З ізалятара — у ізалятар. Блогер Максім Філіповіч атрымаў чарговыя 15 сутак арышту
Суддзя Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Мохараў пакараў 26 снежня мясцовага відэаблогера Максіма Філіповіча 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Блогер прызнаны вінаватым ў дробным хуліганстве (артыкул 17.1 КаАП).
Гэты інцыдэнт адбыўся ўвечары 28 лістапада падчас стрыму з пажару на гомельскім прадпрыемстве “Лінія зносу”. У цемры да Філіповіча наблізіўся незнаёмец і запытаўся, што ён робіць у небяспечнай зоне. Блогер папрасіў прадставіцца чалавека, адказаць, хто ён такі і чаму дапытваецца.
Не пачуўшы адказу, Філіповіч выказаўся даволі рэзка: “Ідзі гуляй, сынок”. І накіраваўся следам за незнаёмцам, агучваючы на яго адрас рэплікі: “Што ты гаўкаеш, падыходзіш?”, “Смелы такі, на камеру гавары”.
Падыходзіў блогер і да службовага легкавіка МНС, спрабуючы высветліць, якое падраздзяленне тушыць пажар: “Шо вы глядзіце, вакно апусці…”.
Відэа наўпроставай трансляцыі было змешчана на YouTube на канале “Гарантий НЕТ Stream”. Услед інтэрнэт-карыстальнікі сталі распаўсюджваць і падпісваць петыцыю, у якой прапаноўвалі прыцягнуць блогера да адказнасці за хамства ў дачыненні да ратавальнікаў.
Як высветлілася пазней, “сынком” у кадры аказаўся намеснік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Новік.
Міліцыя кваліфікавала паводзіны блогера як дробнае хуліганства, удакладніўшы ў адміністрацыйным пратаколе, што ён “абразліва прыставаў да грамадзян”, “правакаваў на канфлікт”, “адцягваў увагу супрацоўнікаў МНС пры тушэнні пажару”.
У сваргу чаргу Філіповіч патлумачыў суду, што не адразу разгледзеў у цемры чалавека ў форме. Блогера таксама абурыла, што супрацоўнік МНС назваў яго “аленем”.
На суд Філіповіча прывезлі з ізалятара часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе ён адбываў 14-суткавы арышт за дробнае хуліганства ў гандлёвай краме.
Усе гэтыя дні Максім, паводле жонкі блогера Юлі, трымаў галадоўку на знак пратэсту за несправядлівае пакаранне.
З суда Савецкага раёна Гомеля Максіма Філіповіча адправілі пад канвоем назад у ізалятар.