Юзаф Мацкевіч. Польскі публіцыст, які пісаў пра Беларусь
Гэты чалавек стаў легендай польскай міжваеннай журналістыкі. Гісторыя жыцця і дзейнасці Юзафа Мацкевіча заслугоўвае ўвагі і беларусаў, бо гэты чалавек шмат пісаў пра нашу краіну
Пра Заходнюю Беларусь і не толькі
У 1923 г. пачынаецца новы этап у жыцці Юзафа Мацкевіча. Ён пачынае працу ў віленскім выданні “Слова”. Па сутнасці гэта быў сямейны падрад, бо рэдактарам выдання быў яго старэйшы брат Станіслаў. У сваіх матэрыялах Юзаф рабіў акцэнт на гісторыі і культуры зямель колішняга Вялікага княства літоўскага. У кастрычніку 1928 г. журналіст выехаў на аўтамабілі ў падарожжа па Лідскаму тракту. Мацкевіч быў уражаны кепскім становішчам дарог. У Варапаева ён наведаў графа Канстанціна Пшэздзецкага і паразмаўляў з ім пра развіццё чыгуначнай лініі Падбродзе-Крулёўшчына. Пазней прыехаў на Шаркаўшчыну і быў у захаплені ад тых мясцін.
Публіцыст заўсёды падкрэсліваў, што мясцовая вертыкаль улады павінна ўлічваць, што насельніцтва ўсходніх ваяводстваў складаецца з розных народаў і толькі сыходзячы з гэтага трэба будаваць нацыянальную палітыку.
У 1936 г. Юзаф Мацкевіч наведаў Горадню і апублікаваў у “Слове” цыкл рэпартажаў з гэтага беларускага горада.
Ён падкрэсліваў, што горад на Нёмане быццам бы шыкоўная фрэска, пакрытая грубым слоем паціны. У Браславе публіцыст цікавіўся перспектывай будаўніцтва рачнога порта.
Пазней быў у Пінску і Давыдгарадку. Тут ён звяртаў увагу, што шмат людзей пераходзяць з праваслаўя ў рэлігійныя секты. “Магчыма, гэта містычная рэакцыя беларускіх сялян на бязбожную савецкую мяжу, якая праходзіць побач”, — адзначаў журналіст.
Восенню 1936 года ён пісаў пра знаходку ў Давыдгарадку таямнічых пахаванняў у дубовых трунах. Размова ішла пра парэшткі князя Давыда Ігаравіча і яго сваякоў, якія былі пахаваныя ў ХІІ стагоддзі.
Мацкевіч любіў беларускую прыроду. Ён заўсёды захапляўся заходнебеларускімі краявідамі і заклікаў жыхароў Польшчы не шукаць прывабных мясцін за мяжой, а ехаць на Віленшчыну. Шмат матэрыялаў Мацкевіч прысвяціў Нарачаншчыне. Ён адзначаў, што створаны там санаторый і цэнтр адпачынку можа быць не горшы за вядомыя тады Крыніцу, Гдыню, ці Залешчыкі. “Гэтыя мясціны знаходзяцца не за сям’ю марамі і гарамі, а за Віліяй, у самым сэрцы віленскай зямлі”, — пісаў Юзаф Мацкевіч. Публіцыст неаднаразова падкрэсліваў, што Палессе і Віленшчына патрабуюць значных інвестыцый з Варшавы. У 1938 г. журналіст актыўна выступаў за перапахаванне парэшткаў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага не ў Волчыне, а на кракаўскім Вавелі.
За беларускага селяніна і супраць польскай бюракратыі
Першы шлюб Мацкевіча з настаўніцай Антанінай Капанскай быў неўдалым і распаўся праз некалькі гадоў. У 1939 г. ён ажаніўся з супрацоўніцай “Слова” Барбарай Тапорскай. У 1936 г. журналіст выдаў зборнік навэл “16-га, паміж трэцяй і сёмай”, а ў 1938 г. збор рэпартажаў “Бунт тваняў”, які цалкам быў прысвечаны падзеям на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
У сярэдзіне 1930‑х гадоў публіцыст працягваў свае падарожжы па паўночна-усходніх ваяводствах міжваеннай Польшчы і бачыў цяжкае становічша звычайных мясцовых жыхароў. “Беларускія сяляне не могуць зразумець навошта трэба бяліць дамы. Пры гэтым ніхто ім не тлумачыць, чаму гэта трэба рабіць”, — адзначаў журналіст.
Юзаф Мацкевіч крытыкаваў палітыку асадніцтва на “крэсах”. “Не апошняй прычынай размежавання: я — беларус, а ён — паляк, з’яўляецца асадніцтва. Людзі, якія прыязджаюць сюды, не могуць зразумець адносін і традыцый, якія пануюць на крэсах. Яны не ўлічваюць асаблівасці гэтых зямель”, — пісаў ён.
Калі вясной 1937 года пачаўся голад на Браслаўшчыне, то ўлады своечасова не дапамаглі мясцоваму насельніцтву. Пра гэта, на старонках “Слова” спрабаваў напісаць Юзаф Мацкевіч, аднак артыкул так і не надрукавалі, а з публіцыстам правялі размову.
У Маладзечна публіцыст актыўна выкрываў памылкі польскай бюракратыі. “Гэта тыповае “наша” мястэчка з яго чыноўнікамі, амбіцыямі, канкурэнцыяй, закуліснай палітыкай, пратэкцыянізмам. Тут у 1928 г. павятовым кіраўніком стаў п’яніца, бабнік і картачны шулер, прыезджы Тадэвуш Рыльскі. Калі ў 1934 г. адбываліся новыя выбары, прыехаў у Маладзечна ваяводскі сакратар Безпартыйнага блоку супрацы з урадам Біркенмаер і загадаў адзінагалосна выбраць Рыльскага. Так і зрабілі. Усе скаргі, у тым ліку і да адпаведнага міністра, вярталіся без разгляду”, — пісаў Мацкевіч пра сітуацыю ў памежным горадзе. Журналіст папярэджваў, што толькі памылкі польскіх улад правакуюць распаўсюджванне камуністычных ідэй ва ўсходніх ваяводствах.
У гады Другой Сусветнай
Каб выказаць свой пратэст супраць палітыкі Варшавы на “крэсах”, Юзаф Мацкевіч у 1938 г. перайшоў з каталіцызма на праваслаўе. 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія пачала “вызвольны паход” у Заходнюю Беларусь. Мацкевіч добра ведаў, што можа яго чакаць у СССР, таму ужо на наступны дзень выехаў у Коўна. Аднак у кастрычніку 1939 года Сталін вырашыў аддаць Вільню літоўцам і польскі публіцыст вярнуўся ў родны горад. Больш за тое, ён выдаваў там “Штодзённую газету”, якая мела антысавецкую, “краёвую” накіраванасць. Праўда працягвалася гэта не доўга. Увесну 1940 года літоўскія ўлады забаранілі Мацкевічу публікаваць свае матэрыялы, а хутка Літва ўвайшла ў склад Савецкага Саюза. У гэты час журналіст не афішаваў сваю грамадзянскую пазіцыю і ціха працаваў фурманам.
Пасля нападу Германіі на СССР і акупацыі Вільні нацысты прапанавалі польскаму публіцысту супрацоўніцтва, аднак той адмовіўся. Жыццё ў акупацыі было вельмі цяжкім. Юзаф Мацкевіч знаходзіўся паміж молатам і кавадлам.
У 1943 г. Армія Краёва прысудзіла публіцыста да смяротнага пакарання. За што? Дакладна не вядома. Магчыма польскія “лясныя браты” не даравалі публіцысту яго матэрыялы, якія выйшлі ў нямецкай акупацыйнай прэсе. Але, хутчэй за ўсё, тут згуляў фактар асабістай непрыязнасці. Выканаўцам прысуду павінен быў стаць іншы знакаміты літаратар з Заходняй Беларусі – Сяргей Пясецкі. Аднак “кантрабандыст” адмовіўся забіваць Мацкевіча, а хутка камендант віленскай акругі АК адмяніў жорсткі прысуд.
У траўні 1943 года Юзаф Мацкевіч паехаў у Катынь. Нямецкія акупацыйныя ўлады жадалі прадэманстраваць усяму свету злачынствы сталінскай сістэмы, таму запрашалі на месца растрэлаў замежных журналістаў. Асаблівы акцэнт рабіўся на паляках, якіх Берлін жадаў яшчэ больш моцна натравіць на Савецкі Саюз. Юзаф Мацкевіч дэтальна апісаў тое, што ўбачыў у Катыні. У “Штодзённым ганцы” убачыла свет яго матэрыял пад назвай “Бачыў уласнымі вачыма”. Два тайныя рапарты па гэтай справе публіцыст падрыхтаваў і для АК. У 1944 г. журналіст пераехаў у Варшаву, дзе ён выдаў тры нумары часопісу “Аларм”. У сваіх публікацыях Мацкевіч падкрэсліваў, што перамога СССР прывядзе да чарговай акупацыі Польшчы.
У студзені 1945 года ён выехаў у Рым і там па заданні камандавання 2‑га польскага корпуса падрыхтаваў кнігу “Катынскае злачынства ў свеце дакументаў (была выдаlдзена ў 1948 г.). Уступ да яе напісаў генерал Уладзіслаў Андэрс.
У эміграцыі
У пасляваенны час Мацкевіч актыўна публікаваўся ў парыжскай “Культуры”, лонданскіх “Навінах” і часопісе “Львоў і Вільня”. У 1949 г. у Швейцарыі была апублікавана яго праца “Катынь. Злачынства без суда і пакарання”, а праз два гады англамоўная “The Katyn wood murders”. Мацкевіча выклікалі ў ЗША, дзе ён пакінуў свае сведкавыя паказанні камісіі Кангрэсу па справе катынскага злачынства.
У 1955 г. літаратар пераехаў з Вялікабрытаніі ў ФРГ. Менавіта ў Мюнхене была апублікаваная яго аповесць “Контра” пра данскіх казакоў, якіх у канцы Другой Сусветнай вайны саюзнікі выдалі савецкім уладам. У 1965 г. убачыла свет аповесць Мацкевіча “Лева вольна”, прысвечаная падзеям польска-бальшавіцкай вайны. Пазней публіцыст пісаў для розных выданняў, у тым ліку, для беларускіх і ўкраінскіх (эмігранцкіх).
У 1975 г. факультэт славістыкі Універсітэта ў Канзасе (ЗША) намінаваў Мацкевіча ў якасці кандыдата на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Памёр знакаміты публіцыст у 1985 г. і быў пахаваны ў Лондане.
Сёння ў Беларусі Юзафа Мацкевіча амаль не ўзгадваюць, а шкада. Для яго нашая краіна была зусім не чужой.