Захоплены праўладнымі хакерамі тг-канал «Бінокля” трапіў у спіс “экстрэмісцкіх”
У судзе Ленінскага раёна Брэста 17 чэрвеня адбыліся судовыя пасяджэнні аб прызнанні “экстрэмісцкімі матэрыяламі” адразу некалькіх інтэрнэт-рэсурсаў: сайта платформы “Новая Беларусь” (www.newbel.info), YouTube-канала “Новая Беларусь — Рэформы для людзей”, а таксама тэлеграм-канала з назвай “Брэст Live”.
Апошні рэсурс цікавы тым, што прыблізна год таму ён з’явіўся замест тэлеграм-канала незалежнага брэсцкага інтэрнэт-часопіса “Бінокль”.
У 2020 годзе “Бінокль” актыўна асвятляў акцыі пратэсту пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.
На пачатку 2021 года супрацоўнікі Дзяржкантролю прыйшлі з аглядам у кватэру выдаўца выдання Дар’і Герашчанкі і ў офіс фірмы яе мужа Паўла Герашчанкі.
Агляды праводзіліся нібыта ў сувязі з праверкай з прычыны нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. У выніку сілавікі забралі з памяшканняў дакументы, пячаткі, нататнікі і камп’ютары. Неўзабаве сайт выдання binkl.by стаў недасяжным, а рэдакцыя на некаторы час страціла доступ да свайго тэлеграм-канала.
У траўні 2021 года невядомыя асобы ўзламалі тэлеграм-канал “Бінокль” і далі яму новую назву — “Брэст Live”. Узломшчыкі выдалілі ўсе папярэднія запісы і пачалі выстаўляць міліцэйскія зводкі. Сталі з’яўляцца праўладныя публікацыі, што таксама сведчыла пра захоп інтэрнэт-рэсурса.
Такім чынам, тэлеграм-канал “Брэст Live” на момант судовага працэсу ўяўляў сабой тыповы прапагандысцкі канал блізкі да сілавікоў. Аднак з невядомых прычын ён быў залічыны у спіс “экстрэмісцкіх”.
Дарэчы, як звяртаюць увагу мясцовыя праваабаронцы, адпаведанае рашэнне прымала брэсцкая суддзя Алена Кавальчук, якая ўжо паспела прызнаць “экстрэмісцкімі матэрыяламі” сама меней 38 інтэрнэт-рэсурсаў.
Яшчэ адна навіна на гэты конт прыйшла з Ганцавічаў: там 21 чэрвеня старшыня суда Ганцавіцкага раёна Аксана Зоткіна прызнала “экстрэмісцкімі матэрыяламі” групу ў Viber пад назвай “Горячие новости Ганцевичей”.
Адміністратары суполкі, даведаўшыся пра судовае рашэнне, перайменавалі групу ў “Холодные новости Ганцевичей”.
Чытайце яшчэ:
Упершыню за 44 гады: у «Вясёлкі» — новы галоўны рэдактар
Як Георгія Станкевіча спрабавалі двойчы асудзіць за публікацыю, якой ён не рабіў
З‑за мяжы перастаў адкрывацца сайт спартыўнага выдання «Прэсбол»