• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За гомельскую журналістку заступаецца Камітэт ААН

    Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальную скаргу намесніцы старшыні Гомельскай гарадской арганізацыі ГА “БАЖ”, журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай аб парушэнні права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

    Адпаведнае паведамленне атрымаў юрыст ГА “БАЖ Леанід Судаленка – па даверанасці ён вядзе справу журналісткі ў міжнароднай інстанцыі.

    Скарга датычыцца двух выпадкаў прыцягнення Шчыраковай да буйных грашовых штрафаў за падрыхтоўку матэрыялаў без акрэдытацыі ў МЗС на беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», які транслюе перадачы з Польшчы.

    13 студзеня 2016 года суддзя Гомельскага раёна Аляксандр Лісоўскі прысудзіў Ларысе  Шчыраковай штраф за зняты ў пасёлку Урыцкае і паказаны праз “Белсат” рэпартаж наконт праблем сельскіх жыхароў.

    15 красавіка мінулага года суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандр Піскуноў пакараў  журналістку-фрылансера буйным штрафам за рэпартаж пра ўцекачоў, зняты ў Гомельскім аддзяленні таварыства Чырвонага Крыжа.

    “У Беларусі, – кажа Шчыракова, – я  абскарджвала штрафы ва ўсіх судах, у тым ліку і ў Вярхоўным. Звярталася з нагляднай скаргай да генеральнага пракурора, але безвынікова. Атрымліваецца,  што па так званых «белсатаўскіх справах» абароны ў краіне няма. Цяпер даводзіцца абараняць сваё права на збор і распаўсюд інфармацыі на міжнародным узроўні”.

    Леанід Судаленка тлумачыць, што пасля рэгістрацыі скаргі Камітэт ААН па правах чалавека запытвае тлумачэнне ўраду Беларусі адносна пакарання журналісткі штрафамі, а пасля ацэньвае яго і выносіць свой вердыкт.

    “Як і беларуская Канстытуцыя, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі. Наш нацыянальны закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае самую сутнасць гэтага права. Упэўнены, што ў справе Шчыраковай будуць устаноўлены парушэнні правоў журналісткі”, – лічыць юрыст Судаленка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці