За кармленне галубоў суд аштрафаваў мясцовага блогера Аляксандра Кабанава
Як распавёў Аляксандр Кабанаў, на суд у Бярозу ў якасці сведак прыехалі два супрацоўнікі міліцыі з Брэста. Яны даводзілі, што блогер нібыта не толькі прымаў удзел у масавай акцыі, але і заклікаў да гэтага іншых грамадзян.
Суд Бярозаўскага раёна 29 сакавіка прызнаў youtube-блогера Аляксандра Кабанава вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні – удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве — і аштрафаў на 40 базавых велічыняў (980 рублёў). Блогер віны не прызнае і сцвярджае, што карміў на плошчы галубоў.
Паводле міліцэйскага пратакола, 18 сакавіка Кабанаў браў удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі на плошчы Леніна ў Брэсце, якая ладзілася актывістамі, што выступаюць супраць будаўніцтва ў гэтым горадзе акумулятарнага завода.
Кожную нядзелю гэтыя актывісты збіраюцца на плошчы, каб абмеркаваць сітуацыю і пакарміць галубоў. Падчас адной з такіх сустрэч Аляксандр Кабанаў рабіў анлайн-трансляцыю ў сацыяльных сетках.
24 сакавіка блогера затрымалі ў Бярозе і да пачатку судовага працэсу (ён быў прызначаны на другую палову дня 26 сакавіка), Аляксандр Кабанаў знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання. Пазней разгляд справы перанеслі на 29 сакавіка.
Аляксандр Кабанаў сваёй віны не прызнаў, бо не лічыць падзею, калі людзі кормяць галубоў, масавай акцыяй. “У Канстытуцыі запісана, што грамадзяне маюць права свабодна выказваць сваё меркаванне па розных пытаннях”, — дадае бярозаўскі блогер.
Нагадаем, што 29 сакавіка ў Брэсце быў таксама аштрафаваны на 45 базавых велічынь (1 102,5 рубля) калега Аляксандра Кабанава — Сяргей Пятрухін.
Абодва блогеры на youtube-канале “Народны рэпарцёр” апошнім часам рэгулярна асвятляюць праблемы, звязаныя з будаўніцтвам акумулятарнага завода каля Брэста. Распачатая будоўля выклікае абурэнне ў мясцовых жыхароў, яны асцерагаюцца, што завод нанясе шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей.
Фота «Брэсцкая газета»