Заява ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з нагоды масавай блакіроўкі сайтаў
Пачынаючы з 19 снежня некалькі інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў у Рэспубліцы Беларусь падвергліся блакіроўцы. Большасць з іх застаецца недаступнай на тэрыторыі краіны па сённяшні дзень. У прыватнасці, без тлумачэння прычын быў абмежаваны доступ карыстальнікаў да сайтаў belapan.com і belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, charter97.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” лічыць, што блакаванне шэрагу грамадска-палітычных сайтаў, за якое ніхто дагэтуль не ўзяў на сябе адказнасць, – гэта прававое бязмежжа. Няма ніякіх юрыдычных падстаў абмяжоўваць доступ грамадзян Беларусі да інфармацыі пра падзеі ў краіне.
Такія захады напярэдадні чарговай прэзідэнцкай кампаніі фактычна пазбаўляюць яе сэнсу, бо ў краіне дэ-факта ўведзена надзвычайнае інфармацыйнае становішча. Натуральна, што яны таксама абсалютна супярэчаць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў галіне свабоды медыя і прадэклараваным намерам кіраўніцтва краіны палепшыць адносіны з Захадам.
Відавочна, што атакі на незалежныя СМІ выклікаюць яшчэ большы недавер у грамадзян Беларусі да звестак, якія агучваюць афіцыйныя крыніцы. Гэта, у сваю чаргу, здольна толькі пагоршыць сітуацыю, у тым ліку эканамічную. Адсутнасць альтэрнатыўнай, прафесійна падрыхтаванай інфармацыі будзе спрыяць распаўсюду самых неверагодных чутак адносна рэальнага становішча спраў у краіне.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, а таксама ад ўсіх магчымых задзейнічаных у незаконным блакаванні суб’ектаў:
- Тэрмінова зрабіць усе магчымыя захады дзеля аднаўлення доступу да пералічаных сайтаў;
- Правесці праверку незаконнага абмежавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь доступу да ўказаных вышэй сайтаў;
- Вызначыць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і прыцягнуць іх да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Прынята Праўленнем ГА “БАЖ”
22.12.2014 г.