• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За стрым з Маршу пенсіянераў затрымалі блогерку Алену Янушкоўскую

    Віцебская блогерка вяла стрым з мірнай акцыі, якая адбылася 12 кастрычніка. Пазней відэаролік з’явіўся ў інтэрнэце, і цяпер усе ахвотныя могуць убачыць, як некалькі дзясяткаў жанчын і мужчын сталага веку прайшлі па вуліцах абласнога цэнтра, спявалі песні каля віцебскага гарвыканкама і змусілі чыноўнікаў выслухаць іхныя патрабаванні.

    Увечары пасля сустрэчы Алене Янушкоўскай патэлефанавалі з аддзела міліцыі Віцебскага раёна, сказалі, што чакаюць яе ў пастарунку на наступны дзень. Паводле папярэдняй інфармацыі, на жанчыну склалі  чарговы адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

    Блогерка адмовілася ісці ў міліцыю без позвы. 13 кастрычніка міліцыянты прыехалі да яе дадому. Сказалі, што затрымліваюць яе да суда і забралі ў СІЗА — паколькі віцебскі ізалятар часовага ўтрымання на рамонце, усіх затрыманых адвозяць у следчы ізалятар.

    Калі адбудзецца суд над віцебскай блогеркай, невядома. У мясцовых міліцыянтаў з’явілася завядзёнка затрымліваць найбольш актыўных асоб на 72 гадзіны: гэта максімальны тэрмін, прадугледжаны для падрыхтоўкі адміністрацыйных спраў. Так, у Віцебску ўжо трэція суткі пад вартай у СІЗА знаходзяцца журналісты-фрылансеры Зміцер Казакевіч і Вячаслаў Лазараў, якіх затрымалі ў мінулую нядзелю.

    Родныя і сябры вельмі занепакоеныя лёсам Алены Янушкоўскай,  бо жанчына хварэе на астму і мае іншыя хранічныя хваробы. Не так даўно яе ўжо забіралі пад варту на некалькі сутак, і там яе стан здароўя значна пагоршыўся. Цалкам ачуняць да апошняга затрымання яна так і не паспела.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці