Затрымалі падазраваных у кіданьні фарбы на будынак БТ
Як паведамляе сайт «Анархічны чорны крыж Беларусі», 14 чэрвеня стала вядома, што пачаўся перасьлед у дачыненьні да анархістаў. Гэта зьвязана з акцыяй супраць прапаганды на беларускім тэлебачаньні.
Увечары 13 чэрвеня былі затрыманыя анархіст і анархістка (імёны не паведамляюцца), якія цяпер знаходзяцца ў Першамайскім РУУС па падазрэньні ва ўдзеле ў акцыі. Таксама былі праведзены ператрусы, прынамсі, у двух чалавек.
Справа распачатая па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Хуліганства, зьдзейсьненае паўторна, альбо групай асобаў». Расьсьледуецца Першамайскім РУУС г. Менску.
9 чэрвеня анархісты закідалі лямпачкамі «прамога дзеяньня» будынак «Белтэлерадыёкампаніі». Такім чынам яны выступілі «супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень перадаецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадзтва праз радыёпрыёмнікі».
Нехта пад нікнэймам Piter Pan апублікаваў на Youtube відэа, у якім невядомыя ў масках закідваюць будынак Белтэлерадыёкампаніі фарбай, сьляды якой былі знойдзеныя ранкам 9 чэрвеня.
Alina Malahova via Facebook