“Забытыя героі”. Новая кніга Ігара Мельнікава
У мінскім выдавецтве “Альфа-кніга” убачыла свет новае выданне вядомага беларускага даследчыка, прысвечанае жаўнерам з Беларусі ў складзе Другога польскага корпусу і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе.
Новая кніга — гэта больш за 100 старонак малавядмых фактаў па гісторыі удзелу беларусаў у барацьбе з нацызмам у складзе Польскіх узброенных сіл на Захадзе.
Чытачы кнігі даведаюцца не толькі пра дэталі бітвы пад Монтэ-Касіна і аперацыі “Маркет-Гардэн”, але і азнаёмяцца з асаблівасцямі ўніформы, рыштунку і ўзбраення жаўнераў Другога польскага корпусу і Першай паветрана-дэсантнай брыгады.
Найбольшым плюсам новай кнігі з’яўляецца публікацыя біяграфій звычайных беларускіх жаўнераў Войска Польскага на Захадзе.
Гісторыю гэтых, на доўгі час не заслужана забытых на Радзіме, людзей варта ведаць і з павагай ставіцца да іх мужнасці і гераізму, праяўленых у барацьбе з нацызмам падчас Другой сусветнай вайны.
Кніга “Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе” багата ілюстравана здымкамі з прыватнай калекцыі аўтара, а таксама з іншых архіваў.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца 14 лютага 2017 года, у 18–30 у Бізнэс-клубе “Імагуру” (Мінск, вул. Фабрыцыўса, 4). Уваход вольны.