З галоўным рэдактарам “Вольнага горада” правялі прафілактычную гутарку ў Крычаўскім РАУС
Супрацоўнікаў міліцыі вельмі цікавіла, каму Сяргей Няроўны даў інтэрв’ю пра тое, што ў яго канфіскавалі камп’ютар. Няўжо крычаўскім міліцыянтам больш няма чым займацца?
Галоўнага рэдактара крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага 4 лютага выклікалі ў Крычаўскі раённы аддзел міліцыі. Журналісту патэлефанаваў маёр Эдуард Краўцоў і запрасіў прыйсці на прафілактычную гутарку да начальніка міліцыі.
Як распавёў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Сяргей Няроўны, у кабінеце начальніка РАУС Андрэя Лазаковіча, акрамя самога начальніка, яго чакалі яшчэ два падпалкоўнікі і два маёра міліцыі.
“На прафілактычную гутарку са мной сабраліся начальнік РАУС падпалкоўнік Лазаковіч, яго намеснікі: падпалкоўнікі Рыбчынскі і Андрэйчыкаў, намеснік па ідэалогіі маёр Балдышэўскі (Болдышевский) і сам маёр Эдуард Краўцоў. Менавіта маёр Краўцоў з Сяргеем Ягоравым праводзілі агляд маёй кватэры 14 студзеня і забралі мой камп’ютар, не пакінуўшы ніякіх дакументаў”, — адзначыў журналіст.
У галоўнага рэдактара крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага правялі агляд і забралі камп’ютар
Паводле слоў Няроўнага, прафілактычная гутарка пачалася з таго, што міліцыянты ў чарговы раз пачалі цікавіцца, ці карыстаецца ён тэлеграм-каналамі і ці рабіў ён здымак групы жыхароў райцэнтра з бел-чырвона-белым сцягам насупраць мясцовага райвыканкама.
“Я ў чарговы раз адказаў, што не карыстаюся тэлеграм-каналамі, і зноў патлумачыў, што не рабіў і не дасылаў ніякіх здымкаў”, — кажа Няроўны.
Пасля гэтага кіраўніцтва Крычаўскага РАУС чамусьці вельмі зацікавілася, каму з журналістаў абласнога партала “Магілёўскі рэгіён” Няроўны даў інфармацыю пра агляд, які правялі ў яго кватэры супрацоўнікі міліцыі.
Высветлілася, што публікацыю з 6tv.by перадрукавалі ў групе “Подслушано Кричев” “ВКонтакте”. Там пад публікацыяй нібыта было размешчана шмат адмоўных каментароў на адрас супрацоўнікаў міліцыі. Пасля нехта размясціў на гэтай старонцы персанальныя дадзеныя міліцыянтаў і старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова.
Журналіст кажа, што абсалютна не зразумеў, якое дачыненне да ўсяго гэтага мае ён і партал “Магілёўскі рэгіён”, які проста перадрукаваў артыкул з “Радыё Свабода”. Няроўны параіў кіраўніцтву РАУС звярнуцца за патрэбнай інфармацыяй да адміністратараў сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”.
Падчас гутаркі высветлілася, што сэрвисная служба “ВКонтакте” адмовілася даваць якую-небудзь інфармацыю крычаўскай міліцыі.
“Усяго “прафілактычная гутарка” цягнулася дзесьці паўтары гадзіны, з 11:00 да 12:30. Мяне папярэдзілі пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Спрабавалі ўзяць нейкія пісьмовыя тлумачэнні, але я іх даваць адмовіўся, бо яны не змаглі патлумачыць, у якім статусе я знаходжуся”, — распавёў рэдактар “Вольнага горада”.
Сяргей Няроўны кажа, што яго камп’ютар пакуль знаходзіцца на экспертызе ў Магілёве. Пасля сканчэння экспертызы журналіста паабяцалі зноў выклікаць у Крычаўскі РАУС.