Заходняя Беларусь. Статыстыка “польскага” часу
Нядаўна на адным з беларускіх аўкцыёнаў я набыў некалькі польскіх статыстычных малых штогоднікаў 1930-х гадоў. Гэтыя выданні даюць выдатнае прадстаўленне пра сацыяльна-эканамічнае становішча Другой Рэчы Паспалітай ўвогуле і Заходняй Беларусі ў прыватнасці.
Хто падлічваў
Каб ацаніць працу Галоўнага статыстычнага агенцтва міжваеннай Польшчы (Główny urząd statystyczny, скарочана GUS), трэба, безумоўна, прааналізаваць усе штогоднікі, але замест гэтага мы звернем увагу на дадзеныя, якія дазваляюць зразумець, з якім балансам заходняя суседка Беларусі падышла да Другой сусветнай войны.
Варта адзначыць, што Галоўнае статыстычнае агенства бярэ сваю гісторыю з 1918 года і з’яўляецца найбольш старой польскай адміністратыўнай інстытуцыяй. У міжваенны час яго галоўная сядзіба знаходзілася на сталічнай вуліцы Алеі Ерузалімскія, 32 у Доме Крынскага. З кастрычніка 1929 і да 1939 года кіраўніком гэтай арганізацыі быў Эдвард Штурм дэ Штрэм.
У кожным са штогоднікаў друкавалася прадмова, напісаная гэтым чалавекам. Так, у выданні за 1930 год чытаем: “Жадаючы згрупіраваць ў “Малым статыстычным даведніку” як мага больш усебаковую інфармацыю, Галоўнае статыстычнае агенцтва не абмежавалася публікацыяй лічбаў, атрыманых з дзяржаных крыніц, але ў вялікай колькасці выпадкаў карысталася дадзенымі, якія былі апублікаваныя рознымі інстытутамі ці аўтарамі. Таксама Галоўнае статыстычнае агенцтва імкнецца як мага часцей параўноўваць дадзеныя міжнароднай статыстыкі, што дазваляе зразумець, якое месца займае Польшча сярод іншых дзяржаў і народаў”.
Міграцыйныя плыні
Вялікую цікавасць уяўляюць падлікі таго, як узрастала колькасць насельніцтва, а таксама характарыстыка міграцыйнай сітуацыі ў міжваеннай Польшчы. Па падліках супрацоўнікаў GUS, у перыяд з 1925 па 1929 гады ва ўсходніх ваяводствах было зарэгістравана 48 тысяч шлюбаў; нарадзілася 190 тысяч дзяцей, а 86 тысяч жыхароў так званых “крэсаў” памерла. Такім чынам натуральны прырост насельніцтва ў рэгіёне склаў 104 тысячы чалавек. У сваю чаргу, у перыяд з 1930 па 1934 гады ва ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай было зафіксавана 278 тысяч шлюбаў, пры гэтым нарадзілася 934 тысячы чалавек, а ў “лепшы свет” адправілася 483 тысячы. З гэтага выходзіла, што натуральны прырост насельніцтва склаў 451 тысячу чалавек.
У Малым статыстычным штогодніку за 1938 год польскія навукоўцы публікавалі ўжо дакладныя дадзеныя па кожным ваяводстве. Такім чынам, у 1931–1935 гадах у Віленскім ваяводстве было зарэгістравана 11 тысяч шлюбаў, 35 тысяч чалавек нарадзілася, а 18 тысяч памерла. Натуральны прырост насельніцтва на Віленшчыне склаў у гэты час 17 тысяч чалавек. На Навагрудчыне зарэгістравалі 9 тысяч шлюбаў, 34 тысячы немаўлят з’явілася на свет, а 16 тысяч чалавек памерла. Прырост склаў 18 тысяч чалавек. У Палескім ваяводстве зарэгістравалі 9 тысяч маладых сем’яў, нарадзілася 40 тысяч чалавек, а 18 тысяч памерла. Прырост быў 22 тысячы грамадзян.
Вялікую цікавасць уяўляюць падлікі міграцыйных працэсаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, зробленыя польскімі дэмографамі. Не сакрэт, што міжваенная Другая Рэч Паспалітая, хоць і мела імперскія амбіцыі, была краінай з вялікай колькасцю праблем у сферы эканомікі, палітыкі і грамадскага жыцця. Пры гэтым, напрыклад, праблемы з безпрацоўем часта вырашаліся стымуляваннем эміграцыі некаторых этнічных груп (напрыклад, габрэяў) з краіны. Пры гэтым, афармленне ўсіх неабходных для выезду дакументаў (пашпартоў, візаў і г.д.) не стварала для мігрантаў вялікіх цяжкасцяў. Аднак варта ўлічваць, што ў 1930‑я гады ў Польшчу прыязжала і вялікая колькасць замежных гасцей. Нехта з іх меў сумесны з палякамі бізнес, іншыя беглі ад цяжкасцяў на Радзіме, а трэція, захапіўшыся палескімі краявідамі, накіроўваліся на Усход Еўропы.
У перыяд з 1919 па 1928 гады з Другой Рэчы Паспалітай у еўрапейскія краіны выехала больш за паўтара мільёны чалавек, пры гэтым 590 тысяч чалавек на працягу ўзгаданага дзесяцігоддзя вярнулася.
У сваю чаргу, з 1931 па 1934 гады межы Польшчы пакінулі 175,5 тысяч чалавек, а вярнулася на Радзіму ў гэты час 179,1 тысяча чалавек, што сведчыць пра тое, што эканамічнае становішча Другой Рэчы Паспалітай у пачатку 1930‑х гадоў паляпшалася і людзі вырашалі не шукаць лепшай долі за мяжой, а вярнуцца да дому.
Цікавым фактам з’яўляўляецца тое, што ў перыяд з 1930 па 1934 гады ў Польшчы было выдана амаль 319 тысяч замежных пашпартоў. Пры гэтым з 1931 па 1934 гады было ў пашпарты замежных грамадзян было прастаўлена 843 тысячы польскіх уяздных віз. У сваю чаргу, у перыяд з 1935 па 1937 гады межы Польшчы пакінула амаль 211 тысяч чалавек, а ў Польшчу вярнулася 138 тысяч польскіх грамадзян.
За дзесяцігоддзе з 1927 па 1937 гады з Віленскага ваяводства на сезонныя працы ў Латвію з’ехала 62 тысячы чалавек, а з Навагрудскага — 6,7 чалавек. Што ж тычыцца выезда на сталае жыхарства, то за акрэслены час у іншыя краіны свету з Віленскага ваяводства паехала амаль 23 тысячы чалавек, з Навагрудскага – 14,1 тысячы чалавек і з Палескага – 30,3 тысячы.
Паводле статыстычных дадзеных ў перыяд з 1934 па 1937 гады Вільню наведалі 6 400 замежнікаў. Нарэшце, у 1938 годзе неафіцыйную сталіцу Заходняй Беларусі наведала 1 800 замежнікаў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны з Віленскага ваяводства за мяжу выехала 3 500 чалавек, з Навагрудскага 200 чалавек, а з Палескага 400 грамадзян.
Даваенныя абменныя курсы
Вельмі цікавай з’яўляецца інфармацыя эканамічнага характару, звязаная з курсамі валют ў 1930‑я гады. Так, калі ў 1926 годзе на Варшаўскай біржы за адзін долар ЗША давалі 8 злотых 90 грошаў, то ў 1935 годзе курс быў ужо 5 злотых 31 грош за адну зялёную паперку з партрэтам Джорджа Вашынгтона. Не змяніўся гэты курс і ў 1939 годзе.
У сваю чаргу, 1 брытанскі фунт стэрлінгаў у 1939 годзе каштаваў 25, 93 злотых; 100 французскіх франкаў — 15,31 злотых; 100 швейцарскіх франкаў — 121,34 злотых; 100 італьянскіх лір — 27,92 злотых і 100 нямецкіх рэйхсмарак — 212,54 злотых.
Перад нападам Германіі на Польшчу, паводле Статыстычнага даведніка, у Віленскім ваяводстве працавала адно прадстаўніцтва Банку Польскага, адно прадстаўніцтва Банку краёвай гаспадаркі, 8 прыватных банкаўскіх дамоў, 184 паштовыя касы PKO, 46 хрысціянскіх кас і 73 габрэйскія касы безпрацэнтных пазык.
У Навагрудскім ваяводстве была свая сядзіба Банку Польскага, адзін прыватны банкаўскі дом, 139 паштовых кас PKO, 13 хрысціянскіх і 41 яўрэйская каса безпрацэнтных пазык. У сваю чаргу у Палескім ваяводстве было два прадстаўніцтва Банку Польскага, два прадстаўніцтва Банку краёвай гаспадаркі, 107 паштовых кас PKO, 10 хрысціянскіх і 47 яўрэйскіх кас безпрацэнтнай пазыкі.
Колькі каштаваў хлеб
Нарэшце, узгадаем цэны на некаторыя прадукты харчавання, якія былі ў 1938 годзе ў Вільні (і, хутчэй за ўсё, іншых гарадах Заходняй Беларусі). Так, бохан чорнага хлеба каштаваў 32 гроша, кілаграм пшанічнай мукі — 50 грошаў; кілаграм бульбы — 5 грошаў; кілаграм ялавічыны — 98 грошаў (у Варшаве ўжо 1 злоты 43 гроша); кілаграм свініны — 1 злоты 25 грошаў; кілаграм сала — 1 злоты 78 грошаў; літр малака — 18 грошаў; кілаграм масла — 3 злотых 90 грошаў; адно курынае яйка — 6 грошаў; кілаграм цукру — злоты; 10 кілаграмаў вуглю — 32 гроша; літр керасіна — 35 грошаў; за 10 кілават электраэнэргіі трэба было заплаціць 7 злотых.
Хутка пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад СССР савецкія ўлады адмянілі даваенныя польскія грошы і ўвялі савецкі рубль. Пашпарты з белым арлом замяняліся на савецкія, а шматлікія жыхары заходніх абласцей БССР былі арыштаваныя НКУС і дэпартаваныя з Беларусі. Вялікія і крывавыя змены ў дэмаграфічнае аблічча заходнебеларускага рэгіёна ўнесла Другая сусветная. Сёння польскія штогоднікі 1930‑х гадоў з’яўляюцца выдатнымі крыніцамі па гісторыі Беларусі ў міжваенны час.