• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрыманні журналістаў 1 лістапада, ёсць збітыя АБНОЎЛЕНА

    1 лістапада ў Мінску адбываўся пратэстны марш да Курапатаў — месца расстрэлу, пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Па шляху да Курапатаў сілавікі шмат разоў разганялі натоўп. Былі затрыманыя, пацярпелі і журналісты.

    Былі затрыманыя адразу тры журналісты выдання «Новы Час».

    Фотакарэспандэнт Дзмітрый Дзмітрыеў быў моцна збіты падчас затрымання. Пра гэта ён паспеў паведаміць жонцы. Таксама ён сказаў, што прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава сказала, што з Дзмітрыевым будуць разбірацца на агульных умовах, не зважаючы на тое, што ён журналіст.

    Дзмітрый Дзмітрыеў штатны журналіст «Новага Часу», меў бэйдж, дакументы. На Дзмітрыя склалі два пратаколы — па 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы).

    Пазаштатныя журналісты «НЧ» Аляксандр Зяньковіч, Яна Трусіла пасля затрымання былі адпраўленыя у Кастрычніцкі РУУС Мінска.

    Таксама быў затрыманы журналіст-аператар Зміцер Солтан. Яго збілі, забралі камеру і тэлефон. Адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС Мінска.

    Вечарам з Кастрычніцкага РУУС выпусцілі непаўналетняга хлопца, які распавёў: «Аператара «Белсата» Дзмітрыя Солтана білі пры затрыманні, білі ў аўтазаку, потым білі камерай па галаве. Камеру разбілі». Ці сапраўды гэта так, можна будзе спраўдзіць у самога Дзмітрыя. Але пакуль ён у зняволенні.

    Таксама ўвечары стала вядома, што ў Кастрычніцкім РУУСе знаходзіцца відэааператар Зміцер Краўчук, які супрацоўнічае з тэлеканалам Белсат. Пра затрыманне Змітра паведамілі сваякі. Абставіны затрымання невядомыя.

    Па стане на 22:40, Дзмітрый Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч, Яна Трусіла, Зміцер Солтан і Зміцер Краўчук застаюцца затрыманымі. Хутчэй за ўсё, яны будуць чакаць судоў у ізалятарах.

    ——-

    Таксама у пачатку марша затрымлівалі журналіста ТАСС Юрыя Шамшура. Пасля праверкі дакументаў яго адпусцілі.

    Затрымлівалі журналістку Алену Ляшкевіч. Яна — аўтарка «Новага Часу». Праверылі дакументы, адпусцілі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці