З радыё «Сталіца» звольніліся дзве траціны работнікаў на чале з дырэктарам
На беларускамоўным радыё «Сталіцы» працавала 18 работнікаў. 12 з іх звольніліся.
«Учора забралі працоўныя кніжкі. На радыё засталіся тыя, хто ў адпачынку ці ў дэкрэце, — расказаў «Нашай Ніве» Алег Міхалевіч, цяпер ужо былы кіраўнік «Сталіцы», — Звальняліся па ўзаемнай згодзе. Застацца не прымушалі і не ўгаворвалі».
Алег Міхалевіч
Прычынай масавага звальнення Міхалевіч называе апошнія падзеі ў краіне.
«Жудасныя падзеі прымусілі нас зрабіць такі выбар. Наша станцыя музычна-інфармацыйная, работнікі проста не маглі ўключаць мікрафон, працаваць і забаўляць людзей, калі ў краіне такое адбываецца. І псіхічна, і маральна вельмі цяжка: жадаць добрага ранку і быць у добрым настроі ў такі час.
Дзяўчаты казалі мне: не зможам і слова сказаць, проста ўключым мікрафон і будзем плакаць.
У маім доме былі суседзі, якія пацярпелі ад сілавікоў. І было цяжка штодня сустракаць чалавека і глядзець яму ў вочы. Бо людзі ж ведаюць, што я працую на дзяржаўным СМІ,
— распавёў Алег Міхалевіч. — Таму на радыёстанцыі мы падрыхтавалі зварот, з якім хацелі звярнуцца да нашых слухачоў. Хацелі пачаць расказваць навіны з двух бакоў, але нам не дазволілі гэта зрабіць. Сказалі: вы дзяржаўнае радыё, патрэбна з аднаго боку расказваць. Дый вы музычная станцыя. Маўляў, для каментараў і палітыкі ёсць іншыя радыёстанцыі».
Міхалевіч кажа, што калектыў прымаў удзел і ў шэсцях у падтрымку пераменаў, работнікі «Сталіцы» падтрымлівалі ля БТ тэлевізійшчыкаў, якія баставалі.
Цяпер жа людзі сышлі ў нікуды, як і 54-гадовы Міхалевіч.
«Пакуль новай працы няма. Хачу крыху прыйсці ў сябе, адпачыць, прывесці ў парадак думкі, бо два тыдні амаль не спаў. А наконт прапаноў: людзі пішуць, падтрымліваюць, абяцаюць дапамагчы з пошукам працы», — кажа Алег Міхалевіч.