Заява з нагоды ператрусаў у рэдакцыях СМІ і затрыманняў журналістаў
7 жніўня Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіў інфармацыю пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Паведамляецца таксама пра затрыманне журналістаў Марыны Золатавай, Ганны Калтыгінай, Галіны Уласік, Ульяны Бабаед (Tut.by) і Таццяны Каравянковай (БелаПАН). Па нашых звестках, затрыманыя яшчэ некалькі журналістаў.
У рэдакцыях буйнейшага партала Беларусі, адзінага незалежнага інфармацыйнага агенцтва, а таксама газеты «Навука» адбываюцца ператрусы. Журналісты не могуць патрапіць на свае працоўныя месцы, што стварае перашкоды ў працы Tut.by і БелаПАН.
Мы лічым гэта грубым парушэннем свабоды выказвання і дзейнасці СМІ. У любым выпадку дзеянні праваахоўных органаў выглядаюць празмернымі. Расследаванне крымінальных спраў не павінна адбівацца на свабодзе і прафесійнай дзейнасці СМІ. Асаблівую заклапочанасць выклікае пераслед рэдакцый на тле сістэматычных парушэнняў права на распаўсюд інфармацыі і запалохвання журналістаў праз пераслед заснавальніка БелаПАН Аляксандра Ліпая і журналістаў тэлеканала “Белсат”.
Заклікаем неадкладна вызваліць затрыманых і забяспечыць доступ астатніх журналістаў Tut.by і БелаПАН да іх працоўных месцаў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Беларускi ПЭН-Цэнтр
Асветніцкая праваабарончая ўстанова «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»