялікая краіна, як ЗША, не можа быць толькі Трамп ці анты-Трамп.

    Новыя фарматы амерыканскіх медыяў прабіваюць сабе шлях да аўдыторыі ў тым ліку і на тле экстрэмальна палітызаваных старых медыяў. Больш за 90 % амерыканскіх прадпрымальнікаў, напрыклад, кажуць, што атрымліваюць інфармацыю з навасных рассылак на E‑mail.

    Набіраюць папулярнасць падкасты. У 2018 годзе іх слухае кожны чацвёрты амерыканец.

    Жанна Крёмер: Подкастинг воскрес

    Калі ў Вас, калегі, ёсць жаданне знайсці цікавую інфармацыю пра сучасную Амерыку, нямецкая экспертка па камунікацыях Мірыям Штэгхер раіць наступныя дзесяць крыніцаў:

    1. Politico

    Інтэрнэт-старонка існуе ўжо тры гады і мае штодзённую аўдыторыю ў некалькі мільёнаў чытачоў. Тут няма навінаў пра культуру і спорт, імя задае галоўную і адзіную тэму — палітыка. З большага размова ідзе пра ЗША і Еўропу, аднак апошнім часам рэдакцыя, якая знаходзіцца ў Брусэлі, больш матэрыялаў дае пра Азію.

    2. Axios

    Гэта рассылка пра медыя, тэхніку і кароткія, але якасныя, агляды навінаў.

    3. FiveThirtyEight

    Выдавец гэтай старонкі Нэйт Сільвер у 2009 годзе быў названы Time Mag­a­zine адным са ста самых уплывовых людзей у свеце. Спадар Сільвер распрацаваў методыку апрацоўкі статыстычных дадзеных, якая дазваляе вельмі дакладна прадказваць вынік такіх падзеяў, як спартыўныя спаборніцтвы і палітычныя выбары. Назва сайта літаральна азначае 538 — колькасць дэпутатаў, якія выбіраюць амерыканскага прэзідэнта. Сайт прысвечаны лічбам, дадзеным у палітыцы і статыстыцы. Ёсць спартовы і палітычны падкасты.

    4. Nieman Lab

    Німан-фонд даўно зарабіў сабе імя на тым, што падтрымлівае авангард журналістыкі, раздае стыпендыі і фінансуе развіццё тэхнічнага прагрэсу ў нашай прафесіі. На сайце Nie­man Lab можна падпісацца на рассылку The Digest на лепшыя артыкулы самога сайта і з іншых крыніцаў на тэму развіцця журналістыкі.

    5. New York Times: The Daily

    Самы паспяховы навасны падкаст Амерыкі. Журналіст Міхаэль Барбаро запрашае аўтараў самых цікавых артыкулаў і абмяркоўвае з імі іх тэксты.

    6. Washington Post: The Post Most

    Пад гэтым імем аб’яднаныя 66 рассылак навінаў на розныя тэмы — ад палітыкі і рэлігіі да бацькоўства. Хто паспее «засумаваць» па сорак пятым прэзідэнце ЗША, мае магчымасць слухаць падкаст, які прысвечаны адзіна і выключна Дональду Трампу.

    7. Ana Navarro

    Ана Наварро вельмі цікавая персона. Яна былая дарадчыца рэспубліканцаў, аднак і вялікая апазіцыянерка да Трампа. Настолькі, што галасавала ў 2016 годзе за Хілары Клінтан і заклікала іншых рабіць гэтак сама. Сёння яе Твітар, за якім сочаць амаль 1 000 000 падпісчыкаў, прысвечаны крытыцы разнастайных медыяў і вельмі добра паказвае сацыяльны і палітычны раскол у ЗША.

    8. NPR Politics

    Нацыянальнае публічнае радыё абʼядноўвае ў сабе розныя рэгіянальныя, некамерцыйныя радыёстанцыі. Яны мала закранаюць палітыку,  маюць больш за 14 мільёнаў слухачоў. Можна слухаць у якасці падкастаў.

    9. Dan Rather

    Дэн Рэтэр адзін з самых вядомых амерыканскіх журналістаў. Гэта ён першы паведаміў пра смерць Джона Ф. Кенэдзі і браў інтэрв’ю ў Саддама Хусэйна на тэму зброі масавага знішчэння. Сёння яму 86 год, ён мае каля трох мільёнаў падпісчыкаў на Face­book і кіруе медыя-агенцыяй News and Guts.

    10. Jerry Saltz

    Джэры Зальц — мастацкі крытык часопіса New York Mag­a­zine. У 2018 годзе ён атрымаў Пуліцэраўскую прэмію за крытыцызм. Яго аккаунт у інстаграме будзе карысны для тых, хто цікавіцца мастацтвам і палітычнай карыкатурай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці