• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “За максімальнае пагружэнне”. Журналісцкія конкурсы Мінінфарма звяліся да “агратрэшу”

    Уганараваць чэмпіёнаў у асвятленні “бітвы за ўраджай” чамусьці вырашылі на Дзень беларускага пісьменства – верагодна, пераблыталі з “Дажынкамі”.

    Напрыканцы ліпеня Міністэрства інфармацыі сумесна з Беларускім прафсаюзам работнікаў культуры, спорту і турызму абвясціла творчы конкурс сярод журналістаў дзяржаўных СМІ на тэму ўборачнай кампаніі пад зацяганым лозунгам «Хвала рукам, што пахнуць хлебам». 

    У ведамстве адрапартавалі пра “небывалую актыўнасць” удзельнікаў: за наступны месяц 17 рэспубліканскіх і 112 рэгіянальных выданняў даслалі амаль паўтысячы аўтарскіх тэкстаў, таму журы давялося няслаба  “папацець”.

    Дзеля справядлівасці, карцінкі “палявых вылазак”, што з’яўляюцца ў праўладных медыя, не адрозніваюцца арыгінальнасцю і дзесяцігоддзямі выдаюць пастановачныя кадры камбайнераў, перавязаных стужкамі, ды аграномаў у пояс з пераспелымі каласамі (хіба што чорна-белыя хронікі-панегірыкі змяніліся каляровымі). На такіх кадрах вышыхтаваныя хлебаробы, якія прызвычаіліся рабіць сваю справу моўчкі, больш выглядаюць закладнікамі прапаганды.  

    Да таго ж, няма асабліва чаму радавацца – і гэтым разам не ўдасца пераадолець псіхалагічную рысу ў 10 мільёнаў тон збожжавых, якую былы дырэктар саўгаса “Гарадзец” і самаабвешчаны “лідар нацыі” Аляксандр Лукашэнка ўпарта ставіць перад аграрыямі ад пачатку сваёй кадэнцыі – нешта ўвесь час замінае. Па выніках цяперашняй кампаніі, прагназуюць праўладныя эканамісты, будзе крыху больш за 8 мільёнаў, астатняе дабяруць кукурузай ды іншымі спадарожнымі культурамі.         

    Тым не меней, напярэдадні ў Мінінфарме назвалі пераможцаў “ажыятажнага” конкурсу. Адметна, што ў выніку адзначаныя не столькі рэгіянальныя газетнікі ці радыйнікі, якім аграрныя рэаліі бліжэй нават фізічна, а сталічныя ды абласныя “мэтры”. 

    Канкурэнты спаборнічалі ў шасці намінацыях, назвы якіх выразна патыхаюць эпохай сацыялістычнага спаборніцтва. Зрэшты, планавую эканоміку ў Беларусі з усёй яе саўковай спадчынай ніхто не адмяняў.

    Асобныя фармулёўкі вартыя таго, каб іх агучыць – даўно не даводзілася чуць столькі напускнога пафасу:

    “За ўсебаковае раскрыццё вобраза хлебароба”, “За максімальнае пагружэнне ў прафесію памочніка камбайнера”, “За яскравае раскрыццё ролі жанчыны на сёлетнім жніве”, “За серыю палявых рэпартажаў пра ход уборачнай кампаніі”, “За новы падыход у адлюстраванні вобразу героя жніва-2022”, “За нестандартнае асвятленне ўборачнай кампаніі”.

    Паводле профільнага ведамства, журналістаў-пераможцаў чакаюць ганаровыя дыпломы і грашовая прэмія ў эквіваленце 25 базавых велічынь (800 рублёў).  

    Журналіст, культуролаг, крытык, шматгадовы чалец журы конкурсу “Вольнае слова” Беларускай асацыяцыі журналістаў Максім Жбанкоў так ацэньвае дэклараванае “спаборніцтва залатых пёраў” у межах дзяржаўнай прапаганды.

    “Ад місіі “чацвёртай ўлады” тут не засталося анічога, – перакананы суразмоўца. – Заахвочваецца ды ўзнагароджваецца сервільны энтузіязм, шануецца пагружэнне ў “памочніка камбайнера”, выносіцца наперад пазіцыя абслугоўвання дзяржаўнай палітыкі. Замест інфармацыйна-аналітычнай працы квітнее штучная міфатворчасць — казачкі на замову”.

    Паказальна, што ўрачыстую цырымонію запланавалі на 4 верасня ў Добрушы на Гомельшчыне, дзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Выглядае, што арганізатары крыху паблыталі творчую імпрэзу з аграрнымі “Дажынкамі”, падчас якіх традыцыйна ўхваляюць “рукі, што пахнуць хлебам”, ды ўвесь астатні антураж “бітвы за ўраджай”.

    Свой журналісцкі конкурс “Вольнае слова” больш за дзясятак гадоў ладзіць і Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая аб’ядноўвае супрацоўнікаў незалежных СМІ (у бальшыні сваёй разгромленых), фрылансераў, блогераў. Летась, пасля маштабнай атакі лукашэнкаўскага рэжыму на грамадзянскую супольнасць, лаўрэатаў упершыню ўганаравалі за межамі Беларусі. 

    Чытайце яшчэ:

    «Чужую брехню не удосуживаются проверять». Как и зачем провластные блогеры вбрасывают фейки в независимые СМИ

    Поўны тэкст апошняга слова Фядуты: «Расьсьледаваньне паказала грамадзтву, што ўлады баяцца неляяльнасьці войска»

    Аліна Стэфановіч: Мой муж — палітвязень у Беларусі, я пераехала ў Батумі з трыма дзецьмі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці