• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заснавальніку медыяпраекта «Рагачоў Онлайн» прапанавалі вярнуцца ў Беларусь праз камісію Шведа

    Заснавальнік медыяпраекта «Рагачоў Онлайн» Дзяніс Дашкевіч атрымаў прапанову вярнуцца з эміграцыі ў Беларусь праз спецкамісію, якую ўзначальвае генеральны пракурор Андрэй Швед, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

    Крыніца фота: Вясна

    Адпаведнае паведамленне Дашкевіч атрымаў у месенджары, зарэгістраваным на беларускі тэлефонны нумар, удакладняюць праваабаронцы. Адпраўнік пазначаны як “Святлана”.

    У пасланні гаворыцца, што “Дзяніс Міхайлавіч” можа да 31 снежня гэтага года звярнуцца ў камісію “ў выпадку жадання вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

    Праваабаронцы звяртаюць увагу, што ім вядомыя прынамсі тры выпадкі, калі пасля вяртання ў Беларусь праз згаданую камісію грамадзян затрымлівалі ў рамках крымінальных спраў.

    Сайт “Рагачоў Онлайн” не абнаўляецца з 21 жніўня 2023 года, тэлеграм-канал выдання — з 24 ліпеня.

    На актывіста з Рагачова (Гомельская вобласць) Дашкевіча ў жніўні мінулага года завялі крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК).

    Раней за апублікаванае на сайце “Рагачоў Онлайн” фота з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам на фоне сцяга, падобнага на бел-чырвона-белы, Дашкевіча аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

    Дашкевіч пакінуў Беларусь у 2022 годзе. У верасні 2023-га ён заявіў аб адмове ад беларускага грамадзянства.

    Камісія па “разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў” была створаная пасля нарады ў Лукашэнкі 24 студзеня 2023 года. Адпаведны ўказ ён падпісаў 6 лютага.

    26 студзеня 2024 года Генеральная пракуратура паведаміла, што ў камісію паступіла 150 заявак.

    “Кіраўніком дзяржавы падтрыманая прапанова аб падаўжэнні працы нашай камісіі яшчэ на адзін год, — сказаў тады Швед. — Адпаведны праект указа намі падрыхтаваны і ўнесены прэзідэнту. Чакаем рашэння”.

    Колькі чалавек з дапамогай камісіі вярнулася ў Беларусь, невядома. Масавай з’явай гэта не стала.

    Пасля падзей 2020 года Беларусь пакінулі сотні тысяч чалавек. Гэты працэс паскорыўся пасля расійскага вайсковага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе і працягваецца дагэтуль.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці