• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ёсць жаданне скруціць табе галаву». Баявік ДНР пагражае журналістцы «Белсату»

    Герой матэрыялу «Баявік ДНР заявіў, што яго завербаваў ГУБАЗіК: хацелі адправіць ва Украіну» патэлефанаваў аўтарцы Кацярыне Андрэевай з пагрозамі.

    Гаворка вядзецца пра 36-гадовага жыхара Лагойскага раёну Дзяніса Глазкіна, які ваяваў на баку «ДНР», а цяпер вярнуўся ў Беларусь.

    Журналістка Кацярына Андрэева, сярод іншага, займаецца даследаваннем удзелу беларускіх грамадзянаў у незаконных узброеных фармаваннях на Данбасе, запісала каля дзясятку інтэрв’ю з баевікамі. Дзяніса Глазкіна яна знайшла праз сацсеткі і прапанавала яму распавесці сваю гісторыю.

    «Звычайна я знаходжу гэтых людзей у тэматычных групах «Вконтакте». Прадстаўляюся проста «журналістам з Менску». Самі баевікі рэдка пытаюцца, у якім СМІ я працую», – тлумачыць Кацярына.

    Гэтым разам журналістка звязалася з героем матэрыялу праз мэсенджэр What­sApp. Падчас амаль двухгадзіннай размовы, ён не толькі распавёў, як ваяваў на Данбасе, але і прызнаўся, што па вяртанні ў Беларусь пагадзіўся быць агентам праваахоўных органаў. Да таго ж, ён даслаў журналістцы фота старонкі свайго пашпарту з адзнакамі аб перасячэнні мяжы паміж падкантрольнай баевікам тэрыторыяй Данецкай вобласці і Расеяй.

    Праз 9 дзён пасля публікацыі матэрыялу на belsat.eu, 12 студзеня, Глазкін патэлефанаваў Кацярыне Андрэевай на мабільны і пачаў пагражаць, нецэнзурна лаючыся.

    «Змяняй месца жыхарства! Не ў мяне аднаго ёсць жаданне скруціць табе галаву», – заявіў баявік.

    Паводле яго, выкладзеная ў артыкуле інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. На ўдакладняючае пытанне, чым канкрэтна яго абурыла публікацыя, Глазкін адказаць уцямна не змог.

    Журналістку ён назваў «прадажнай» і паабяцаў, што ў яе «будуць праблемы».

    «Наўпроставую пагрозу ад баевіка я пачула ўпершыню за час працы над тэмай, але, мяркую, да падобных закідаў варта ставіцца спакойна. Хто пагражае – той не зробіць, вядомае правіла. Таксама трэба разумець: баевікі ўсведамляюць, што ўсё ж знаходзяцца пад надглядам, таму ім выгадней падтрымліваць з праваахоўнікамі нармальныя стасункі, застаючыся на свабодзе», – кажа Кацярына.

    Юрыст Алег Агееў (злева) і кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец, фота spring96.org

     

    Юрыст: Дзяржава павінна забяспечыць абарону журналіста

    «Абавязак гарантаваць бяспеку журналісту ляжыць на дзяржаве. Калі журналіст атрымлівае пагрозы і есць верагоднасць, што яны могуць рэалізавацца, ён мае поўнае права паінфармаваць пра гэта праваахоўныя органы, а яны мусяць устаць на яго абарону, бо свабода выказвання меркаванняў абараняецца заканадаўствам.

    Пагроза забойствам падпадае пад склад крымінальнага злачынства», – кажа юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

    Аднак, паводле словаў эксперта, на сённяшні дзень у Беларусі ёсць рызыка, што звярнуўшыся са скаргай у міліцыю, журналіст «Белсату» замест дапамогі сам можа атрымаць пратакол за «незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ» праз адсутнасць акрэдытацыі.

    Што датычыць правілаў асабістай бяспекі журналіста ў такой сітуацыі, юрыст раіць наступнае: асцярожна паводзіць сябе на вуліцы, пры выхадзе або пры ўваходзе ў пад’езд дому, звяртаць увагу на падазроных асобаў, якія могуць перабываць побач, не пакідаць у адкрытых крыніцах інфармацыі пра свае месцазнаходжанне, падтрымліваць сувязь з блізкімі людзьмі і кіраўніцтвам рэдакцыі.

    Ад рэдакцыі

    «Рэдакцыя «Белсату» вельмі занепакоеная сітуацыяй з пагрозамі журналістцы. Безумоўна, калі журналісты займаюцца даследаваннямі, то заўсёды ёсць рызыка атрымання пагрозаў. Але гэта не азначае, што такія пагрозы можна лічыць нечым нармальным ці нават зразумелым. Відавочна, мы падтрымліваем Кацярыну і будзем сачыць за гэтай прыкрай сітуацыяй. Спадзяемся, што ніякія пагрозы не спыняць журналістаў і далей займацца даследаваннямі», – кажа рэдактарка сайту belsat.eu Вольга Ярохіна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці