Заклікаем да спыненьня рэпрэсіяў і ціску на грамадзянскую супольнасьць
Рабочая група Асамблеі НДА заклікала дзяржаву спыніць ціск на грамадзянскую супольнасьць і рэпрэсіі супраць яе прадстаўнікоў, а краінам Эўразьвязу і ЗША прапанавала абумоўліваць узаемадзеяньне з уладамі Беларусі стаўленьнем апошніх да правоў чалавека і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку вымагаючы неўжываньня гвалту супраць НДА, грамадзянскіх актывістаў і палітычных апанэнтаў у якасьці ўмовы для працягу міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з урадам Беларусі.
Заява Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі
26 чэрвеня 2020 г.
Напярэдадні выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь былі ўведзеныя новыя абмежаваньні грамадзянскіх правоў і свабодаў, адбываецца эскалацыя рэпрэсіяў і вядзецца злоўжываньне сродкамі крымінальнага перасьледу дзеля барацьбы з палітычнымі апанэнтамі дзеючых уладаў.
-
У красавіку ўлады Беларусі ўвялі дадатковыя абмежаваньні свабоды сходаў: цяпер падача заявак па дазвол на правядзеньне сходаў патрабуе папярэдняга ўзгадненьня з МУС з заключэньнем абавязковага кантракту на непрапарцыйна вялікую “аплату паслугаў па ахове правапарадку”.
-
Варожым для грамадзянскай супольнасьці крокам сталася прыняцьцё Дэкрэта №3 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”. Гэты акт дадаткова пагоршыў ранейшыя абмежаваньні доступу НДА да замежнага фінансаваньня: ён скараціў пералік мэтаў, на якія можа быць атрыманая дапамога, а таксама ўвёў грашовы збор у памеры 0,5% ад сумы замежнай дапамогі за яе рэгістрацыю, якая зьяўляецца абавязковай. Пагаршэньне рэгуляваньня замежнай дапамогі азначае яе “адзяржаўленьне” і пераход ад кантролю за разьмеркаваньнем замежных сродкаў да наўпроставага перанакіраваньня іх у бюджэт дзяржаўных арганізацыяў і лаяльных уладам каля-дзяржаўных структураў.
-
У траўні для грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў была ўведзеная абавязковая справаздачнасьць аб мерах супраць адмываньня грошай, што ёсьць непрапарцыйнай мерай, не адпаведнай ацэнцы рызыкаў.
-
Ударам па грамадзянскай супольнасьці сталася спыненьне апэрацыяў папулярных краўдфандынгавых плятформаў MolaMola і Ulej, якія ў неспрыяльных прававых ўмовах дазвалялі няўрадавым ініцыятывам знаходзіць фінансавую падтрымку для сваёй дзейнасьці з унутраных крыніцаў, у тым ліку для пераадоленьня наступстваў пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.
-
За паўтары месяцы выбарчай кампаніі зафіксаваныя шматлікія ператрусы, сотні адвольных арыштаў удзельнікаў пікетаў па зборы подпісаў і мірных акцыяў пратэсту, сябраў ініцыятыўных групаў, журналістаў і праваабаронцаў. У тым ліку ўжо напачатку кампаніі рэпрэсіі мэтанакіравана б’юць па ўдзельніках сыстэмы незалежнага назіраньня за выбарамі.
-
Абурэньне выклікаюць крымінальныя справы супраць асобаў, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзыдэнты. Праз адвольны арышт быў пазбаўлены магчымасьці выставіць сваю кандыдатуру папулярны блёгер Сяргей Ціханоўскі, а падозраньні ў датычнасьці да эканамічных злачынстваў, прад’яўленыя былому мэнэджэру банка Віктару Бабарыку, выклікаюць сур’ёзныя сумневы і маюць прыкметы палітычна матываванай помсты за намер вылучацца на выбарах. Асамблея НДА далучылася да супольнай заявы праваабарончага руху Беларусі з прызнаньнем палітвязьнямі В. Бабарыкі і зьняволеных удзельнікаў яго каманды.
У сукупнасьці азначаныя падзеі ўжо першых тыдняў кампаніі сьведчаць пра намер улады правесьці выбары ў атмасфэры застрашэньня насельніцтва і задушэньня любых праяваў непадкантрольнай грамадзянскай актыўнасьці. Далейшы рух па шляху рэпрэсіяў перакрэсьліць ранейшыя дасягненьні па наладжваньні ўнутрыбеларускага дыялёгу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасьцю.
З улікам выкладзенага і грунтуючыся на прынцыпах павагі да правоў чалавека, Рабочая група Асамблея НДА:
-
перасьцерагае ўлады ад увядзеньня новых абмежаваньняў супраць грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ў сфэры свабоды сходаў, свабоды слова і права на доступ да інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце, а таксама ў сфэры свабоды асацыяцыяў і доступу НДА да грашовых рэсурсаў як з унутраных, так і з замежных крыніцаў;
-
выказвае пратэст супраць эскаляцыі рэпрэсіяў супраць грамадзкіх і палітычных актывістаў, журналістаў, назіральнікаў ды іншых удзельнікаў выбарчага працэсу;
-
заклікае ўлады да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а таксама да спыненьня адвольных арыштаў і выкарыстаньня гвалту ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў, а таксама да спыненьня злоўжываньня крымінальным перасьледам як сродкам барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.
Рабочая група Асамблеі НДА зьвяртаецца да краінаў Эўразьвязу і ЗША з прапановай абумоўліваць узаемадзеяньне з уладамі Беларусі стаўленьнем апошніх да правоў чалавека і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку вымагаючы неўжываньня гвалту супраць НДА, грамадзянскіх актывістаў і палітычных апанэнтаў у якасьці ўмовы для працягу міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з урадам Беларусі.