Затрымалі дырэктара партала Abw.by. ГУБАЗіК пагражае ўласнікам бізнэсу
Мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах.
Віталь Палякоў — мінчук. Вядома, што раней ён займаўся праектам Viber_auto_forums. Апошнім часам працуе дырэктарам кампаніі «Бонусторг», якая валодае парталам ABW.BY.
Цяпер яго затрымалі. У відэа паказаныя ягоныя фоты з пратэстаў, а таксама допісы з іншых закрытых чатаў і асабістых перапісак. А таксама акцэнтуецца ўвага на тым, што ён «добра зарабляў — 4–5 тысяч рублёў у месяц».
У канцы допісу ГУБАЗіК пагражае ўласнікам бізнэсу — маўляў, цяпер яны ў адпачынку, але мусяць «рыхтавацца, бо сілы ім хутка спатрэбяцца».
Нагадаем, у чэрвені мінулага года былі затрыманыя галоўны рэдактар выдання Abw.by Юлія Мудрэўская і рэдактар спецпраектаў партала Юрый Гладчук. Юліі ў выніку прысудзілі паўтары года калоніі, а Юрыю — два з паловай гады.