Забудоўшчык Dana Holdings рэкламуецца наўпрост у навінах па АНТ — гэта законна?
“Унікальная акцыя толькі да канца лета”, “без працэнтаў і паручыцеляў”, “прапанова выклікала ажыятаж”, “дом вылучаецца па камфорце і архітэктурных рашэннях”, “новыя стандарты будаўніцтва”. Так тэлеканал АНТ у звычайным выпуску навін расказвае пра кватэры ад сербскай кампаніі Dana Holdings, якая актыўна забудоўвае Мінск. З вуснаў вядучых не гучыць ні слова пра тое, што гэта рэклама. А так можна было?
На відавочна рэкламныя ролікі Dana Holdings у выпусках навін на тэлеканалах АНТ і СТБ звярнуў увагу палітычны аналітык Андрэй Елісееў:
Тэлеканалы ў выпусках агульнанацыянальных вячэрніх навін прадэманстравалі саладжавыя, чыстай вады рэкламныя матэрыялы 5‑хвіліннай працягласці (!) На карысць адной канкрэтнай прыватнай дэвелаперскай кампаніі (Dana Holdings), пры гэтым сюжэты не мелі ні найменшай грамадскай каштоўнасці. І ні на якім этапе ні тэлевядучыя, ні рэпарцёры не зрабілі заўвагу пра рэкламны тып матэрыялу, гэта ніяк не было пазначана.
Колькі каштуе 10 хвілін рэкламы на СТБ і АНТ у прайм-тайм, колькі было заплачана кампаніяй Dana Holdings за гэтыя матэрыялы і чаму нідзе не пазначаны рэкламны тып матэрыялу? Што на гэта скажа Міністэрства антыманапольнага рэгулявання? І наогул, чаму ў выпусках агульнанацыянальных тэлеканалаў дапускаецца дзікая рэклама прыватнай кампаніі? Гэта паслуга даступная ўсім?
Вось прыклад такога сюжэта пра Dana Holdings, які выйшаў у эфір 20 жніўня:
Рэклама ці не?
Толькі на ютуб-канале АНТ можна знайсці дзясяткі шаблонных ролікаў пра “шчаслівых навасёлаў”, “суперсучасныя жыллёвыя комплексы” і “ўнікальную растэрміноўку на кватэры”, якую прапаноўвае кампанія сербскіх алігархаў Карычаў:
У маркетынгавай службе тэлеканала АНТ не хаваюць, што сюжэты Dana Holdings падчас выпуску навін — рэклама. Аднак, па словах супрацоўніцы аддзела, заканадаўства не патрабуе гэта неяк абазначаць:
«Няма патрабаванняў, каб камерцыйныя матэрыялы на канале АНТ былі з пазнакай «Камерцыйныя матэрыялы». Калі пачытаць «Закон аб СМІ», то ў дачыненні да тэлебачання там ёсць асаблівыя ўмовы. На жаль, нашы гледачы не ўсе валодаюць гэтай інфармацыяй, але яны не абавязаныя чытаць законы дасканала. Але літары закона мы прытрымліваемся».
Хіба можна рэкламавацца ў навінах?
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прымае бок беларускіх тэлеканалаў і кампаніі, якая на іх рэкламуецца. У адказе за подпісам міністра Уладзіміра Калтовіча паведамляецца, што “размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы ў перадачах навін законам не забараняецца”.
Таксама там пералічана, якія матэрыялы абавязкова мусяць быць пазначаныя як рэкламныя. Гэта датычыцца “рэкламы лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскай тэхнікі і біялагічна актыўных дабавак да ежы”. Будаўнічых паслуг у пераліку няма — значыць, і пазнака пра рэкламны характар матэрыялу не абавязковая!
На думку міністэрства, “размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламнага сюжэта ў перадачы навін на падставе дагавора паміж рэкламадаўцам і рэкламараспаўсюджвальнікам не з’яўляецца схаванай рэкламай”. Значыць, усё добра!
Ці даступная падобная рэклама іншым бізнесам?
У маркетынгавым аддзеле АНТ кажуць, што ніякіх асаблівых умоў для Dana Holdings няма. Проста сербскі забудоўшчык мае грошы, каб аплаціць падобныя паслугі:
«Няма манаполіі на размяшчэнне каго-небудзь. Могуць усе кампаніі, якія маюць магчымасць фінансава за сябе адказваць. Праўда, трэба прайсці рэдактуру шэф-рэдактара праграмы навін, таму што ўсе тэмы ўзгадняюцца і не ўсё зможа выйсці ў праграме «Нашы навіны». Калі хтосьці захоча расказаць пра, напрыклад, зубную пасту, то мы як рэспубліканскі канал расказваць пра яе не будзем. Але калі гаворка датычыцца забудоўшчыкаў, то жыллёвая тэма ва ўсе часы хвалюе нашых грамадзян».
Колькі каштуе ролік працягласцю ад 4 да 6 хвілін у выпуску праграмы “Нашы навіны” на тэму, якае хвалюе грамадзян, супрацоўніца АНТ не паведаміла.
***
Кампанія Dana Holdings належыць сербскім бізнесменам братам Карычам. Драгамір Карыч з’яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе. Бізнесмены асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам. У 2009 годзе кіраўнік Беларусі па запрашэнні братоў Карычаў пабываў на самым папулярным сербскім гарналыжным курорце Капаонік.
У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка асабіста заклаў капсулу ў падмурак комплексу “Мінск-Мір” на месцы старога сталічнага аэрапорта, права забудоўваць які сербы атрымалі ў спадчыну ад кампаніі “Ітэра” экс-мэра Масквы Юрыя Лужкова і яго жонкі Алены Батурынай. Акрамя “Мінск-Міру”, Dana Holdings вядомая манструозным будынкам на Кастрычніцкай плошчы, на месцы музея Вялікай Айчыннай вайны, і некалькімі жылымі комплексамі.