• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрыманыя супрацоўнікі «Нашай Нівы» не адпушчаныя на волю праз 72 гадзіны

    Супрацоўнікі «Нашай нівы» — галоўны рэдактар сайту nn.by Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэй Скурко і бухгальтар Вольга Раковіч — не адпушчаныя на волю праз 72 гадзіны пасьля затрыманьня

    Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на рэдакцыю.

    На працягу 10 дзён ім павінна быць выстаўленае абвінавачаньне і вызначаная мера стрыманьня. Калі абвінавачаньне ня будзе выстаўленае, іх павінны адпусьціць.

    У кватэрах затрыманых, рэдакцыі і бухгальтэрыі «НН» 8 ліпеня прайшлі ператрусы. Паводле зьвестак рэдакцыі, ператрусы і допыты супрацоўнікаў праводзіліся паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 293 (масавыя беспарадкі).

    Ягор Марціновіч быў затрыманы першапачаткова на 72 гадзіны паводле падазрэньня ва ўчыненьні злачынства паводле артыкулу 342. Падчас допыту ў Сьледчым камітэце яму выклікалі хуткую дапамогу. «НН» сьцьвярджае, што пры затрыманьні Марціновіча зьбілі. У сацсетках зьявіўся кароткі відэазапіс, як журналіст ідзе па двары ў суправаджэньні невядомых з рукамі за сьпіной.

    Андрэй Скурко хворы на цукровы дыябэт, яму дазволілі ўзяць у ізалятар часовага ўтрыманьня лекі з разьліку на трое сутак.

    Раніцай 8 ліпеня сайт nn.by перастаў адкрывацца. Міністэрства інфармацыі паведаміла, што прыняло рашэньне аб блякаваньні сайту.

    Ператрусы ў рэдакцыях недзяржаўных мэдыя і ў журналістаў працягваліся два дні, 8 і 9 ліпеня, і спыніліся альбо прыпыніліся з надыходам выхадных. У зоне цікавасьці сілавікоў апроч «Нашай Нівы» апынуліся Intex-press (Баранавічы), «Ганцавіцкі час», «Першы Рэгіён» (Ганцавічы), «Інфарм-прагулка» (Лунінец), Media- olesye (Пінск, Лунінец), Orsha.eu (Орша), «Берасьцейская газэта», «Віртуальнае Берасьце», «Моцныя навіны» (Гомель), Onliner.by.

    Па ўсёй краіне 8 ліпеня было затрымана прынамсі 19 прадстаўнікоў мэдыясфэры, а таксама грамадзкіх актывістаў. Па заканчэньні 72 гадзінаў некаторых адпусьцілі, у тым ліку рэдактара аршанскага рэгіянальнага парталу orsha.eu Ігара Казьмерчака (падазраецца паводле артыкулу 218 КК — наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці) і фрылансэра тэлеканалу «Белсат» Дзьмітрыя Лупача (Глыбокае, затрымлівалі ў санаторыі, дзе ён адпачываў).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці