Закапаныя грошы: дэтэктыўная гісторыя пад Брэстам
У канцы 1939 года некалькі супрацоўнікаў польскага Міністэрства дзяржаўнай маёмасці нелегальна перайшлі толькі што ўсталяваную савецка-германскую мяжу. Што яны шукалі за Бугам і ці атрымалася ім вывезці тое, за чым яны прыйшлі?
У канцы кастрычніка 1939 года ў будынак дырэкцыі Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Польшчы, якое знаходзілася ў акупаванай нацыстамі Варшаве на вуліцы Кашыковай, увайшоў былы інспектар Дэпартамента падаткаў Тадэвуш Дытрых. Аказалася, што перад вайной ён працаваў на тэрыторыі Палескага ваяводства, а ў канцы жніўня 1939 года быў прызначаны адказным за вялікую грашовую суму, якую атрымаў з касы Міністэрства. Такія “фінагенты” адмыслова накіроўваліся ў розныя раёны краіны і павінны былі пры неабходнасці аказваць “дапамогу” дзяржаўным установам.
Клерк паведаміў варшаўскім чыноўнікам, што ў яго распараджэнні было 200 тысяч злотых. Падчас знаходжання на Палессі ён не патраціў ні гроша.
Калі 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія перайшла “рыжскую мяжу”, фінансавы агент вырашыў вярнуцца ў Варшаву. Аднак, баючыся стаць ахвярай зладзейскага нападу, ён вырашыў…закапаць грошы. “Грошы ляжаць дзесці там, за Брэстам гніюць.
Шкада, што так. Гэта адбываецца ў той момант, калі тут, у Варшаве, столькі людзей галадае. Тыя грошы зараз бы вельмі спатрэбіліся ”, — скончыў свой расказ госць міністэрства.
Былы дырэктар аднаго з адзелаў Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Польшчы Вацлаў Драяноўскі, які ў якасці памочніка нямецкага вайсковага чыноўніка працягваў выконваць свае абавязкі, зацікавіўся гэтай інфармацыяй. Сапраўды, жыхарам акупаванай Польшчы была патрэбная дапамога. Яна была патрэбна і польскім падпольным вайсковым арганізацыям. Але грошы ляжалі ў 300 км ад Варшавы, на тэрыторыі СССР.
На Цярэспаль
На наступны дзень Драяноўскі ізноў сустрэўся з інспектарам папрасіў таго дакладна апісаць месца, дзе той схаваў грошы. Па ўспамінах чыноўніка, той закапаў мяшок з грошамі прыкладна на 50 кіламетры шашы Брэст — Ковель. “Ад кіламетровага слупа адыходзіць сцежка. Трэба прайсці 200 метраў і на скрыжаванні з другой сцежкай павярнуць улева. Праз 50 крокаў стаіць дрэва, дваццаць крокаў на поўнач, у полі сярод жыта, закапаныя грошы. Дарэчы, на кары дрэва я выразаў стрэлку, каб пазначыць накірунак знаходжання клада”, — распавёў клерк. Пасля гэтага ён намаляваў план мясцовасці, пра якую ішла размова.
Даваенныя манеты Другой Рэчы Паспалітай. З калекцыі аўтара
Польскія чыноўнікі пачалі аналізаваць сітуацыю. Ці варта лезці ў Савецкі Саюз за папяровымі злотымі, якія, акрамя таго, што дэвальваваліся за месяц вайны, дык яшчэ маглі банальна згніць? А можа іх ужо адкапалі мясцовыя сяляне, ці савецкія ўлады? І калі адпраўляць людзей за грашыма, ці змогуць яны перайсці мяжу паміж Генерал-губернатарствам (акупаванай нацыстамі часцы Польшчы) і БССР? У рэшце рэшт, было прынята рашэнне, накіраваць за кардон супрацоўніка, які выдатна валодаў расейскай мовай і добра ведаў асаблівасці жыцця “у Расіі”. Яго суправаджалі яшчэ два клеркі з міністэрства. Аднак, праз некалькі дзён уся тройка вярнулася ў Варшаву. Аказалася, што ў Цярэспалі ім не атрымалася знайсці праваднікоў праз савецка-германскую мяжу. Больш таго, актыўныя пошукі звярнулі ўвагу на іх з боку нямецкай памежнай аховы і “фінансістам” прыйшлося адмовіцца ад выканання задання.
Хутка пачынаецца падрыхтоўка новай групы. У яе ўваходзілі супрацоўнік аховы Міністэрства дзяржаўнай маёмасці Польшчы Банькоўскі, начальнік аднаго з адзелаў Міністэрства Фаландыш (брат гэтага чалавека жыў побач з памежнай ракой Буг – І.М.) і Сафія Геблава, супрацоўніца Міністэрства, якая выдатна ведала рускую мову. Апошнюю далучылі ў каманду яшчэ і таму, каб не пасылаць “у Саветы” тройку мужчын, якая адразу бы трапіла пад увагу спецыяльных органаў.
У дакументах гэтым людзям запісалі “правільныя класавыя прафесіі” — фурман, прыбіральшчыца, парцье. У Варшаве разважалі, што “працоўны люд” хутчэй знойдзе агульную мову з савецкімі памежнікамі і жыхарамі Брэста. “Скарбашукальнікі” ўзялі з сабой ранцы, сапёрную рыдзёўку і дрот для пошуку грошаў у зямлі. Цягніком тройка даехала да Цярэспаля, адкуль на падводзе “фінансісты” дабраліся да Кодня, дзе жыў брат Фаландыша. На наступны дзень той знайшоў правадніка для пераходу савецка-германскай мяжы.
“Вы павінны ноччу перайсці мяжу і дабрацца да Брэста пакуль не развіднелася. Раніцай там шмат памежных патрулёў. Яны ловяць “бежанцаў”. Тады адразу турма ў крэпасці. Таму, трэба як мага хутчэй дабрацца да горада, зняць кватэру, лепей у габрэя, знайсці цягнік да Ковеля і даехаць да гэтага 50-га кіламетра. Калі паспееце ўсё зрабіць на працягу наступных двух дзён, то праваднік вас сустрэне. Але калі не паспееце, будзіце вымушаны вяртацца самі”, — адзначыў сваяк.
Даваенныя папяровыя грошы Другой Рэчы Паспалітай
У Саветы
Пасля вячэры праваднік забраў “тройку” і павёў яе ў абыход нямецкіх памежных пастоў. Праз некалькі дзесяткаў хвілін лодка пераплыла на савецкі бок мяжы. З боку Брэста даносіліся стрэлы, але гэта не пужала “фінансістаў” і яны пайшлі ў накірунку горада. У ваколіцах горада на Бугу “гасцей з Захаду” ўсё ж затрымалі савецкія міліцыянеры. Не гледзячы на “добрыя” дакументы “варшаўскіх бежанцаў” накіравалі ў адзел міліцыі, а потым у…Брэсцкую крэпасць. Затрыманых на мяжы польскіх грамадзян вялі праз увесь горад пад канвоем. У турэмных камерах сядзела шмат людзей. Ад іх Банькоўскі і Фаландыш даведаліся, што хутка “бежанцаў” будуць раздзяляць на две групы: тых, хто хоча назад у Польшчу, і тых, хто жадае застацца ў СССР. Праз некалькі гадзін савецкія жаўнеры ў “зялёных фуражках” сапраўды пачалі раздзяляць перабежчыкаў па вышэй згаданай схеме. “Тройка” вырашыла выканаць заданне і выбрала магчымасць застацца ў савецкай Беларусі. “Бежанцаў” пагрузілі ў “палутаркі” і павезлі ў Брэст, а там высадзілі на вуліцы і загадалі разыходзіцца. Хутка варшаўская “троіца” зняла пакой у мясцовага габрэя. “Панове палякі, з таго боку? Будзе ў мяне пакой для вас”, — сказаў той.
Дабрацца да клада
“Фінансісты” пачалі шукаць магчымасць дабрацца да 50 км Ковельскай шашы. Геблава і Фаландыш, разыгрываючы закаханую пару, накіраваліся на берасцейскі чыгуначны вакзал. Там быў натоўп людзей, вайскоўцаў, чыноўнікаў. У выніку “скарбашукальнікі” набылі квіткі і праз пару гадзін ужо сядзелі ў забітым пасажырамі цягніку. Маларыта, мост на Прыпяці і вось, нарэшце, патрэбны прыпынак, ад якога яшчэ каля 7 кіламетраў пешшу. Праз гадзіну яны дайшлі да шашы, на кіламетровым слупе была лічба “48”.
Праз 20 хвілін група была побач з “50‑м кіламетрам” і звярнула па сцежцы ў накірунку месца, дзе ляжалі 200 тысяч злотых. Вось дрэва са стрэлкай і поле. Ахоўнік Банькоўскі пайшоў шукаць “клад”, а двое іншых “стаялі на стрёме” і назіралі за шашой і сцежкай.
“Атрымалася, знайшоў. Без дроту б было цяжка. Праўда, не ведаю, ці гэтыя грошы на нешта прыдатныя. Там адно балота. Я ўзяў адну траціну дэпазіту, вам яшчэ засталося забраць свае часткі”, —прамовіў Банькоўскі. У мяшку ляжалі пачкі з банкнотамі ў 50 і 100 злотых. Спакаваўшы грошы ў свае заплечнікі (а Геблава ў пас на таліі — І.М.), “паляўнічыя за скарбам” накіраваліся на чыгуначную станцыю. Аказалася, што цягнік на Брэст толькі што адыйшоў. І тут троіца ізноў звярнула на сябе ўвагу міліцыянераў. Аднак дакументы у “бежанцаў” былі ў парадку.
Цягнік да горада прыйшлося браць штурмам: прабіцца ў вагон супрацоўнікам польскага Міністэрства дзяржаўнай маёмасці атрымалася толькі праз некалькі станцый. Да гэтага, яны мерзлі на прыступках вагону. У рэшце рэшт, група даехала да Брэста.
Вярнуцца ў Генерал-губернатарства
“Эх, як народ мучыцца, як мучыцца”, — сустрэў іх стары габрэй, у якога госці з Варшавы здымалі пакой. Хутка “скарбашукальнікі” расклалі на падлозе старыя нумары польскага часопісу Światowid і пачалі сушыць грошы. У гэты момант маленькі пакой стаў нагадваць сховішча Банку Польскага. Пасля гэтага троіца пайшла спаць і праспала амаль суткі. Такім чынам, на правадніка праз мяжу ўжо ніхто не разлічваў і “паляўнічыя за скарбамі” разумелі, што ісці праз кардон прыйдзецца самім. “Я бачу панове, як вы паглядаеце на той бок Бугу. Гэта, канешне, не мая справа, але перапраўляцца праз раку без правадніка не раю. Узровень вады вельмі высокі. Патонеце. Лепей пераходзіць мяжу па сушы. Побач з Малкіняй”, — параіў гаспадар кватэры.
Аферы, кіно і турызм у міжваеннай польскай прэсе ў Заходняй Беларусі (+фота)
На наступный дзень “скарбашукальнікі” ізноў селі ў цягнік і накіраваліся на кардон. З дапамогай мясцовага жыхара усе трое хутка дабраліся да памежнай дыстанцыі. “Бойцеся і “зялёнагаловых”, і немцаў. Іх тут шмат”, — сказаў на развітанне селянін. Пасля гэтага троіца накіравалася на Захад, прайшла разараную паласу зямлі і ў гэты момант пачула стрэлы і крыкі: “Halt! Halt” (Стой ‑ням. – І.М.). У тыя хвіліны ўсё жыццё прабегла перад вачамі фінансавых служачых з Варшавы, але, аказалася, што немцы злавілі іншага парушальніка мяжы, побач ад таго месца дзе нашыя “скарбашукальнікі” вярталіся ў Польшчу. Зразумеўшчы гэта тыя пабеглі ў лес. На паказальніку побач з дарогай было напісана “Малкіня 6 кіламетраў”. Прайсці гэтую адлегласць падчас, калі паўсюль ходзяць патрулі “Grenzschutzu” (нямецкай памежнай аховы – І.М.), справа цяжкая, але “фінансісты” з ёй справіліся. Праз некалькі гадзін яны ўжо сядзелі ў цягніку, які накіроўваўся ў Варшаву.
Справа зроблена?
Даехаўшы да акупаванай нацыстамі польскай сталіцы, яны адправіліся на кватэру дырэктара Драяноўскага, якая знаходзілася на Алеі Незалежнасці. “Са шчытом, ці на шчыце”, — запытаў начальнік. “Са шчытом, але трохі пашкоджаным”, — адказаў Банкоўскі. Тут тройка высыпала пачкі банкнотаў на стол і пачала расказваць пра сваё падарожжа. Некалькі наступных дзён Драяноўскі займаўся сушкай асігнацый.
На календары быў канец снежня 1939 года і грошы, прывезеныя з тэрыторыі СССР былі вельмі патрэбныя жыхарам акупаванай польскай сталіцы. 27 снежня 1939 года Драяноўскі накіраваўся да дырэктара Камунальнай ашчаднай касы Варшавы, дзе абмеркаваў магчымасць абмену паўзнішчаных банкнот на новыя. “Прыходзь пасля новага года. Вырашым!”, — адзначыў банкір.
Драяноўскі з нецярплівасцю чакаў чарговага візіта ў банк. 2 студзеня 1940 года ў касе ён атрымаў 200 тысяч злотых новымі банкнотамі. Хутка пачаліся выплаты пазык у 200–300 злотых жыхарам сталіцы і ўстановам. Сярод іншых грашовую дапамогу атрымалі Міністэрства юстыцыі Польшчы, Польскі Чырвоны крыж і іншыя арганізацыі, працу якіх яшчэ не спынілі нацысты. Аднак ужо ў красавіку 1940 года немцы ўвялі на тэрыторыі Генерал-губернатарства новыя папяровыя грошы, якія выпускаў эмісійны банк у Кракаве. Усе даваенныя польскія банкноты прызнаваліся несапраўднымі. У гэтай сітуацыі ізноў дапамаглі кантакты супрацоўнікаў Міністэрства дзяржаўнай маёмасці з варшаўскімі банкірамі, якія паспелі абмяняць старыя злотыя на акупацыйныя грошы. Так скончылася эпапея з вяртаннем польскага дэпазіту з савецкай тэрыторыі.
Канец польскіх злотых у Заходняй Беларусі
А што адбывалася з польскімі грошаміі на тэрыторыі заходніх абласцей БССР?
Падчас эвакуацыі ў верасні 1939 года польскія ўлады імкнуліся, перш за ўсё, вывезці каштоўнасці і золата. Пра “паперу” ўзгадвалі ў апошні момант. Відаць, гэтым тлумачыцца тое, што ў адзяленні Банка Польскага ў Брэсце банкаўскія служачыя “забыліся”…12 мільёнаў злотых.
Пра гэта ў кастрычніку 1939 г. у дакладной запісцы, накіраванай сакратару ЦК КП (б) Б Н.Г. Грэкавай пісаў намеснік загадчыка аддзела кадраў ЦК КП(б)Б Краўцоў. Прывядзём цытату з гэтага дакумента:
“Калі часовае кіраванне прыступіла да працы, у банку не аказалася ні капейкі грошай, за выключэннем 12 мільёнаў злотых, якія палякі прабілі, г.зн. сапсавалі. Часовае кіраванне прыняло ўсе неабходныя меры да набыцця сродкаў для пакрыцця неабходных выдаткаў. Набыццё сродкаў ішло рознымі шляхамі: работнікі Часовага ўпраўлення ездзілі па памешчыцкіх маёнтках, у іншыя гарады (якія адышлі да Германіі) і такім чынам назбіралі да 2 мільёнаў рублёў, якія і ўклалі ў банк. Па прыездзе таварыш Леановіч, камісар банка, спыніў ўсякую выдачу грошай, матывуючы гэта рашэнне тым, што грошы, якія знаходзяцца ў банку, з’яўляюцца трафейнымі і павінны ўвайсці ў бюджэт дзяржавы. У цяперашні час рахункі як абласнога, так і павятовага Часовага ўпраўлення адчыненыя. Акрамя таго, усімі трафейнымі грашыма распараджаецца не камісар банка, а старшыня абласнога Часовага кіравання. Аднак неабходна ўказаць, што кіраўнікі Палескай вобласці слаба разгарнулі работу па спагнанні падаткаў з купцоў, гандляроў і іншых асоб”.
У пачатку кастрычніка 1939 года Палітбюро ВКП(б) прыняло дырэктыву, у адпаведнасці з якой у кожны польскі банк прызначаўся камісар, у абавязкі якога ўваходзіла правядзенне інвентарызацыі фінансавай установы. Працу ўсіх былых польскіх банкаў, якія знаходзіліся ў Заходняй Беларусі, курыраваў прадстаўнік Дзяржбанка СССР, які знаходзіўся ў Беластоку. З гэтага моманту, звычайныя грамадзяне маглі зняць са сваіх банкаўскіх рахункаў толькі да 300 рублёў у месяц. Банкам забаранілі праводзіць фінансавыя аперацыі з замежнымі філіяламі або партнёрамі.
Пазней у кожнай з заходнебеларускіх абласцей былі створаны аддзяленні Дзяржбанка СССР, а ў раённых цэнтрах адкрыты ашчадкасы. Курс польскай валюты ўраўналі з савецкім рублём, прытым, што да вайны за польскі злоты давалі 3 рублі 30 капеек.
8 снежня 1939 гады савецкія ўлады прынялі пастанову аб тым, што з 11 снежня 1939 года зарплата рабочым і служачым на тэрыторыі заходніх абласцей БССР павінна была выдавацца толькі савецкімі грашовымі адзінкамі, а з 21 снежня злотыя перасталі прымаць і ў крамах. У пачатку 1940 года валюта Другой Рэчы Паспалітай у заходніх абласцях БССР ператварылася ў звычайную паперу.