• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З юрысконсульта да генеральнага дырэктара Tut.by — расказваем пра палітзняволеную Людмілу Чэкіну

    18 мая да Tut.by прыйшоў ДФР. Па крымінальнай справе за ўхіленне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры затрымалі 15 чалавек. Дагэтуль у СІЗА генеральны дырэктар «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна. Што вядома пра жанчыну, якая ўзначальвае найбуйнейшае медыя краіны?

    Пра прыход у кампанію

    З адукацыі Людміла юрыст. Скончыла спачатку каледж, пасля БДУ па гэтай спецыяльнасці. У 2008 годзе яна прыйшла юрысконсультам у кампанію «Надзейныя сістэмы».

    «Быў нейкі інтэрнэт-форум, на які Юрый Анатольевіч Зісер яе прывёў пазнаёміцца. І пасля, наколькі я памятаю, прапанаваў яе ўзяць да нас. Дагэтуль мы працавалі практычна без юрыста, але каманда вырасла, нас было не 5–10 чалавек, і такая функцыя ўжо была патрэбная», — згадвае сузаснавальнік партала Кірыл Валошын.

    У 2012‑м Чэкіна стала генеральным дырэктарам «Надзейных сістэм». Пасля скончыла курс Exec­u­tive MBA ў Бізнэс-школе ІПМ. У 2017‑м узначаліла «Тут Бай Медыя». А праз год здарылася «справа БелТА». 

    «Нягледзячы на яе жаноцкасць, Людміла мужна рэагавала на ціск, заўсёды заставалася сканцэнтраванай, думала найперш пра супрацоўнікаў. Яна вельмі перажывала за рэдакцыю, Марыну Золатаву. Яе складана было выбіць з каляіны, яна вельмі моцная.

    Людміла — кампетэнтны і адказны супрацоўнік. Больш за тое, яна душэўны і спагадлівы чалавек.

    Гэта можа гучаць банальна, але інакш яна бы тут не працавала. Адбор, асабліва ў той час, калі прыходзіла Людміла, быў па каштоўнасцях, праз доўгія размовы, каб разумець, што чалавек мае адну з вамі карту рэальнасці, адрознівае белае ад чорнага», — дзеліцца Кірыл Валошын.

    Пра сына-студэнта, двух катоў і любімыя серыялы

    Людміла родам з расійскага Сергіевага Пасада. Бацькі таксама з Расіі, тата дагэтуль жыве там, валодае крамай электронных тавараў.

    У Мінску жанчына жыла разам з 19-гадовым сынам Аляксеем. Толькі нядаўна ён з’ехаў на асобную кватэру ў шматпавярховіку непадалёк. Хлопец вучыцца вэб-дызайну ў БДУ.

    «Мама хацела, каб я ў ІТ ішоў. Дый я быў не супраць, бо праграмаванне — цікавая для мяне сфера. Хацеў у гэтым годзе пераддыпломную практыку праходзіць у Tut.by, але, відаць, ужо не атрымаецца», — кажа Аляксей.

    Ён адзінае дзіця ў сям’і. Усміхаецца, што мама дагэтуль яго балуе, напрыклад водзіць у кафэ.

    «Мы любім з мамай гуляць па горадзе. Пасля таго як я з’ехаў, у госці часта да яе заходзіў. З 12 год бацькі ў разводзе. Дома ў нас заўсёды было лаяльнае асяроддзе. Я і сам не асабліва дзівачыў, з ранняга ўзросту быў выхаваны — не сквапіцца, не капрызнічаць», — распавядае хлопец.

    Ён цяпер даглядае двух катоў. Вось як яны з’явіліся ў сям’і:

    «Я тады быў у адносінах, і мая дзяўчына вельмі хацела ката. Мы дамовіліся ўзяць Оскара. Яго прывезлі нам зусім маленькім. Пасля яна знайшла яшчэ бяздомнае кацяня — таксама забралі да сябе. Мы жылі тады ўсе разам з мамай, так каты засталіся ў нас. Мама, дарэчы, дапамагае зоаарганізацыям — то фінансава, то рэчамі».

    Фота Tut.by

    У вольны час Людміла чытала кнігі, даглядала сад каля дома, глядзела серыялы. У яе падборцы любімых — «Малады папа» і цыкл ВВС «Белая каралева», «Белая прынцэса» і «Іспанская прынцэса» пра барацьбу за трон у Англіі XV-XVI стагоддзяў. Слухала «Лекцыі па рускай літаратуры» і «Адкрыты ўрок» Дзмітрыя Быкава.

    У адным інтэрв’ю гендырэктар дзялілася сваім падыходам да грошай:

    «Я заўсёды адкладаю. Для тых, чыё сталенне прыпала на 90‑я, гэта пытанне бяспекі: забяспечыць сябе і свой род да 13 калена. Нават у тыя часы, калі зарабляла не вельмі шмат, знаходзіла спосабы зрабіць запас. Але пры гэтым да грошай стаўлюся дастаткова лёгка: яны для мяне не самамэта. Грошы павінны прыносіць грошы, проста ляжаць на картцы ім сумна».

    Пра вобшук і праўладныя каналы

    «Мама не асабліва паказвае свае перажыванні. Але яна была заўсёды на сувязі з калегамі, старалася разабрацца са справамі. Бачна было, што яна нервавалася, калі суды ішлі, усімі сіламі спрабавала гэта разруліць», — расказвае сын пра атмасферу апошніх месяцаў.

    Аляксей быў на парах, калі даведаўся з навін, што да супрацоўнікаў Tut.by прыйшоў ДФР.

    «Натуральна, я адразу паехаў у офіс да іх, глядзець, што здарылася. Там было ўсё апячатана, дзверы замазаныя балончыкам. На іншых паверхах ніхто не ведаў, што адбываецца. Я адправіўся дадому спачатку да сябе. Бачу, што дзверы адкрытыя, усё абшукана, камп’ютар забралі. Пасля пайшоў за катамі ў маміну кватэру. У яе дасталі рэчы з кладоўкі, кнігі, паліцы развярнулі. Я дагэтуль не магу знайсці там акумулятары ад газонакасілкі.

    У нейкай ступені мы чакалі, што могуць прыйсці арыштаваць усіх з партала па сфабрыкаванай справе. Рыхтаваліся на гэты выпадак: ведалі, што з рэчаў сабраць, трымалі пад рукой кантакты».

    Тое, што пра маму пішуць праўладныя каналы і медыя, Аляксей стараецца не чытаць.

    «Агідна такое глядзець. Асабліва тое, як некаторыя паслядоўнікі рэжыму прыходзяць у сацсеткі Tut.by і пішуць: вас даўно трэба было перастраляць. Не разабраліся, што адбываецца, але гатовыя за прапагандысцкімі СМІ куды заўгодна ісці».

    Пакуль сын чакае Людмілу дома, ён не застаецца адзін: «Усе аднакурснікі ведаюць, кажуць: калі што, звяртайся па дапамогу. І суседзі падтрымліваюць».

     

    «Сын и дочка держатся молодцом». Поговорили с близкими коллег, которые спустя трое суток не вышли на свободу

    Что известно о задержанных сотрудниках TUT.BY? Рассказывают коллеги

    Чым адметныя журналісткі Tut.by Вольга Лойка і Алена Талкачова, якіх затрымаў ДФР

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці