• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Збіты журналіст Павел Дабравольскі назваў словы Давыдзькі хлуснёй

    Павел Дабравольскі назваў словы старшыні Белтэлерадыёкампаніі і іншых удзельнікаў праграмы «Клюб рэдактараў» хлусьнёй.

    Нагадаем, Генадзь Давыдзька прысьвяціў чарговы выпуск сваёй праграмы зьбіцьцю журналіста TUT.by.

    Давыдзька фактычна абвінаваціў журналіста ў правакацыі. Гэтую пазыцыю зь ім падзялілі рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч і кіраўнік БелТА Дзьмітры Жук.

    «Усе іхнія (удзельнікаў праграмы) довады пабудаваныя на хлусьні. Паводле слоў Давыдзькі, я ўварваўся ў службовае памяшканьне (што зьяўляецца хлусьнёй), пачаў крычаць і правакаваць (што зьяўляецца хлусьнёй), на просьбы «Выйдзіце, калі ласка» не рэагаваў (што таксама зьяўляецца хлусьнёй)», — кажа Павал Дабравольскі.

    Затым Давыдзька паказаў фота Дабравольскага са сьлядамі зьбіцьця і паставіў пад сумнеў, што за 20 хвілін зьбіцьця амапаўцамі маглі быць такія нязначныя наступствы. «За 20 хвілін гэтая драпіна?» — спытаў Давыдзька.

    «На самой справе мне было нанесена некалькі дзясяткаў удараў нагамі, што пацьвердзіла экспэртыза, — кажа Дабравольскі. — Скепсіс Давыдзькі зводзіцца да таго, што мяне ў рытме труса дубасілі безь перапынку ўсе гэтыя 20 хвілін. Але так інтэнсіўна білі толькі каля хвіліны. А затым былі рэдкія, але рэгулярныя ўдары. Білі, зразумела, ня ў поўную сілу — мэта ж не забіць, а прычыніць боль. Ну, і куртка мяне неяк выратавала. А тое, што ён паказаў фота з адным саднем — гэта скажэньне рэчаіснасьці. Іх у мяне вельмі шмат».

    Удзельнікі «Клюбу рэдактараў» таксама зьвярнуліся да біяграфіі Паўла Дабравольскага, узгадаўшы што пэўны час ён працаваў (дакладней — быў на стажыроўцы) ва Ўкраіне ў выданьні «Новое время», якое падтрымлівала Майдан.

    «На самой справе нават у Данецкім аэрапорце, захопленым ДНРаўцамі, дзе мне было знаходзіцца адназначна нельга, журналісцкае пасьведчаньне беларускага сайта «Ежедневник» (пра які там, упэўнены, ніхто ніколі ня чуў) падзейнічала на тых людзей, якія мяне забралі. Яны паводзілі сябе вельмі карэктна. Так, мяне ўтрымлівалі гадзін пяць, мы чакалі нейкую шышку. Але, па-першае, пры гэтым узброеныя сэпаратысты зьвярталіся да мяне на «вы», па-другое, ніякіх цялесных пашкоджаньняў мне нанесена не было — у адрозьненьне ад таго, што адбылося ў судзе ў Менску. У мяне было тры паездкі на Данбас, я быў на Майдане ў студзені — і я ўсё гэта прайшоў бяз драпіны. А тут такое. Прычым яны гэтага нават не прызнаюць. Давыдзька ж пачаў са слоў «нібыта зьбіцьцё», — кажа Дабравольскі.

    Напрыканцы праграмы Давыдзька прыходзіць да высновы, што правакацыя атрымалася: журналіст раскруціў сваё прозьвішча, а пэўныя палітычныя групы атрымалі палітычныя дывідэнды.

    «У цэлым гэты сюжэт і суботняя публікацыя ў «Советской Белоруссии» (аналягічная па зьмесьце) — гэта рэакцыя, якая грунтуецца на хлусьні. Гэтая рэакцыя паказвае, што ў процілеглага боку няма козыраў, і яны таму блефуюць», — кажа ён.

    На думку Дабравольскага, тое, што да гэтага падключылі галоўную газэту і галоўны тэлеканал краіны, — паказчык таго, што ўлады баяцца рэзанансу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці