“Зарабляць грошы для сваіх выданняў”: узнагароджаныя лепшыя праекты курса па медыябізнесе ШМАТ ФОТА
У Мінску ўганаравалі выпускнікоў адукацыйнага курса па медыябізнесе, які цягам паловы года ладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў сумесна з Бізнес-школай ІПМ, Міжнароднай федэрацыяй журналістаў і Еўрапейскім вяшчальным саюзам.
У адукацыйным курсе бралі ўдзел больш за 20 прадстаўнікоў інтэрнэт-выданняў. Яны працавалі з дзейснымі праектамі — сайтамі і блогамі, вучыліся манетызаваць кантэнт, шукаць бізнэс-партнёраў, прасоўваць праекты на рынку, ствараць каманду, выразна акрэсліваць аўдыторыю і гэтай далей.
У пятніцу выпускнікі курса атрымалі дыпломы, а чатыры лепшыя праекты будуць і далей атрымліваць кансультатыўную і арганізацыйную падтрымку для рэалізацыі ўласнага бізнес-праекта.
— Для нас гэта быў вельмі сур’ёзны і адказны праект, бо тычыўся ён медыярынку. У некаторых момантах адукацыйную праграму ў гэтай галіне мы стваралі з нуля. Многія адукацыйныя актыўнасці мы дакладна настройвалі для медыяпраектаў, бо разлічвалі менавіта на паспяховы вынік. Вельмі радыя, што так і атрымалася, што змаглі прынесці сур’ёзнае развіццё праектам, якія зрабілі вялізны крок наперад, — гаворыць намеснік дырэктара Бізнес-школы ІПМ Аляксей Дунаеўскі.
— Недзяржаўныя медыяпраекты ў Беларусі працуюць у даволі складаных эканамічных і палітычных умовах. У Беларусі ёсць моцныя абмежаванні, прыватныя кампаніі не заўсёды гатовыя ісці на супрацоўніцтва з незалежнымі рэсурсамі і г. д. Але вы даеце моцныя надзеі сваім духам, сваім натхненнем ісці наперад, развівацца і перамагаць. Мы вельмі рады, што здолелі арганізаваць для вас гэтую бізнес-праграму, якая, спадзяюся, навучыла вас зарабляць грошы для сваіх выдатных выданняў, каб яны развіваліся і былі ўстойлівымі, — кажа прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі журналістаў Эдрыян Колін.
— Мы вельмі рады, што змаглі рэалізаваць такі амбіцыйны праект, далі магчымасць кіраўнікам медыя-праектаў паглядзець на сваё выданне па-новаму, істотна падвысіць свой прафесійны узровень. Спадзяемся, што гэты праект з Бізнес-школай ІПМ, Міжнароднай федэрацыяй журналістаў і Еўрапейскім вяшчальным саюзам будзе працягвацца, — гаворыць намесніца старшыні ГА «БАЖ» Аліна Суравец.
Падчас цырымоніі ўручэння дыпломаў выпускнікі курса таксама сказалі некалькі словаў пра тое, наколькі гэта было карысным для іх.
— Раней я успрымаў свой сайт выключна як творчую працу. Але, дзякуючы курсу па медыябізнесе, я навучыўся сёр’ёзна планаваць працу, ствараць медыястратэгію выдання, крытычна параўноўваць свой праект з канкурэнтамі. Дзякуючу адукацыйнаму курсу, сёння мой рэсурс ідзе наперад, — гаворыць рэдактар Braslaw.by Ілля Дзянісаў.
— Мы пачыналі ўсе як валанцёры сайта “Твой стыль”, для нас было нармальна пісаць у вольны ад працы час. Але, калі паспрабавалі стаць сапраўды журналістамі (“Твой стыль” пераўтварыўся ў камерцыйны праект Hrodna.life), то выявілася, што трэба зарабляць грошы, трэба нешта есці і адпачываць нармальна. Таму курс па бізнес-менеджменту мне быў вельмі карысны. Ужо паспелі рэалізаваць праект, які быў прыдуманы падчас курса. Ужо год як у Гродна можна прыехаць замежнікам без візы, і статыстыка гаворыць, што такой магчымасцю скарысталіся 44 тысячы чалавек. Менавіта для іх мы падрыхтавалі гісторыі гродзенцаў пра свой горад на англійскай мове, а таксама англамоўную карту горада, — выказваецца рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік.
— Гэты курс змяніў мой светапогляд на журналістыку. Мы пачыналі рабіць свой сайт выключна як некамерцыйны праект: свабоднае слова, незалежныя навіны, уплыў на грамадства. Ніхто не задумваўся, што мы можам прыцягваць нейкую рэкламу, прыбыткі. Але пасля курса ў нас ёсць сур’ёзнае бачанне развіцця, уцягвання грамадства ў працу рэсурсу. Мы памянялі сайт, змянілася рэдакцыйная палітыка, з’явілася рэклама, — кажа стваральнік сайта “Магілёўскі рэгіён” Зміцер Салаўёў.
— Да пачатку курса ў нас была газета і невялікі сайт. Бізнес-школа ж дала разуменне, што нават пры зніжэнні накладаў друкаванай прэсы незалежнае медыя можа пашырацца. Бізнес-курс даў штуршок для стварэння новага, вельмі паспяховага сайту “Першы рэгіён”.
У ліпені мы запусцілі сайт, а ўжо ў жніўні атрымалі першы рэкламны рубель.
Я раней ўнутрана адчуваў аўдыторыю, але дзякуючы праграме нарэшце змог яе дакладна пралічыць. Інтэрнэт-праекты сёння ў Беларусі імкліва пашыраюцца і гэта дае магчымасці для рэгіянальных выданняў, — мяркуе рэдактар сайта “Першы рэгіён” Пётр Гузаеўскі.
— Я вельмі удзячны курсу БАЖ і бізнес-школы ІПМ за тое, што я атрымаў сур’ёзныя веды для развіцця нашага выдання. Таксама карысна было пазнаёміцца з іншымі медыйнымі праектамі, з якімі цяпер можам быць партнёрамі, — гаворыць Сяргей Бахун з часопіса “Arche. Пачатак”.
— Школа дала магчымасць сур’ёзна структураваць свае веды. На працягу навучання ў нас на Natatnik.by змянялася ўсё: ад рубрык на сайце да знешняга выгляду выдання. Мы пачалі рабіць сваё прыкладанне для мабільнага тэлефона. Таксама ў нас адбыліся змены ў камандзе: некаторыя людзі пакінулі праект, але паралельна з гэтым я знайшоў людзей, якія па сапраўднаму гараць нашым выданнем. Мае калегі і я рэальна бачым, што з нашага выдання можна зрабіць добры бізнес-праект. Мы першыя ў Брэсце запусцілі падкасты з новай камандай, бліжэйшымі днямі запускаем рассылку. І ўсё гэта — дзякуючы ўдзелу ў адукацыйным курсе, — гаворыць галоўны рэдактар Natatnik.by Максім Хлябец.
— Мне ў цэлым курс падабаўся. За час курса я стварыў новы праект, хаця прыйшоў сюды з невялікім блогам. Падчас навучання было шмат інфармацыі пра новыя медыя, структураванасць сайта, SEO, SMM. Курс мне спадабаўся яшчэ і тым, што я пазнаёміўся з калегамі з рэгіёнаў, — кажа стваральнік Downshifter.by Уладзіслаў Юркоў.
— Дзякуючы БАЖ і ІПМ у нас адбыліся сур’ёзныя змены ў праекце. Мы нацэленыя на тое, каб выйсці на першае месца ў Магілёве. У нас у горадзе няма сур’ёзнага гарадскога часопіса, таму плануем такім выданнем стаць. Мы рады, што дапамагаем людзям, ствараем вакол сябе асяроддзе, супольнасці чытачоў. Маем намер рабіць на нашым сайце рубрыкі-кансультацыі для людзей па юрыдычных, псіхалагічных нейкіх пытаннях. Мы хочам быць выданнем, якое дапамагае і аб’ядноўвае людзей, — гаворыць рэдактар Masheka.by Юрый Плоткін.
— Старога Rfrm.io больш не будзе! Дзякуючы бізнес-курсу ў нашым праекце адбыліся сур’ёзныя змены і 1 сакавіка Rfrm.io завяршыў працу ў звыклым фармаце лонгрыдаў. Цяпер мы вядзем перамовы з інвестарамі і маем намер перарабіць выданне ў бізнес-фармат. І бізнес-курс моцна дапамог нам навучыцца паспяхова кантактаваць з інвестарамі, ствараць прафесійныя бізнес-планы з неабходным падыходам. Думаю, цягам месяца наш сайт абвесціць пра старт у новым фармаце, — кажа прадстаўнік Rfrm Фёдар Паўлючэнка.
Як і было заяўлена напачатку курса, найлепшыя, па меркаванні арганізатараў, праекты-удзельнікі атрымаюць бясплатнае кансультацыйнае і арганізацыйнае суправаджэнне свайго выдання.
Такімі праектамі былі названыя: Downshifter.by, “Першы рэгіён”, Masheka.by і Hrodna.Life.
Віншуем!
Фота Таццяны Ткачовай