За допіс у Facebook будуць судзіць Таццяну Севярынец
Вядомая віцебская актывістка атрымала паведамленне з Першамайскага райаддзела міліцыі, што супраць яе распачалі адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.34 — за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Таццяну Севярынец вінавацяць за аб’явы ў сацыяльных сетках пра акцыю ў падтрымку суверэнітэту Беларусі, якая прайшла ў Віцебску 29 снежня мінулага года.
— У міліцэйскім пратаколе напісана, што аб’яву заўважылі падчас “маніторынгу сеткі Інтэрнэт”. Дата адпраўкі дакументаў — 14 студзеня, але ў іх пазначана, што суд нада мной прызначаны на 9 студзеня. Усё гэта супярэчыць здароваму сэнсу — як блытаніна з лічбамі, так і спроба пакараць мяне за тое, на што я маю канстытуцыйнае права, — за распаўсюд інфармацыі і за наяўнасць уласнага меркавання, — кажа актывістка.
Пратакол, дзе дата суда была пазначана “ў мінулым часе”, днямі атрымала і Наталля Спірыдонава. Супраць яе таксама распачалі адміністрацыйную справу за допіс пра акцыю 29 снежня. Блогерку Алену Янушкоўскую за тое самае выклікаюць у суд Віцебскага раёна 23 студзеня.
Прэцэдэнт пакарання за аб’яву пра акцыі ў падтрымку дзяржаўнай незалежнасці ў Віцебску ўжо былі: 26 снежня мінулага года суддзя Міхаіл Зубеня аштрафаваў за гэта віцябляніна Аляксея Прохарава на 126 рублёў (5 базавых велічынь).