• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрымалі трох гомельскіх журналістаў “для праверкі акрэдытацыі”

    У Гомелі ў скверы Кірылы Тураўскага міліцыя затрымала журналістаў: Паўла Міцкевіча ("Комсомольской правды" в Беларуси"), Алену Германовіч (БелаПАН), Алену Бычкову (ТUT.BY). Відавочца затрымання Віктар Адзіночанка паведаміў, што іх забралі ў Цэнтральны РАУС нібыта для "праверкі акрэдытацыі", хоць прадстаўнікам нацыянальных СМІ ніякай акрэдытацыі не патрабуецца.

    У скверы сабралася шмат гараджан з кветкамі і букетамі з рознакаляровага лісця клёнаў — яны гулялі альбо сядзелі на лаўках, размаўлялі. Каля 15‑й гадзіны на скрыжаваннях вуліцы Савецкай і на праспекце Леніна блізу аднайменнай плошчы выставілі кардоны міліцыі і АМАП у чорнай амуніцыі і касках. На вуліцу Ірынінскую падагналі аўтазак.

    Міліцыянты, па сутнасці, узялі ў аблогу сквер, а журналістаў, якія асвятлялі 64-ты дзень пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, затрымалі ў ліку першых. 

    Каля 18‑й гадзіны пасля праверкі дакументаў і прафілактычнай гутаркі ў РАУС Міцкевіча, Германовіч і Бычкову вызвалілі.

    «Затрымалі нас першымі, каб мы нічога не здымалі і не расказвалі пра сённяшнюю акцыю пратэсту», — сказала карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» пасля вызвалення Алена Германовіч.

    І сёння ж стала вядома, што на волю пасля шасці сутак адміністрацыйнага арышту нечакана выйшла загадчыца відэааддзела інфармацыйнага сайта «Сильные новости» Надзея Пужынская.

    Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Віктар Казачок пакараў журналістку 14 суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адбываць пакаранне яе адвезлі ў Буда-Кашалёва ў ізалятар пры райаддзеле міліцыі, аднак за 8 сутак да сканчэння тэрміну Надзею адпусцілі.

    «Я кепска сябе пачувала, мне выклікалі хуткую медычную дапамогу, прапаноўвалі шпіталізацыю. Не ведаю дакладна, што сказалі лекары міліцыянтам, а мне рэкамендавалі абследавацца дзеля ўдакладнення дыягназу. Відаць, гэта і паспрыяла майму вызваленню», — паведаміла Надзея Пужынская.

    Пад арыштам у ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама застаюцца журналістка, сябра ГА «БАЖ» Ларыса Шчыракова, галоўная рэдактарка «Сильных новостей» Ганна Якштас (абедзвюх прэвентыўна затрымалі 9 кастрычніка і яшчэ не судзілі). Там жа 15 сутак адбывае і Дзяніс Якштас, супрацоўнік «Сильных новостей” і муж Ганны Якштас, якога суддзя Савецкага раёна Андрэй Лагуновіч арыштаваў на 15 сутак таксама нібыта за ўдзел у маршы пратэсту.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці