• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зь вітамінаў — адзін нясьпелы яблык за лета». Былыя турэмны лекар і палітвязень пра хваробы і мэдыцыну за кратамі

    У эфіры Свабоды Premium з былым палітвязьнем Алегам Грузьдзіловічам і былым турэмным лекарам Васілём Завадзкім абмяркоўваем стан турэмнай мэдыцыны, гаворым пра тое, якія хваробы найчасьцей напатыкаюць вязьняў, і спрабуем даць парады, як можна захаваць ці падтрымаць здароўе за кратамі.

    • Алег Грузьдзіловіч — былы палітзьняволены, журналіст Свабоды з 1995 году. Адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячоў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцый пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш. Журналіста арыштавалі ў сьнежні 2021 году, асудзілі на 1,5 года зьняволеньня. Правёў за кратамі 9 месяцаў. Вызвалены ў верасьні 2022. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро». Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году». Разам з палітвязьнямі Андрэем Кузьнечыкам, Ігарам Лосікам — ляўрэат узнагароды «За выдатную журналістыку» імя Дэйвіда Бэрка ў 2022 годзе.

    • Васіль Завадзкі — былы турэмны лекар, які зьведаў турэмную мэдыцыну з абодвух бакоў. 25 гадоў працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме. Пачаў у 1986 годзе — лекарам псыхіятрам-нарколягам у папраўчай калёніі № 9 у Горках. Загадчыкам мэдчасткі папраўчай калёніі № 14 у Навасадах быў з 1988 па 1997 год. Кіраваў Рэспубліканскім агульнасаматычным турэмным шпіталем у 1997–1998 гадах, быў кіраўніком мэдслужбы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС з 1998 і да 2010 году. Потым былі дзевяць месяцаў у СІЗА КДБ і прысуд — 2,5 года турэмнага зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў перавышэньні паўнамоцтваў. З улікам амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ўсяго за кратамі адседзеў дзесяць месяцаў.

    «Стрэс — магутны ўдар па імунітэце чалавека, праз што могуць абвастрацца хранічныя і зьяўляцца новыя хваробы»

    — У навінах незалежных СМІ пра палітвязьняў практычна штодня зьяўляецца інфармацыя пра хваробы за кратамі. Нядаўна трапіў у мэдчастку Аляксандар Фядута, пакутуе на рак, не атрымліваючы мэдычнай дапамогі, Рыгор Кастусёў, пакутуе на анкалягічную хваробу журналістка Ксенія Луцкіна, больш за месяц таму трапіла з прабадной язвай у рэанімацыю Марыя Калесьнікава. У нядзелю зьявілася навіна, што ў горадзенскай турме праз пнэўманію памёр вязень, і, магчыма, яго можна было ўратаваць, калі б ён ня быў за кратамі. Спадар Васіль, якія хваробы найчасьцей могуць абвастрыцца, якія хваробы абумоўленыя самімі ўмовамі зьняволеньня?

    Васіль Завадзкі: За кратамі маюць месца тыя ж хваробы, што і на волі, хоць ёсьць асаблівасьці. Найчасьцей за кратамі праяўляюцца сухоты, бо месцы пазбаўленьня волі — больш рызыкоўнае месца для разьвіцьця гэтай хваробы, як, зрэшты, і іншых інфэкцыйных хваробаў. Калі вострае рэсьпіраторнае захворваньне, той жа ковід, трапляе ў месца, дзе разам знаходзіцца столькі людзей, то гэта вельмі спрыяльныя ўмовы для распаўсюджваньня гэтай і іншых інфэкцыйных хваробаў. Калі я працаваў, былі ўспышкі пранцаў і іншых вэнэрычных захворваньняў (яны характэрныя для асобнай катэгорыі вязьняў).

    Іншы аспэкт — стрэсавыя хваробы. Калі гаварыць пра палітвязьняў, я думаю, што да іх гэта мае дачыненьне ў першую чаргу. Палітвязьні — гэта людзі, якія не злачынцы па сваёй сутнасьці, для якіх трапіць у такія ўмовы — вельмі вялікі стрэс. Калі чалавек сапраўды зьдзейсьніў злачынства, ён успрымае суд, умовы зьняволеньня па-іншаму. Калі чалавек адчувае, што гэта ў нечым справядлівае пакараньне, то ў яго іншая рэакцыя арганізму.

    А для палітвязьняў гэта вялікі стрэс. А стрэс — магутны ўдар па імунітэце чалавека, праз што могуць абвастрацца хранічныя хваробы і зьяўляцца іншыя хваробы, такія як прабадная язва, як у Марыі Калесьнікавай, якая мае стрэсагенны характар.

    — Наколькі хваробы за кратамі зьвязаныя з тым, як харчуецца вязень? Мы бачылі фота з суду над нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім і яго паплечнікамі. І калі паглядзець на фота ягоных рук у кайданках, то бачна, што пазногці не зусім натуральны колер маюць. Дыягназ па фатаздымку не паставіш, натуральна. Але, тым ня менш, з чым гэта можа быць зьвязана? У тым ліку з наборам прадуктаў, якія вязьні маюць ці ня маюць за кратамі?

    Васіль Завадзкі: За той час, калі я працаваў, нормы харчаваньня мяняліся. Трэба аддаць належнае, яны зьмяняліся ўсё ж у лепшы бок. Я пачынаў пры Савецкім Саюзе, і тады мы канстатавалі выразны недахоп бялкоў, былі выпадкі праяўленьня бялковага галаданьня вязьняў. Нормы зьмяняліся, але, на жаль, нельга сказаць, што сёньня харчаваньне вязьняў збалянсаванае. У ім выразны перакос у бок прадуктаў, якія ўтрымліваюць вугляводы. Гэта кашы найчасьцей, бульба ў лепшым выпадку. Недахоп расьлінных прадуктаў. Зь бялкамі па нормах больш-менш.

    Трэба разумець, што калі кажуць, што павінна быць столькі грамаў мяса кожнаму зьняволенаму на дзень, то гэта можа быць мяса з касьцямі, а можа быць тлушч, сала, калі размова пра сьвініну, і ня факт, што бялкоў вязень атрымлівае столькі, колькі патрэбна арганізму.

    Алесь Бяляцкі і іншыя зьняволеныя знаходзяцца доўгі час у сьледчым ізалятары, а там умовы зьняволеньня характарызуюцца крытычным недахопам натуральнага асьвятленьня. Пра сонечнае асьвятленьне гаварыць не даводзіцца — яны ходзяць на прагулкі ў дворыкі-«калодзежы», куды сонейка трапляе мала. Вельмі вязьням там бракуе і асьвятленьня, і фізычнага руху, і сьвежага паветра. І ўсё гэта прыводзіць да шмат якіх зьменаў у арганізьме.

    Сапраўды, дыягназ немагчыма ставіць, але я думаю, што ў дадзеным выпадку адыгрываюць ролю пералічаныя вышэй рэчы. І гэта мае вельмі істотнае значэньне для стану зубоў. І гэта агульная праблема вязьняў. Заўсёды так было і, на жаль, застаецца, ніякіх зьменаў не адбываецца, вялікая праблема са стаматалягічнай дапамогай. 

    «За тры месяцы лета ў калёніі зь вітамінаў я зьеў толькі адзін нясьпелы яблык»

    — Алег, як на ваш стан здароўя паўплывала зьняволеньне? На якія хваробы найчасьцей пакутавалі зьняволеныя, зь якімі вы кантактавалі за кратамі?

    Алег Грузьдзіловіч: Расказ Васіля нагадаў мне тыя 9 месяцаў, якія я правёў за кратамі. У сьледчым ізалятары харчаваньне, можа, і не такое дрэннае, бо людзі атрымліваюць падсілкаваньне з волі, прыходзіць і гародніна, і іншыя прадукты, нават і чырвоную рыбу на «Валадарцы» спажывалі. Што тычыцца сьвятла, то істотна і тое, што чалавек не знаходзіцца ў цемры ўначы. Усё гэта разам уплывае на яго псыхічны і фізычны стан. Тое, што Васіль казаў пра зубы, я на сабе адчуў.

    У калёніі іншыя праблемы ўзьнікаюць. Там ёсьць больш-менш сьвятла, сонца, але недахоп і бялковай ежы, і гародніны, і садавіны. За тры месяцы лета я зьеў адзін яблык. І то гэта быў зялёны, недасьпелы яблык, які мне прынёс сябра, які падчас яблычнага спасу хадзіў да турэмнай царквы. Побач з царквой падалі яблыкі, ім дазволілі нешта сабраць, і ён прынёс мне ў якасьці падарунка першы яблык за лета.

    У калёніі ёсьць магчымасьць у «атаварцы» нешта набываць, але звычайна і там ёсьць праблемы — ці ўжо скончыліся дэфіцытныя прадукты, ці іх увогуле не завезьлі. Мой прыклад — чалавек летам не атрымліваў ніякіх вітамінаў, а наперадзе восень і зіма… Калі я трапіў у калёнію, то ў першы дзень атрымаў салёны агурок і салёны памідор. Такія памідоры нам давалі цягам вясны… І больш нічога (зь вітамінаў. — РС).

    За кратамі абвастраюцца ўсе хранічныя хваробы. Так у мяне было. Мне ўжо пасьля вызваленьня зрабілі апэрацыю, хоць і невялікую, але зрабілі. У такім стане, як у мяне, шмат вязьняў знаходзяцца цяпер, і ніякай дапамогі па той хваробе, якую я перанёс, яны не атрымліваюць. А хвароба пагаршаецца, зь першай стадыі пераходзіць у другую, у трэцюю, далей магчымыя і больш небясьпечныя наступствы.

    Людзі за кратамі найперш пакутуюць ад стрэсу, і гэта адбіваецца потым на ўсіх іхных хваробах. Я не зусім згодны з Васілём. Як мне падаецца, палітвязьні псыхалягічна больш падрыхтаваныя і больш матываваныя выжываць і жыць там, бо ва ўсіх ёсьць нейкія пэрспэктывы, маральная, ідэйная база. А ў тых, хто сядзіць за крымінальныя злачынствы, у тым ліку за карупцыю, да чыста фізычных пакут дадаюцца маральныя. Ня ўсе лічаць, што яны справядліва пакараныя. Большасьць мяркуе, што суд пакараў іх незаконна. Плюс сваякі па-рознаму ставяцца да іх, у выніку чалавек вельмі пакутуе маральна, што потым адбіваецца на стане здароўя. Я ведаю шмат выпадкаў, калі людзі пасьля турмы захварэлі на рак і, відаць, гэтая хвароба пачалася ў турме менавіта праз нэрвы.

    — Мы ўсе бачылі, як вы выглядалі па выхадзе з турмы. Колькі кіляграмаў вагі забрала зьняволеньне?

    Алег Грузьдзіловіч: Ня ўзважваўся ў турме, бо там гэта немагчыма. Кіляграмаў дзесяць напэўна страціў. Я ніколі ня быў мажны, таму мінус 10 кіляграмаў былі заўважныя. Чыста фізычна я адчуваў сябе больш-менш нармальна. Я займаўся фізкультурай, амаль дзевяць разоў стаў падцягвацца. Не даваў сабе саступак, трымаў сябе ў форме. Гэта вымагае пэўнага харчаваньня. Калі ты фізычна займаесься, патрэбна адпаведнае харчаваньне, у тым ліку бялковае. Відаць, арганізм кампэнсуе гэта за кошт свайго падскурнага тлушчу.

    «Ня вельмі ахвотна лекары ідуць працаваць у гэтыя спэцыфічныя ўстановы з зразумелых прычын»

    — Васіль, давайце паспрабуем ацаніць стан турэмнай мэдыцыны, які ён быў у часы вашай працы і вашай адседкі, і параўнаць з тым, што адбываецца цяпер, пра што мы можам ведаць з розных крыніц.

    Васіль Завадзкі: У параўнаньні з савецкімі часамі, калі я пачынаў працаваць, сытуацыя зьмянілася ў лепшы бок. Шмат дзе пабудавалі ці рэканструявалі мэдычныя часткі. Усё ж абнавілася апаратура, тая ж стаматалягічная і рэнтгенаўская (замест старых стужкавых апаратаў набылі сучасныя лічбавыя). Прасьцей зьмяніць тэхнічныя, матэрыяльныя ўмовы, але самае складанае — зьмяніць людзей. І тут стаўленьне да вязьняў пакідае жадаць лепшага.

    Заўсёды мы справядліва чакаем ад лекараў, ад мэдработнікаў усё ж іншага стаўленьня да людзей. Я застаюся аптымістам, і мой досьвед паказваў (спадзяюся, што гэта захавалася), што мэдыкі ў большасьці ставяцца да вязьня адпаведна, прычым незалежна ад таго, гэта проста вязень ці палітвязень. Ня трэба патрабаваць ад мэдработнікаў, каб яны падзялялі вязьняў… Ужо знаходзячыся ў Вільні, я атрымліваў вельмі шмат адмоўных прыкладаў. Але казаць, што стала значна горш, я б не рызыкнуў.

    Паводле нашай інфармацыі, існуе вялікі недахоп мэдычных кадраў у месцах пазбаўленьня волі, асабліва што тычыцца лекараў. Шмат у якіх установах вельмі складанае становішча. Так было і раней. Ня вельмі ахвотна лекары ідуць працаваць у гэтыя спэцыфічныя ўстановы з зразумелых прычын. Цяпер, калі ў цывільнай сфэры аховы здароўя вялікая праблема з укамплектаванасьцю лекараў і мэдпэрсаналу, можна сабе ўявіць, што адбываецца ў месцах пазбаўленьня волі. Гэта значна ўскладняе і працу лекараў, і становішча зьняволеных.

    «Апошні дзень у калёніі я правёў у мэдычнай частцы, у той самай, дзе цяпер Аляксандар Фядута»

    — Алег, наколькі цяжка атрымаць мэдычную дапамогу за кратамі? Ці магчыма атрымаць патрэбныя мэдыкамэнты з волі?

    Алег Грузьдзіловіч: Мэдычную сыстэму ў турмах трэба разглядаць як частку агульнай сыстэмы. А гэта найперш падтрыманьне дысцыпліны, парадку і пакорнасьці вязьняў. Пакорнасьць і дысцыпліна там заснаваная на дадатковых пакараньнях. А гэта — зьмяшчаць чалавека пад дадатковы арышт у штрафны ізалятар ці ў памяшканьне камэрнага тыпу (на даўжэйшы час) на загад адміністрацыі. Фармальна гэта павінна быць узгоднена з мэдыкамі, але ў рэальнасьці ніводзін мэдык не пярэчыць рашэньню, якое прынята начальствам.

    Калі мяне ўжо трэці раз хацелі адправіць у ШЫЗА і я пачаў рэальна скардзіцца на стан здароўя, спасылаўся на праблемы, якія ўзьніклі пасьля першых двух знаходжаньняў у ШЫЗА, адзін фэльчар мне сказаў: «Што вы ўпіраецеся, хочаце, ня хочаце — усё роўна, калі вырашылі, вас туды адправяць. Ёсьць хвароба, абвастрылася ці абвострыцца, нікога гэта не цікавіць. Усё роўна вам наканавана туды ісьці». У ШЫЗА было вельмі холадна, я разумеў, што ня вытрымаю пры нулі градусаў уначы. У выніку ўсё ж мяне не адправілі туды.

    Мэдыкі выконваюць свой абавязак, стараюцца. Можа, у параўнаньні з савецкім часам яны больш гуманна абыходзяцца зь вязьнямі. Мэдычнае абсталяваньне лепшае за тое, што было за савецкім часам, але збольшага мэдыкі — гэта такія ж вінцікі пэнітэнцыярнай сыстэмы. Яны ня маюць ніякіх правоў як службоўцы і цалкам падпарадкоўваюцца любому загаду начальства. Няма такога, што мэдык скажа, што даваў клятву Гіпакрата і гэтага чалавека, які на маіх вачах памірае, у карцар не адпраўлю. Ён гэта зробіць. Са мной так было двойчы.

    Калі першы раз адправілі ў ШЫЗА, маладыя вязьні пыталіся: «Стары, а цябе за што?» Яны бачылі мой выгляд, мой узрост і дзівіліся, што такога чалавека можна туды адправіць. Але рука не спынілася. Больш за тое, спачатку мяне адправілі на аналізы, а потым падышоў афіцэр і сказаў, што гэта ўжо не актуальна, не патрэбныя аналізы, і павёў у ШЫЗА.

    На «Валадарцы» і ў Магілёўскім СІЗА адной таблеткай лячылі ўсе хваробы. А ў калёніі прыходзіў фэльчар зь вялікай торбай, у якой было шмат розных лека ў, вязьні станавіліся ў чаргу, і ён кожнаму індывідуальна нешта выдаваў. Але праблема там у тым, што калі чалавек прыяжджае са сваімі, ужо выпісанымі лекамі, ён ня можа імі вольна карыстацца. Лекі ляжаць на складзе, і фэльчар мусіць бегаць туды, шукаць іх і потым выдаваць. У выніку чалавек можа месяц ня мець сваіх лекаў, а за гэты час нешта кардынальнае можа здарыцца са здароўем.

    Сусед, які ляжаў побач са мной, казаў, што ў яго з галавой праблемы, што ён пакутуе. Пры тым, што вязьні ня любяць пра свае хваробы расказваць, гэта не прынята. І раптам мы ідзем у лазьню, гэты чалавек ідзе перада мной і падае на зямлю, траціць прытомнасьць. Аказваецца, у яго праблемы з галавой, нейкая пухліна, і яго паставілі ў чаргу на МРТ мозгу, ужо паўгода чакае і невядома, калі дачакаецца. Гэты вязень рэгулярна траціць прытомнасьць, але ніякай дапамогі яму ня могуць аказаць. Адзінае, што адміністрацыя перавяла яго з трэцяга паверху на першы, каб ён не хадзіў па лесьвіцы, бо можа паваліцца і забіцца.

    Апошні дзень у калёніі я правёў у мэдычнай частцы, у той самай, дзе цяпер Аляксандар Фядута. Я магу ўявіць ягоныя ўражаньні. Дакладна, як сказаў спадар Васіль, там зроблены рамонт, мэдычная частка больш сучасна выглядае, зьявілася новае абсталяваньне. Мяне таксама там дасьледавалі, падключалі розныя драты, чаго на волі нават не бывала. Але там вялікі кантраст паміж тым, якія прыгожыя адрамантаваныя сьцены і як выглядаюць гэтыя бедныя вязьні, якія ходзяць як нейкія прывіды.

    Зь іх шмат хто хворы на рак. У нашай калёніі летам якраз чалавек і памёр ад раку. І зараз гэтыя людзі пакутуюць, а дапамогу ім, можа, ужо і позна аказваць. Там ёсьць людзі амаль у перадсьмяротным стане. Іх звычайна трымаюць да апошняга, а потым, калі застаецца некалькі тыдняў жыцьця, выпускаюць, каб памёр на волі і не псаваў статыстыкі.

    «Я ня бачыў, каб людзі казалі, што ў іх пакліканьне працаваць у турэмнай сыстэме»

    — Спадар Васіль, як вы ацэньваеце турэмную мэдыцыну не як мэдык, а як былы вязень? Што б вы зьмянілі ў ёй? Напрыклад, каб мэдыкі ня мелі пагонаў (вы скончылі працу ў пэнітэнцыярнай сыстэме ў чыне палкоўніка ўнутранай службы)?

    Васіль Завадзкі: Шмат над гэтым разважаў, калі працаваў, і цяпер разважаю. Турэмная сыстэма вымагае сур’ёзнага рэфармаваньня, і мэдычная служба ў ёй таксама. Зразумела, што пэнітэнцыярная ўстанова — не лячэбная ўстанова, але мэдычная частка ў ёй ня ёсьць фармальна мэдычнай установай. Яна не ліцэнзуецца асобна, не зьяўляецца юрыдычнай асобай. Атрымліваецца, што мэдыкі абслугоўваюць вязьняў, але разам з тым, як бы сумна ні гучала, абслугоўваюць і адміністрацыю.

    Рэфармаваньне мэдычнага забесьпячэньня месцаў пазбаўленьня волі павінна адбывацца разам з рэфармаваньнем усёй турэмнай сыстэмы. Гэта не адбудзецца аднамомантна, павінен быць працяглы пэрыяд зьменаў. Я схіляюся да таго, што мэдслужба павінна належаць да цывільнай сыстэмы аховы здароўя. Захаваньне здароўя вязьняў павінна быць мэтай, а не рэформа дзеля рэформы. Калі сёньня абвясьціць, што турэмная мэдыцына будзе адносіцца да Мінздароўя, то хто там будзе працаваць зь лекараў? Тыя, хто ў нечым правініўся ў грамадзкай сыстэме аховы здароўя. Бо складана ўявіць, што нехта добраахвотна пойдзе з паліклінікі працаваць у турэмную мэдычную частку. Павінна быць адпрацаваная сыстэма матывацыі, стымулаў, каб людзі там працавалі і гэта было на карысьць здароўю пацыентаў. Як і мае быць задача любой мэдслужбы.

    — А як вы самі прыйшлі ў турэмную мэдыцыну? Якая была ваша матывацыя?

    Васіль Завадзкі: Я ў 195 годзе скончыў Віцебскі мэдынстытут па спэцыяльнасьці псыхіятрыя. На разьмеркаваньні мне было сказана, што псыхіятрыя ў нас можа быць толькі ў МУС. Я падумаў, што МУС дык МУС, можа быць нават цікавей. Уяўленьне пра турмы я меў, але насамрэч зусім не разумеў, што гэта такое. Пагадзіўся. Пасьля году інтэрнатуры ў полацкай абласной псыхіятрычнай бальніцы я прыступіў да працы ў Горацкай калёніі на пасадзе лекара псыхіятра-нарколяга. Іншыя людзі па-рознаму траплялі. Я ня бачыў, каб людзі казалі, што ў іх пакліканьне працаваць у турэмнай сыстэме.

    — А калі вы самі трапілі за краты, ці зьмянілася ваша стаўленьне да турэмных мэдыкаў? Ці паглядзелі іншымі вачыма на іх працу?

    Васіль Завадзкі: Калі я быў у «Амэрыканцы», у мяне пачаліся праблемы з зубамі, і мяне некалькі разоў вывозілі да стаматоляга ў паліклініку КДБ у Менску на вуліцы Макаёнка. Палячыў стаматоляг зуб, ня ведаю, што рабіў. Калі я вызваліўся і зуб зноў мяне пачаў непакоіць, я прыйшоў да стаматоляга на волі. Ён так узрушыўся раптам, запытаў, хто вам рабіў. Я расказаў. Ён быў гатовы ў стаматалягічным асяродзьдзі абмяркоўваць тое, што мяне лячылі зусім не ў адпаведнасьці са стаматалягічнымі правіламі. І на волі мы не зусім задаволеныя тым, як працуе лекар, так што маё стаўленьне да мэдыкаў не зьмянілася. Я добра ведаў і разумеў, што і як ёсьць у пэнітэнцыярнай сыстэме з мэдыцынай.

    «Летам у нашай „хаце“ на 30 чалавек зьявіўся адзін вязень з кашлем, а праз тыдзень кашлялі ўсе»

    — Свабода ў свой час выпусьціла кнігу былога палітвязьня Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе», у якой былы рэктар гомельскага мэдунівэрсытэту дае практычныя парады па выжываньні ў турме. Алег, ці ведаюць вязьні пра гэтую кнігу, ці варта, каб яе асобнікі былі ў турэмных бібліятэках?

    Алег Грузьдзіловіч: У калёніі адміністрацыя ня ведае пра яе, а вязьні — хто як. Канечне, нешта такое патрэбна. Калі ня кніга, то хаця б нейкая памятка-інструкцыя, зь якой знаёмілі б усіх вязьняў, як трэба берагчы сваё здароўе, як захоўваць гігіену, якія практыкаваньні рабіць — тое, пра што пісаў Юры Бандажэўскі.

    Што да рэформы турэмнай мэдыцыны, хацеў бы дадаць, што гэта трэба рабіць з пункту гледжаньня разьмяшчэньня саміх вязьняў. І гэта ня толькі мэдычныя захады, кадравы склад, абсталяваньне. Трэба прадумаць, у чым слабыя месцы самой калёніі. Напрыклад, летам у нашай «хаце» на 30 чалавек зьявіўся адзін вязень з кашлем, а праз тыдзень кашлялі ўсе, і ў многіх людзей потым былі дрэнныя наступствы для здароўя.

    Як ад гэтага ўратавацца? Трэба прадумваць, каб не было вялізарных памяшканьняў на 30 чалавек. Лекар-інфэкцыяніст, які таксама сядзеў за кратамі, казаў пра катастрафічную сытуацыю з пункту гледжаньня інфэкцыі — скучанасьць людзей, ня ўсе навучаныя кожны раз мыць рукі, мыць тую ж лыжку. Навошта дагэтуль у камэру кожны вязень ходзіць з лыжкай і трымае яе дзе заўгодна?

    «Трэба змагацца за сваё здароўе»

    — Спадар Васіль, якія б вы далі парады як былы турэмны мэдык і былы вязень — як выжыць у турме?

    Васіль Завадзкі: Падтрымліваць пазытыўны стан духу, душы. Трэба змагацца за сваё здароўе. Вязень у турме вельмі абмежаваны ў магчымасьцях, але тым ня менш. Калі адчуваеце, што пагаршаецца стан здароўя, настойвайце па-добраму, бесканфліктна трэба старацца гэта рабіць, зьвяртайцеся да лекараў, да родных і сваякоў, каб яны зьвярталіся да кіраўніцтва, у тым ліку мэдычнага, у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, у ягоныя абласныя падразьдзяленьні. Наша здароўе — гэта ў асноўным наш клопат, і трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб ня страціць здароўе і падтрымліваць яго.

    — Алег, якія былі вашы прынцыпы выжываньня за кратамі?

    Алег Грузьдзіловіч: Да маральнай мабілізацыі я б дадаў параду выкарыстоўваць кожную вольную хвіліну і магчымасьць для таго, каб знаходзіцца на вуліцы, па-за памяшканьнем, каб лавіць сонца, каб дыхаць сьвежым паветрам. Спрабаваць збалянсавана харчавацца, шукаць магчымасьці атрымліваць вітаміны, салодкае, тлушч, мяса (бялкі). І больш фізычных практыкаваньняў. Нават калі ходзіш на працу і траціш свае сілы на гэта, трэба знайсьці магчымасьць фізычна сябе падтрымаць ранішняй і вечаровай зарадкай. Гэта дапамагае трымаць сябе ў тонусе і маральна пратрымацца. І час хутчэй ідзе. Калі час хутка праходзіць, воля бліжэйшая, тады і там трымацца лягчэй, і хваробы будуць адступаць.

    Чытайце яшчэ: 

    Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога пачалі судзіць у «польскай справе»

    «Не варта да смерці гуляць у моцнага чалавека». Крысціна Дробыш — пра агучку дзіцячых кніг, працу на ТБ і антыдэпрэсанты

    Паулюс Лилейкис: «Мои фотографии теперь в учебниках по всей Литве, я горжусь этим до слёз»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці