• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За што цябе адфрэндзіў Бахарэвіч?

    34mag cтартуе новую рубрыку «Дыял-ап» – серыю размоваў з прадстаўнікамі розных прафесіяў і сацыяльных групаў пра тое, як інтэрнэт змяняе нас і як змяняем яго мы. У першым выпуску гутарым з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам пра этыку інтэрнэту, «мясцо для троляў», а таксама пра тое, за што ён выдаляе фрэндоў са сваёй стужкі ў фэйсбуку.

    Фэйсбук, гугл ды «Іхная ніва»

    Што для Вас інтэрнэт? Як вы ім карыстаецеся?

    Інтэрнэт для мяне вельмі важная частка жыцця. На жаль – таму што на яго марнуецца ўсё больш часу і камп’ютар часам засланяе і неба, і птушак, і сонца, застаюцца адны людзі. Узяць хаця б тыя самыя сацыяльныя сеткі. Я досыць актыўна прысутнічаю ў фэйсбуку. Фэйсбук насамрэч дапамагае мне наладжваць кантакты, рэкламаваць цікавыя мне імпрэзы, свае і чужыя. Раней я вёў калонкі на розных сайтах, цяпер ніякіх калонак у мяне няма, таму фэйсбук дапамагае рэагаваць на актуальныя падзеі, выказваць сваё меркаванне, спрачацца, дыскутаваць.

    Мне 41 год, і я пазнавата для дарослага чалавека асвоіў камп’ютар. У школе i ўніверсітэце ў мяне нармальнай інфарматыкі практычна не было. Я карыстаюся камп’ютарам хіба што гадоў 16 і таму не зусім разумею, як гэта ўсё працуе ўнутры – інтэрнэт і сам камп’ютар, – не разумею ўсіх гэтых найноўшых тэхналогіяў. То бок я звычайны такі чалавек-карыстальнік, які па кнопачках б’е, па клавішах. І ў глыбіні душы ўпэўнены, што ўнутры, пад накрыўкай, сядзяць чалавечкі, якія ўсё гэта апрацоўваюць. Я мала што разумею ў камп’ютарных праграмах ды іншых цудах.

    А чым карыстаецеся, апроч фэйсбуку?

    Гуглам карыстаюся. У мяне пошта на гугле. Дарэчы, мяне дагэтуль здзіўляе, што шмат хто з беларускіх пісьменнікаў і наогул людзей, звязаных з культурай, з літаратурай, маюць свае паштовыя скрыні на ўсялякіх yandex.ru, на mail.ru… У іх часта проста нейкія дзікія адрасы бываюць. І гэта на 25-ым годзе незалежнасці. Скайпам я карыстаюся рэдка, толькі, напэўна, калі з дачкой размаўляю – яна жыве за мяжой. Ці з бацькамі – калі сам з’язджаю за мяжу.

    «Я адфрэнджваю, не чытаю і катэгарычна спыняю ўсялякія стасункі з гамафобамі, з нацыстамі, антысемітамі, сексістамі, з вельмі агрэсіўнымі непрытомнымі людзьмі, з якімі няма сэнсу размаўляць»

    А навіны дзе чытаеце?

    Большасць навінаў я даведваюся акурат у фэйсбуку. І мне падаецца, што гэта найлепшы шлях. Ты атрымліваеш навіны ўжо з пэўным каментаром ад людзей і, калі яны цікавыя, лезеш зірнуць больш падрабязна. Твае сябры могуць цябе неяк зацікавіць, паказаць, што гэтая навіна сапраўды важная, актуальная, вострая. То бок паразітую на сацыяльных сетках. Такім чынам пачытваю і naviny.by, i 34mag, i kyky.org, i «Будзьму». На Вікі люблю схадзіць. Часам заходжу на сайт радыё «Cвабода». Часам залажу на Tut.by. «Нашу», то бок «Іхную ніву» не чытаю прынцыпова. Увогуле, з «Нашай нівай» гісторыя свая, асабістая, і яна наўпрост тычыцца інтэрнэту. Але я перажыву, мне за іншых яе ахвяраў балюча.

    «НН» – добрая нагода пагаварыць на такую тэму, як, скажам, тролінг у інтэрнэце, распаўсюд плётак ці наогул арганізаваная траўля людзей з іншымі поглядамі, такімі, якіх «НН» не падзяляе. «НН» вельмі любіць займацца гэтай брыдой: нацкаваць на кагосьці купку сваіх троляў, кінуць ім свежага мясца і паглядзець, якія тыя будуць рваць яго, павіскваючы ад задавальнення. У тых, хто робіць «Іхную ніву», відаць, зусім атрафіраваныя органы, якія адказваюць за этыку. Яны папросту не бачаць за навіной чалавека, не здольныя ні да эмпатыі, ні да звычайнага спачування, ганяюцца за «смажаным» і на людзей ім пляваць. Усе нормы журналісцкай этыкі імі парушаюцца, прычым з нейкай незразумелай гордасцю. Я лічу, што ўсё ж такі ў інтэрнэце этыка павінная быць. І журналісцкая этыка наўпрост звязаная з інтэрнэт-этыкай. На Захадзе сур’ёзныя журналісты вучаць бачыць за матэрыялам чалавека, «Іхная ніва» бачыць за матэрыялам толькі сябе.

    Калі казаць пра каменты ў фэйсбуку, як можна іх рэгуляваць?

    У фэйсбуку ты проста сам выбіраеш, што ты чытаеш, што хочаш бачыць, а што – не. Вызначаеш межы таго, што хочаш ведаць, кола людзей, з якімі, на тваю думку, можна спрачацца. Вызначаеш і тых, з кім спрачацца бессэнсоўна. А вось на сайтах нашых незалежных выданняў каментары з’яўляюцца розныя – у тым ліку такія, якія зусім не абавязкова заслугоўваюць публікацыі. І тут пытанне мадэрацыі. Пабачыць вялікая колькасць людзей, што твае чытачы ідыёты, ці не. На сайце радыё «Cвабода» мадэрацыя яшчэ неяк прысутнічае, ёсць правілы паводзінаў на форумах, якія хоць неяк выконваюцца. Гнуснасці хапае і там, але, падаецца, на «Іхнай ніве» з найвялікшым задавальненнем ставяць усё тое гаўно, якое там пішацца. У выніку атрымліваецца сапраўдная траўля чалавека за ягоныя погляды, за іншасць, за пазіцыю. «НН» смяецца там, дзе іншыя плачуць, рагоча там, дзе ў іншых трагедыя, і румзае на пустым месцы. Яны там дужа крыўдлівыя. Спрабуеш нагадаць ім пра сумленне, пра этыку, стаяць, вачыма хлопаюць, і відаць, што нічога ім ужо не дакажаш. Перад табой бетонная сцяна.

    «Інтэрнэт – адлюстраванне таго, як мы паводзімся ў рэале»

    А ў сябе на старонцы выдаляеце каментары якія-небудзь непрыемныя ці абразлівыя?

    Выдаляю толькі тыя непрыемныя ці абразлівыя каментары, якія насамрэч тычацца майго асабістага жыцця. Я вельмі не люблю, калі нехта без майго дазволу лезе ў маё асабістае жыццё, як і кожны прытомны чалавек. Публічныя асобы – заўжды ахвяры медыяў, ты не можаш нікому забараніць выказвацца пра сябе. Але той, хто выказваецца, гэты адважны ананімны каментатар, таксама робіцца ўдзельнікам публічнага поля. Так, я баню, адфрэнджваю людзей. Аднак для таго, каб гэта заслужыць, трэба быць нейкім ну зусім ужо адмарозкам.

    Я адфрэнджваю, не чытаю і катэгарычна спыняю ўсялякія стасункі з гамафобамі, з нацыстамі, антысемітамі, сексістамі, з вельмі агрэсіўнымі непрытомнымі людзьмі, з якімі няма сэнсу размаўляць. Чаму я мушу марнаваць на іх жыццё і сілы? Але калі з’яўляюцца нейкія крытычныя каментары… За крытыку мяне, маіх кніг, таго, што я думаю і пішу, я нікога з сяброў не выдаляю і цярпліва трываю нават непрыемныя для мяне рэчы.

    То бок больш нельга раздзяліць жыццё на рэальнае і віртуальнае?

    Нельга, нельга. Калі людзі пасварыліся ў сеціве, то яны і ў рэальным жыцці не будуць ні вітацца, ні размаўляць. І наадварот. Безумоўна, смешна, што фэйсбук такую ролю адыгрывае ў тваім жыцці. Ты сваё стаўленне да людзей усё часцей вызначаеш па іхных паводзінах у інтэрнэце. Сацыяльныя сеткі цяпер почасту вызначаюць нашыя паводзіны ў рэальным жыцці. Інтэрнэт – адлюстраванне таго, як мы паводзімся ў рэале.

    Дык, можа быць, варта за абразу скардзіцца, падаваць у суд, пераносіць гэта ў рэальнае жыццё?

    Гэта дурная беларуская звычка – ледзь што, казаць: «я падам на цябе ў суд». Вось гэтая дзяржава, у якой мы існуем, спрабуем выжываць, суіснаваць, заставацца вольнымі людзьмі, вось гэтая нашая дзяржава абсалютна не заслугоўвае такога аўтарытэту. Гэта прыніжальна і ганебна – звяртацца да яе, каб яна некага рассудзіла. Гэтая дзяржава кідае ў турмы нязгодных, падаўляе любыя пратэсты, яна не мае незалежнай судовай сістэмы. І дзіўна чытаць, калі прытомныя творчыя людзі з дэмакратычнымі поглядамі кажуць: «Я падам на цябе ў суд». Куды? У гэты суд, які судзіць Статкевіча, пачкамі выносіць сфабрыкаваныя прысуды, душыць Логвінава, выконвае загады зверху, карае свабодных і невінаватых?

    «Сеціва – нашая праекцыя сябе ў будучыню»

    Можаце ўспомніць той перыяд, калі пачалі карыстацца інтэрнэтам, чаму ўзнікла такая неабходнасць?

    У 2000 годзе сорамна ўжо было пісаць свае тэксты на пішучай машынцы. Таму ў доме з’явіўся першы камп’ютар. Мне было складана вучыцца. Цяпер гэта смешна, але тады нават працаваць у рэдактарах вордаўскіх падавалася такім складаным. Можна трошкі пра іншае? У канцы 90-ых і на пачатку нулявых людзі для сябе адкрывалі інтэрнэт, людзі старэйшага пакалення і людзі майго пакалення. І ўсім тады падавалася, што інтэрнэт – гэта памыйка, куды ты можаш скінуць увесь свой псіхалагічны груз, выплеснуць усю сваю агрэсію.

    Калі мы ўспомнім тыя праекты, якія тады існавалі, сайты, цудоўны litara.net, напрыклад, там шмат было чаго пачытаць, але агрэсія там часам зашкальвала, людзі лічылі сваім абавязкам напісаць штосьці брыдкае. Лічылася, што інтэрнэт – гэта месца, дзе можна і трэба быць грубым і цынічным, таму што толькі так можна выглядаць крута. Пазней узніклі гэтыя выказванні дурацкія, кшталту, «гэта інтэрнэт, дзетка, тут могуць паслаць нах**» і ўсё такое. Такое фальшывае ўяўленне пра свабоду. Магчыма, гэта так і працавала 10–15 гадоў таму. Але цяпер гэта зусім не так. Цяпер прытомныя людзі зразумелі, што сеціва – гэта месца, дзе ты паказваеш не тое, хто ты ёсць ці кім ты хочаш выглядаць, а тое, кім ты можаш быць, калі рэалізуеш свой патэнцыял.

    Сеціва – нашая праекцыя сябе ў будучыню. Магчыма, канструяванне свайго віртуальнага вобразу ёсць добрым спосабам псіхатэрапіі. Раней людзі выглядалі нібыта крутымі і смелымі, калі яны ваявалі на памыйках. Цяпер яны выглядаюць проста ўбогімі ідыётамі. Пры ўсіх тых магчымасцях, якія дае інтэрнэт, мностве функцый, гэта проста глупства – карыстацца сецівам для таго, каб вывальваць туды ўсю сваю брыду. Калі правільна выкарыстоўваць сеціва, ты можаш зрабіцца разумнейшым. Для мяне сеціва – гэта няспынная адукацыя. Праца над сваім інтэлектуальным багажом, калі казаць штампамі – але гэта так і ёсць.

    Гульні з ідэнтычнасцю

    Гэта нейкая беларуская асаблівасць у тым, як людзі карыстаюцца інтэрнэтам, ці агульначалавечая?

    Безумоўна, гэта звязана з палітычнай сітуацыяй у краіне. Калі дзяржава не дае грамадству развівацца натуральным чынам, калі яна затыкае ўсе шчыліны, калі не дае людзям рэалізоўвацца самім і рэалізоўваць свае правы, то іх раздражненне, расчараванне і злосць выліваюцца ў інтэрнэт. Людзі шукаюць у сеціве вінаватых. І знаходзяць. У сваім жа асяродку. Напэўна, ім ад гэтага лягчэй.

    Яшчэ, напэўна, самае важнае – калі б у людзей не было адчування пастаяннай паразы, бо мы ўсе жывем у сітуацыі паразы. Усе нашыя ініцыятывы, уся нашая творчасць – усё натыкаецца на такую непераадольную сцяну, што людзі пастаянна адчуваюць, што яны прайграюць, кожны дзень прайграюць. І вось гэтая крыўда… яе трэба некуды падзець. Крыўда на жыццё, на тое, што нічога не змяняецца: ні ўлада, ні людзі, ні агульны ўзровень жыцця, ні яго культурны ўзровень. Што б ты ні рабіў, рана ці позна ты прыйдзеш у тупік з гэтым і скажаш: я зноў прайграў. А вінаваты хто? А ўся гэтая набрыдзь! Набрыддзю можна назваць усё, сеціва праглыне ўсе словы. Такая сітуацыя паразы прыводзіць да нейкага недахопу прытомнасці, да нервознасці ды агрэсіі. Мне падаецца, гэта і ёсць прычына.

     

    Ці спрабавалі вы асэнсаваць гульні з ідэнтычнасцямі ў інтэрнэце, калі людзі ствараюць сабе цалкам фэйкавыя акаўнты, напрыклад?

    Так, было вельмі зручна і цікава гэтым займацца. Калі ў мяне быў Live­jour­nal, калі я толькі пачынаў весці свой гэты дзённік, то я ствараў вобраз Альгерда Бахарэвіча як такога сноба, адзінокага ваўка і мізантропа. Я выбіраў свае самыя прыгожыя інтэрв’ю для таго, каб посціць гэта ўсё ў ЖЖ. Так, па кавалачках, ствараў гэты прыгожы, але нежывы вобраз, які мне вельмі падабаўся. Халоднага, цынічнага, разважлівага пісьменніка, які на ўсіх паплёўвае са сваёй вежы. Ствараў я і нейкія няісныя ідэнтычнасці. Потым прыдумаў ЖЖ няіснага беларускага пісьменніка-эмігранта.

    Сеціва – гэта добрая магчымасць, каб гуляць з ідэнтычнасцямі, ствараць штосьці з хаосу і пустэчы. Для літаратуры гэта важна: калі ты ўвесь час пішаш нейкі фікшн, пішаш белетрыстыку, ты ж ствараеш персанажаў так, каб усе паверылі ў іх існаванне. Цікава гэта ўсё пераносіць у віртуальны свет. Ну і яшчэ калі казаць пра літаратуру, то ў маім рамане «Сарока на шыбеніцы» гераіня пачынае гуляць у камп’ютарную гульню ў сеціве, там апісваецца, наколькі яе жыццё раздвойваецца. На нецікавую гнятлівую рэальнасць, дзе яна чыноўніца, і на гульню, дзе яна вандруе па цёмных лясах і замках і трапляе ў сексуальнае рабства да маньяка на імя Лекс. Я думаю, што гэты досвед лайвджорналу быў вельмі важны, калі я пісаў «Сароку на шыбеніцы».

    «Я адчуваю, наколькі мне складана робіцца з кожным годам паспяваць за сецівам, адчуваю, што інтэрнэт мяне апярэджвае са страшнай хуткасцю»

    Пры гэтым усім, я, напрыклад, ніколі не захапляўся асабліва камп’ютарнымі гульнямі. 15 гадоў таму я гуляў у «Герояў», была такая фэнтэзійная гульня. Сімулятар FIFA-99 любіў таксама, культавая рэч, але гэта ўжо была не сеціўная забава.

    Насамрэч, я адчуваю, наколькі мне складана робіцца з кожным годам паспяваць за сецівам, адчуваю, што інтэрнэт мяне апярэджвае са страшнай хуткасцю. Таму я асцерагаюся ўводзіць занадта шмат сеціўнага жыцця ў свае тэксты, у свае раманы. Напішаш раман, а праз паўгода будзеш выглядаць нейкім старамодным, састарэлым і смешнаватым, бо тэхналогіі хутчэйшыя за літаратуру. Таму ў свае кніжкі я хоць часам і ўстаўляю эпізоды з інтэрнэтам і з камп’ютарнай тэхнікай, але стараюся, каб гэта не выглядала занадта ўжо навязліва. Усё ж такі маладзейшым за мяне людзям значна прасцей. Яны здольныя напісаць кнігі, дзе ўсё гэта будзе выглядаць праўдападобна: сеціва, віртуальнае жыццё, тэхналогіі. Бо яны ўсім гэтым жывуць і дыхаюць, гэта частка іхнай свядомасці. Я ўсё такі чалавек з 90-ых. Чалавек, які грукае па клавішах і верыць у майстравітых чалавечкаў, што жывуць унутры працэсара.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці