За адміністраванне сацсетак «Вольнага Глыбокага» аштрафавалі супрацоўніцу выдання
Суд Глыбоцкага раёна пакараў адміністратарку сацыяльных сетак рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Вольнае Глыбокае» Надзею Маліноўскую штрафам у памеры 4440 беларускіх рублёў і канфіскаваў у яе смартфон.
Судовае пасяджэнне адбылося 25 ліпеня. Па выніку слуханняў суддзя Аляксандр Аляксеенка прызнаў Надзею Маліноўскую вінаватай паводле двух адміністрацыйных артыкулаў: ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуючай такую дзейнасць) і ч. 1 арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).
Маліноўскай паставілі ў віну рэпост у Instagram-акаўнце «Вольнага Глыбокага» матэрыялаў з «Белсата» (медыя прызнанае ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем), а таксама размяшчэнне герба «Пагоня», бел-чырвона-белага сцяга і надпісу «Жыве Беларусь» у акаўнце выдання ва «Вконтакте». Размяшчэнне нацыянальнай гістарычнай сімволікі суд кваліфікаваў як пікетаванне.
За «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі» суддзя Аляксеенка прызначыў 25 базавых велічынь штрафу, за «пікетаванне» — 95 базавых. Таксама паставіў канфіскаваць на карысць дзяржавы мабільны тэлефон як сродак, з якога здзяйсняліся правапарушэнні.
Нагадаем, 26 чэрвеня 2023 года рашэннем таго ж Глыбоцкага райсуда кантэнт старонкі «Вольнае Глыбокае» ў сацыяльнай сетцы Instagram, а таксама старонка пад назвай Volnaye Hlybokaye ў сацсетцы «Вконтакте» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Газета «Вольнае Глыбокае» паўстала ў 1994 годзе як незалежны рэгіянальны штотыднёвік. Ад самага пачатку яе выданнем займаўся журналіст, краязнаўца Уладзімір Скрабатун.
Выпуск друкаванай версіі рэдакцыя была вымушаная спыніць з эканамічных прычын напрыканцы 2020 года. А ў кастрычніку 2021 года пракуратура Віцебскай вобласці ініцыявала абмежаванне доступу да сайта vglybokaye.by.
Читайте еще:
Ці сапраўды Польшча адмовілася плаціць за «хатні арышт» Пачобута, як цьвердзіць Васкрасенскі? Расьсьледаваньне Свабоды
Озираясь на три года назад. Репортерский взгляд на август-2020
Самая длинная ночь: что для белорусов изменилось в медиаполе с 9 августа 2020-го?