Затрыманні журналістаў 27 верасня
У нядзелю, 27 верасня, акцыі пратэсту прайшлі ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, было затрымана больш як 340 чалавек. Публікуем спіс затрыманых журналістаў.
У Мінску ў пачатку марша супрацоўнікі міліцыі перапісвалі дадзеныя журналістаў, якія працавалі на акцыі. Казалі, што такім чынам праводзілі «рэгістрацыю журналістаў» нібыта для іх жа бяспекі. Папярэджвалі, што ў выпадку, калі яны будуць замінаць працаваць сілавікам, іх чакае адказнасць па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы).
У Горадні быў затрыманы галоўны рэдактар партала NewGrodno Ігар Рэмзік. Яго адвезлі ў Кастрычніцкі РОВД горада.
Таксама былі затрыманыя журналісткі Tut.by Вольга Камягіна i Кацярына Гардзеева. Пасля праверкі дакументаў іх вызвалілі.
У Магілёве каля гандлёвага цэнтра “Атрыюм” быў затрыманы журналіст Уладзімір Лапцэвіч.
У Мінску быў затрыманы карэспандэнт-аператар медыя «Спектр» (spektr.by) Артур Пагасян.
Нагадаем, 26 верасня ў Мінску былі затрыманыя журналісткі Анастасія Альшанская («МБХ медиа»), Марыя Грыц (яна выхоўвае маленькую дачку) і Алена Доўнар. Іх да суда адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна.