• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З журналістыкі — на хуткую дапамогу: выязджаем на інфаркты, інсульты і клінічныя смерці

    Наша калега Людміла Яненка працуе фельчарам хуткай дапамогі ў сталічным мікрараёне Паўднёвы Захад. Што прымусіла журналістку змяніць дыктафон на сумку з медыкаментамі, якія самыя цяжкія выпадкі здараюцца ў спецыялізаванай брыгады і што натхняе лекараў працаваць суткамі без адпачынку — пра гэта Людміла расказала сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    “Пайшла ў медыцыну, каб быць карыснай людзям…“

    Асаблівая цікавасць да медыцыны ў мяне была яшчэ з дзяцінства. Але шлях склаўся так, што спачатку я пайшла ў гуманітарны клас, а потым, канечне ж, па гэтым жа профілі паступіла ва ўніверсітэт.

    Скончыўшы вучобу і прапрацаваўшы некалькі гадоў, я зразумела, што ў журналісцкай працы ёсць вялікі фактар выгарання. У нейкі момант я проста пачала задумвацца, а ці не дарэмна ўсё тое, што я раблю. Тым больш, што журналістыка, якую ў нас называюць незалежнай, часта звязана з апазіцыйнымі палітычнымі акцыямі, пратэстамі. Паразы дэмакратычнага руху ў Беларусі выклікалі ў мяне пэўнае расчараванне, а гэта паўплывала і на стаўленне да прафесіі.

    І я вырашыла шукаць сябе ў больш карыснай справе. У медыцыне ты прыносіш канкрэтную дапамогу людзям і бачыш вынікі сваёй працы кожны дзень. Так я паступіла ў медыцынскі каледж — менавіта каб потым працаваць на хуткай дапамозе.

    — Што звязвае хуткую і журналістыку? Нечаканасць?

    — Так, ты не заўсёды ведаеш, што цябе чакае. Ёсць элемент адрэналіну, бо выпадак можа быць даволі складаным і цікавым. Гэта заўсёды выклік для цябе, з якім ты мусіш справіцца. На хуткай дапамозе брыгады працуюць суткамі, але нават у канцы змены, калі таго патрабуе сітуацыя, ты адназначна будзеш выкладацца. Хоць стомленасць, канечне, уплывае на кожнага — чалавечы фактар ёсць ва усіх прафесіях. Шкада, што не ўсе гэта разумеюць і думаюць, што медыкі — робаты, якія не памыляюцца.

    — Ці часта даводзіцца сапраўды ратаваць жыццё?

    — Часам здараюцца выпадкі, калі разумееш, што без медыцынскай дапамогі чалавек проста памёр бы. Але я не называю гэта выратаваннем жыцця. Для мяне выратаваць жыццё – гэта выцягнуць чалавека з пажару, напрыклад.

    Я працую ў брыгадзе інтэнсіўнай тэрапіі, таму амаль усе выклікі, на якія мы выязджаем, сур’ёзныя. Але праблема палягае ў тым, што людзі не заўсёды могуць аб’ектыўна ацаніць свой стан і часта “пагаршаюць” яго ў размове з дыспетчарам. Тады атрымліваецца, што спецыялізаваная брыгада, якіх у нас няшмат, едзе не па профілі.

    — Чаму ты пайшла менавіта ў брыгаду інтэнсіўнай тэрапіі?

    — Галоўнае патрабаванне, каб працаваць у брыгадзе інтэнсіўнай тэрапіі — гэта жаданне і досвед. Я хацела працаваць менавіта тут, скончыла каледж з чырвоным дыпломам і да таго ж яшчэ раней 1,5 гады працавала на хуткай дапамозе санітарам. Таму мяне і абралі.

    — Сёлета табе давялося нават роды прымаць па дарозе ў шпіталь..

    — Так, гэта здарылася падчас майго дзяжурства на звычайнай лінейнай брыгадзе. Але ўсе, хто выпускаецца фельчарамі з медычнага каледжа, маюць яшчэ і кваліфікацыю акушэраў, так што ніякіх праблем не было. На практыцы я нават працавала ў радзільным доме. Паступіў выклік даставіць жанчыну ў радзільню. Мы хутка даехалі, але людзі пазнавата выклікалі “хуткую дапамогу”, і роды адбыліся проста ў машыне. Нам нічога не заставалася рабіць… Скончылася ўсё добра, але нараджаць, натуральна, заўсёды лепш у спецыялізаванай установе.

    — Калі ўзяць сутачнае дзяжурства, на якія выклікі, у асноўным, даводзіцца ездзіць?

    — Калі браць звычайную лінейную брыгаду ў Мінску, то большасць выклікаў — гэта высокі ціск і тэмпература. Што тычыцца спецыялізаванай брыгады, то даводзіцца выязджаць часцей на інсульты, сардэчныя прыступы, клінічныя смерці і іншыя сур’ёзныя выпадкі. У такіх сітуацыях сапраўды трэба выкладацца, але яшчэ больш важна — як мага хутчэй трапіць да пацыента.

    Як ні было б сумна, у выпадку клінічнай смерці мозг чалавека памірае прыкладна за 5 хвілін. Пакуль чалавеку стала кепска, пакуль родныя, калегі ці проста мінакі заўважылі гэта, набралі нумар, мы даехалі — усё гэта забірае крытычна важныя для жыцця хвіліны.

    Канечне, цяжка працаваць і ў зімовы холад, і ў летнюю спёку, насіць важкую апаратуру і сумку з медыкаментамі. Але, напэўна, самае цяжкае — гэта псіхалагічны прэсінг і стрэс. Зараз я мушу сказаць, што ў медыцыне чалавек схільны да прафесійнага выгарання яшчэ больш за журналістыку. Тут усе умовы накладаюцца. Але ёсць нешта, што не дае сыходзіць. Я часам жартую, што “хуткая” — гэта залежнасць.

    — У 2014‑м годзе супрацоўнікі “хуткай дапамогі” запатрабавалі падвышэння заробкаў, сітуацыя вылілася ў СМІ. Як сёння з заробкамі, і чаму працаваць прыходзіцца на 1,5–2 стаўкі?

    — Нідзе ніколі не агучваецца заробак лекараў у пераліку на адну стаўку, бо я не ведаю людзей, хто б працаваў у медыцыне на стаўку і зарабляў гэтым на жыццё. У медыкаў ёсць такі жарт, што на стаўку жыць няма за што, а на дзве — няма калі. Таму многія працуюць якраз на паўтары.

    Так, гэта уплывае на працу, бо ты банальна стомлены. Як казаў мне доктар з вялікім стажам, калі чалавек разумее, што яго найпершыя жыццёвыя патрэбы не задаволеныя, то вельмі цяжка пераключыцца на задавальненне патрэбаў іншых.

    Таму, натуральна, сыты доктар, якому цёпла, у якога добрае абсталяванне і медыкаменты, будзе працаваць лепей, чым доктар, які суткі не еў і суткі не спаў. Ніхто не хоча проста так працаваць на паўтары стаўкі.

    — Толькі суцішыўся розгалас вакол выпадкаў анафілактычнага шоку. А вас на хуткай рыхтуюць да такіх выпадкаў, вы абмяркоўвалі гэту тэму?

    — Пасля здарэнняў у студзені на “хуткай” не выкарыстоўваюцца прэпараты, з якімі былі звязаныя смяротныя выпадкі. Але ў любым выпадку ўсе фельчары ведаюць, як паводзіць сябе пры анафілактычнам шоку. У маёй практыцы быў выпадак моцнай алергічнай рэакцыі, звязаны з самастойным прымяненнем чалавекам медычных сродкаў. Нам удалося яму дапамагчы.

    Я прытрымліваюся пазіцыі, што ўсе людзі павінны мець мінімальныя веды ў галіне аказання першай медычнай дапамогі. Пакуль едзе “хуткая”, вы можаце дапамагчы сваім блізкім. Збіраюся пра гэта напісаць вялікі артыкул, так што чакайце!
     

    — Ці звяртаюцца да цябе калегі-журналісты па каментары на тэму медыцыны?

    — Так, час ад часу журналісты тэлефануюць па каментар. Я ніколі не адмаўляю, але медыцынскую таямніцу яшчэ ніхто не адмяняў, таму ніякіх дэталяў пра канкрэтнага пацыента я расказаць не магу. Хоць часта менавіта брыгады “хуткай” першымі з’яўляюцца на месцы рэзанансных здарэнняў, накшталт страляніны ў навагоднюю ноч у Мінску. Нагадаю, яна адбылася акурат на нашым Паўднёвым Захадзе…

    ГА «Беларуская асцыяцыя журналістаў» жадае Людміле спакойных дзяжурстваў!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці